Ілюстрацыйны здымак. Фота: тэлеграм-канал BELGRANICA

Ілюстрацыйны здымак. Фота: тэлеграм-канал BELGRANICA

Літва

Людзі, якія ў пятніцу ехалі на аўто з Беларусі ў Літву праз пункт пропуску «Беняконі», кажуць, што на праезд праз мяжу ў іх сышло 18 гадзін.

Падарожнікі, якія сталі ў чаргу на выезд у нядзелю каля 10 раніцы, у Літву трапілі толькі ў панядзелак ноччу. Увесь працэс заняў каля 17 гадзін.

Аўтобусы ў «Беняконях» звычайна праходзяць мяжу значна хутчэй: ад 1,5 да 4 гадзін.

Учора днём у «Каменным Лозе» аўтобусы праходзілі праз мяжу за 4-5 гадзін.

Часам, у будныя дні, праскочыць праз беларуска-літоўскую мяжу на аўто можна цягам некалькіх гадзін.

Польшча

Сітуацыя на беларуска-польскай мяжы выглядае больш напружана. Бліжэй да вечара ў чарзе на выезд з Беларусі сабралася больш за 50 аўтобусаў. На піку ў чарзе было 68 аўтобусаў. Раней рэкорднымі лічбамі лічыліся больш за 30-40 аўтобусаў. Пры гэтым, да апошняга закрыцця Літвой яшчэ двух пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю чэргі з аўтобусаў былі даволі рэдкай з'явай і звычайна не набіралася больш за 10 аўтобусаў.

Апошнія два дні ў чарзе на выезд з Беларусі ў Польшчу стабільна знаходзіцца каля 40-60 аўтобусаў.

Праз гэта моцна павялічыўся час праезду праз мяжу. Пасажыры, якія ехалі ў мінулую пятніцу з Мінска ў Варшаву, патрапілі ў Польшчу толькі праз 42 гадзіны пасля прыезду ў пункт пропуску.

З улікам велізарнай чаргі людзям раілі зняць у Брэсце кватэру на суткі, каб не сядзець увесь час у аўтобусе, і вярнуцца на мяжу па меры набліжэння да тэрмінала.

Іншым падарожнікам, якія ехалі ў Польшчу ў суботу, пашанцавала больш. Перавозчык прасоўваў па чарзе іншы аўтобус, які саступіў месца аўтобусу з пасажырамі. Дзякуючы такім маніпуляцыям, праехаць праз мяжу ўдалося за 16 гадзін. 

Для таго, каб не стаяць суткамі ў чарзе, некаторыя шукаюць вольныя месцы ў аўтобусах, якія стаяць бліжэй да мяжы, і там купляюць квіткі. Але пашанцаваць можа не заўжды, да таго ж гэта пасуе толькі берасцейцам.

Чаму значна выраслі чэргі з аўтобусаў?

Гэта тлумачыцца тым, што частка рэйсаў, якія накіроўваліся з Беларусі ў Польшчу праз Літву, цяпер выконваюцца праз Польшчу. Гэтаму паспрыялі як закрыццё яшчэ двух пунктаў пропуску на мяжы з Літвой, так і скарачэнне колькасці дазволаў на перавозку праз тэрыторыю Літвы.

Што тычыцца праезду на аўто ў пункт пропуску «Брэст», то апошнім часам лічыцца, што ў сярэднім на перасячэнне мяжы ў адзін бок сыходзяць плюс-мінус суткі.

Латвійскі кірунак традыцыйна застаецца найменш загружаным, але і там апошнім часам часцяком збіраюцца чэргі, хоць і не такія вялікія, як у Польшчу і Літву.

Па стане на 16 гадзін 25 сакавіка, на выезд з Беларусі ў Латвію сабралася каля 35 легкавікоў.

На літоўскім кірунку сітуацыя выглядае так: 60 легкавікоў чакае выезду ў «Каменным Лозе», і 90 у «Беняконях». 

У «Брэсце» сабралася больш за 260 аўто на выезд з Беларусі. 

Што з грузавікамі?

Працягваюць расці чэргі і на грузавым кірунку. Найбольш загружаныя ПП на мяжы з Літвой. У кожным з іх выезду чакае каля 1150 велікагрузаў. На мяжы з Латвіяй — каля 800, з Польшчай — каля 500. Грузаперавозчыкі ўжо адрэагавалі на ўзросшыя чэргі павелічэннем ставак. Падрабязней пра гэта можна прачытаць па спасылцы.

Чытайце таксама:

«Суправодзяць да пашпартнага кантролю». Колькі каштуе месца ў чарзе на мяжы з Польшчай

«Фатаграфавалі экран, калі лазілі па сацсетках». Пасажыр расказаў, як праходзіла праверка на беларуска-польскай мяжы

Клас
13
Панылы сорам
7
Ха-ха
7
Ого
2
Сумна
10
Абуральна
28