Кампанія Dasmotors, якая займаецца продажам аўтамабіляў з Еўропы з дастаўкай у Беларусь, размясціла ў сваіх сацсетках паведамленне, што Польшча з 23 сакавіка не прапускае праз беларускую мяжу аўтамабілі абʼёмам рухавіка больш за 1,9 літра, а таксама тыя, якія каштуюць больш за 50 тысяч еўра (незалежна ад абʼёму рухавіка). Як сцвярджае фірма, гэтае абмежаванне тычыцца аўто, якія рухаюцца ў ЕАЭС. 

«Пры спробе вывазу такіх аўтамабіляў неабходна падаць даведку вытворцы тавара (даведка з завода) аб тым, што завод не мае прэтэнзій да вывазу такога аўтамабіля на тэрыторыю ЕАЭС, — паведамляе Dasmotors. — Любыя спробы прадаставіць падробленыя даведкі будуць спынены на месцы выклікам паліцыі, з усіх, хто падасць такія даведкі, будуць браць распіску пра папярэджанне аб крымінальнай адказнасці, даведка будзе адпраўлена ў паліцыю для праверкі сапраўднасці, і толькі тады, калі сапраўднасць пацвердзіцца, прапусцяць праз мяжу». 

У кампаніі мяркуюць, што «відавочна, што такія даведкі прадастаўляцца не будуць, бо адзінкавыя пастаўкі для фізічных асоб не маюць ніякай сувязі з заводамі-вытворцамі». 

«Проста на мяжы калапс, увесь «Цярэспаль» забіты машынамі», — паведамляе Dasmotors. 

Аб уведзеных абмежаваннях таксама паведамляе bolshoi_autoblog. «Польшча не дае экспартныя дэкларацыі. Польшча не прапускае машыны з нямецкімі ды іншымі дэкларацыямі. Усе машыны на транзітных нумарах паварочваюць. У Цярэспалі забітыя ўсе стаянкі, перагоншчыкі браніруюць гатэлі і чакаюць, што будзе далей», — адзначае bolshoi_autoblog і дадае, што гэтыя абмежаванні, паводле неправеранай інфармацыі, могуць дзейнічаць да 1 красавіка. 

У дзяжурнай службе Брэсцкай мытні паведамілі, што «ёсць такая інфармацыя» аб увядзенні падобнай забароны з боку Польшчы, але афіцыйных апавяшчэнняў на гэты конт не паступала. Мытнікі рэкамендавалі даведацца інфармацыю ў пасольстве Польшчы ў нашай краіне. 

У пасольстве Польшчы ў Мінску таксама не змаглі пракаментаваць гэта пытанне і рэкамендавалі звярнуцца ў пагранслужбу гэтай краіны, аднак аператыўны адказ па тэме журналісту не ўдалося атрымаць. 

Па даных расследавальнікаў праекта «Бюро», Польшча ўваходзіць у топ-3 краін ЕС, з якіх у нашу краіну больш за ўсё трапляе аўто. Так, на фоне вайны пастаўкі машын з ЕС у Беларусь падскочылі ў чатыры разы — амаль да 1,5 млрд еўра, а сёлета ўжо перавысілі 1,7 млрд еўра, адзначаюць расследавальнікі са спасылкай на дадзеныя Еўрастата. 

Больш за ўсё аўтамабіляў у нашу краіну прадаюць Нямеччына, Літва і Польшча. Толькі за дзевяць месяцаў мінулага гады з трох краін у Беларусь вывезлі амаль 60 тысяч машын. 

На фоне вайны Беларусь стала перавалачнай базай для паставак люксавых аўтамабіляў на дзясяткі мільёнаў долараў у Расію, нягледзячы на ​​байкот і санкцыі, перакананы расследавальнікі.

@nashaniva Польскія мытнікі знайшлі арыгінальны спосаб адлову перагоншчыкаў, якія возяць машыны ў Расію пад выглядам транзіту ў Сярэднюю Азію #беларусь #нашаніва #навіныбеларусі #беларусьновости #новостибеларуси #авто #белорусы #беларускаямова #перекуп #мова ♬ Paris - 3Hzwave

Чытайце таксама:

Падатковая апублікавала поўны спіс аўто, за якія прыйдзецца плаціць падаткі ў дзесяціразовым памеры

«Якія, бл…дзь, шэрыя схемы?!» Як беларусы ганяюць у Расію люксавыя еўрапейскія аўто ў абыход санкцый

Стала вядома, колькі беларусаў закране новы падатак на звышдаходы і за якія аўто давядзецца плаціць больш

Клас
43
Панылы сорам
3
Ха-ха
8
Ого
4
Сумна
3
Абуральна
5