Аляксей Голікаў

Голікаў — 41-гадовы блогер з Брэста, які прабіўся ў інфапрастору дзякуючы падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.

Аляксей Голікаў. Фота: скрын з відэа

Аляксей Голікаў. Фота: скрын з відэа

Пэўны час мужчына быў частым госцем на дзяржаўным тэлебачанні. Паралельна Голікаў працягваў кар'еру блогера.

Часам размовы заходзілі ў нечаканы кірунак. Калі ў чэрвені 2022 года Голікаў рабіў інтэрв'ю з галоўнай рэдактаркай барысаўскай раёнкі «Адзінства» Кацярынай Вараб'ёвай, яны прыйшлі да крамольных высноваў і канстатацый пратэснасці гарадоў, разваленасці інфрастуктуры, адсутнасці грошай і бесперспектыўнасці. Праз пару месяцаў Вераб'ёва звольнілася.

Па даносе Голікава напрыканцы 2022 года кашмарылі супрацоўнікаў аўтапарка ў Брэсце.

«На кіраўнічых пасадах аўтапарка сядзяць актыўныя прадстаўнікі экстрэмісцкай бел-чырвона-белай ідэалогіі», — сцвярджаў блогер. 

Але праз пэўны час на відэа пачаў з'яўляцца іншы мужчына. Пазней блогер растлумачыў, што праект «Голікаў, як ёсць» трансфармаваны ў «Сідарэнка аб Беларусі», а сам Аляксей Голікаў са снежня 2022 года знаходзіцца ў творчым адпачынку і на вучобе.

Фота: скрыншот канала

Фота: скрыншот канала

Замест яго каналам стаў кіраваць кіроўца аўтобуснага парка Брэста, як сам сябе прадстаўляў новы вядучы канала.

Пачынаючы з кастрычніка 2023 года, у тыктоку Голікава вострасацыяльны кантэнт змяніўся рэкламай паслуг для ляжачых пацыентаў.

Профіль ператварыўся ў камерцыйны з указаннем даных ІП, нумарам тэлефона і спасылкай на сайт.

Фота: скрыншот

Фота: скрыншот

Такі самы лёс напаткаў і ютуб-канал «Канал пра жыццё ў Беларусі. Аляксей Голікаў». На канале засталося болей за 20 тысяч падпісчыкаў, але ўсе даступныя відэа прысвечаны рэкламе паслуг.

Цімур Прахін з вусамі і без

Цімуру Прахіну — 39, ён бацька двух дзяцей у разводзе. У 2020-м ён узначальваў шэсці за Лукашэнку. Малады чалавек вылучаўся з натоўпу перш за ўсё дзякуючы вусам.

Цімур на праўладным шэсці ў 2020-м. Фота: «Наша Ніва»

Цімур на праўладным шэсці ў 2020-м. Фота: «Наша Ніва»

Прахін спрабаваў займацца музыкай. Пасля 2020-га ён спяваў на праўладных канцэртах. Называе сябе выканаўцам «сучаснай патрыятычна-маральнай песні».

Прахін таксама кіраўнік рэспубліканскага праекта «У рэжыме праўды». Сутнасць праекта ў тым, што прапагандысты ездзяць па розных прадпрыемствах і расказваюць пра сваё бачанне палітыкі і інфармацыйнага поля.

Імідж Прахін, дарэчы, змяніў. Вусы згаліў, зрабіў кароткую стрыжку і меліраванне.

Так Прахін выглядае цяпер. Фота: «Гомельская праўда»

Так Прахін выглядае цяпер. Фота: «Гомельская праўда»

Сцюша Тайм

Хоць Сцюша (сапраўднае імя Настасся Савіцкая) пачала займацца блогінгам яшчэ да 2020 года, заўважылі яе дзякуючы праявам «патрыятызму».

Фота: скрыншот з відэа на ютуб-канале «Телерадиокомпания Гомель»

Фота: скрыншот з відэа на ютуб-канале «Телерадиокомпания Гомель»

Як казала сама дзяўчына, у жніўні 2020-га яна не змагла змаўчаць, хоць да гэтага займалася забаўляльным кантэнтам.

«У мяне маці і бацька педагогі, былі ў выбарчай камісіі. Пачаўся жахлівы хейт, пагрозы. Тады сказала бацькам: «Не хвалюйцеся, я профі, год у інтэрнэце», — і пачала запісваць ролікі», — распавядала блогерка ў адным з інтэрв'ю.

Дзяржпрапаганда яе заўважыла. Так са студзеня 2021 года пачалася яе тэлевізійная кар'ера на СТБ. Паралельна з працай на тэлеканале яна працягвала актыўнічаць у сацсетак, удзельнічаць у праўладных мерапрыемствах і аўтапрабегах. Настасся выкладала фоты з Наталляй Эйсмант і відэа абдымкаў з Лукашэнкам.

На чацвёрты дзень пасля пачатку вайны Сцюша апублікавала відэа, дзе пазіруе з расійскім сцягам пад трэк Алега Газманава «Вперёд, Россия» (цяпер яно недаступна).

З часам месца для «патрыятычнага» кантэнту ў стужках Сцюшы Тайм амаль не засталося. Вясною мінулага года завяршылася і тэлевізійная кар'ера дзяўчыны.

Настасся сышла ў бізнэс. У шапцы профіля ў інстаграме яна называе сябе экспертам па прасоўванні бізнэсу і асабістага брэнду, падкрэслівае 5 гадоў досведу працы ў блогасферы і СМІ.

Фота: скрыншоты інстаграма блогеркі

Фота: скрыншоты інстаграма блогеркі

Апошні раз ІП Савіцкая А.Н праводзіла нэтворкінг 17 лютага. Цана удзелу ў двухгадзінным анлайн-семінары складала 40 рублёў. За 55 рублёў удзельніка ў дадатак запрашалі ў закрыты чат у тэлеграме.

Антоха Красава

Гродзенскі блогер Антон Шабашоў спачатку адмаўляў небяспечнасць каранавіруса, а калі пачалася электаральная кампанія, пачаў выказвацца ў падтрымку Лукашэнкі. 

Антон Шабашоў у майцы з надпісам «Губазік. Лёгкі ператрус». Фота: інстаграм блогера

Антон Шабашоў у майцы з надпісам «Губазік. Лёгкі ператрус». Фота: інстаграм блогера

Далей па класіцы: праўладныя мерапрыемствы, аўтапрабегі, інтэрв'ю дзяржаўным СМІ.

У адным з іх Шабашоў апісваў свой шлях у заўзятыя прыхільнікі Лукашэнкі.

«Калі Сяргей Ціханоўскі стаў актыўна калясіць па краіне, здымаючы відэасюжэты з відавочна негатыўным пасылам (як, маўляў, дрэнна жывецца людзям у глыбінцы), я зразумеў, што гэта самая сапраўдная інфармацыйная вайна супраць нашай дзяржавы. Мяне гэта шчыра закранула, стала па-чалавечы крыўдна за сваю краіну: як так, чаму хтосьці смее чарніць маю радзіму? І мне захацелася адказаць». 

Фота: скрыншоты інстаграма Шабашова 

Фота: скрыншоты інстаграма Шабашова 

35-гадовы ўраджэнец Гродна настальгуе па СССР, актыўна падтрымлівае расійскае ўварванне ва Украіну.

Летам 2022 года ездзіў у акупаваны Луганск. На фота адтуль ён разам з Вадзімам Гігіным і Сяргеем Лушчом.

Шабашоў падчас паездкі ў Луганск. Фота: інстаграм блогера

Шабашоў падчас паездкі ў Луганск. Фота: інстаграм блогера

У адрозненне ад Сцюшы Тайм Антон працягвае актыўную блогерскую дзейнасць праўладнай накіраванасці.

«Дзяўчына ў гарошак» Юлія Хоміч

Блогерскі шлях дзяўчыны пачаўся з фота ў інстаграме, якое яна суправадзіла хэштэгам #ЗаБеларусь.

«На мяне адразу ж пасыпаліся гнеўныя каментарыі. А я не разумела, за што ўвесь гэты хейт», — казала Хоміч у адным з інтэрв'ю.

Мітынг за Лукашэнку 16 жніўня 2020 года. «За-баць-ку!» — скандзіравала на ім Хоміч. Скрын відэа «Наша Ніва»

Мітынг за Лукашэнку 16 жніўня 2020 года. «За-баць-ку!» — скандзіравала на ім Хоміч. Скрын відэа «Наша Ніва»

37-гадовая Юлія родам з Талачына, раней працавала рыэлтарам, а пасля сышла ў дэкрэт. Жыве з мужам у прыватным доме ў Лагойску.

Па словах блогеркі, абстаноўка, якая склалася ў тыя дні, вельмі ціснула на яе. Даведаўшыся пра праўладны мітынг, Хоміч разам з мужам вырашылі ехаць у Мінск. Хоць, як яна сама прызнавалася, у іх былі засцярогі, што «сапраўдных патрыётаў» збярэцца няшмат.

Першую порцыю папулярнасці яна атрымала на тым самым мітынгу, які ўлады правялі 16 жніўня 2020 года. На ім дзяўчына эмацыйна, са слязамі на вачах распавядала журналістам пра тое, чаму падтрымлівае рэжым Лукашэнкі.

Пасля скардзілася, што ў салоне ёй адмовіліся рабіць манікюр праз яе палітычныя погляды. Абуралася, што «гэта сапраўдны фашызм».

У 2021-м пасля хакейнага матча яна выбегла на лёд, каб пацалаваць Лукашэнку.

Фота: сацсеткі Юліі Хоміч

Фота: сацсеткі Юліі Хоміч

Блогерку запрасілі працаваць на БТ. Апошні выпуск праграмы з Юліяй Хоміч у ролі вядучай выйшаў у сакавіку 2023 года. Пасля дзяўчына фактычна знікла з публічнай прасторы.

Узімку Хоміч выклала відэа ў тыктоку з хэштэгам #тройчымама, на якім шпацыруе з дзіцячым вазком.

Апошні раз палітычны кантэнт у стужцы Хоміч з'яўляўся летам 2023 года. Відэа былі прысвечаныя падтрымцы агрэсіі Расіі супраць Украіны.

Чытайце таксама:

Лукашэнкаўскі блогер пазваніў Ціханоўскай і запрасіў на экскурсію ў турму. Тая дасціпна адказала

Клас
9
Панылы сорам
64
Ха-ха
4
Ого
3
Сумна
9
Абуральна
40