Ілюстрацыйнае фота: «Медыя-Палессе»
Дзяржпрадпрыемствы Гомельскай вобласці атрымалі новыя інструкцыі аб парадку звальнення і пераводу супрацоўнікаў. Цяпер супрацоўнікаў дзяржарганізацый, якія працуюць на найбольш запатрабаваных пасадах, нельга звольніць або перавесці без дазволу выканкама.
Старшыні райвыканкамаў павінны ўзгадняць усе датэрміновыя скасаванні кантрактаў са службоўцамі ў дзяржарганізацыях. Гэта тычыцца, напрыклад, кіруючых пасад у сельгаспрадпрыемствах, установах аховы здароўя і адукацыі, камунальных, будаўнічых, транспартных і іншых прадпрыемствах, паведамляе «Флагшток».
Таксама без дазволу райвыканкама цяпер не атрымаецца звольніць па артыкуле маладога спецыяліста. Працаваць сістэма будзе так: кіраўнікі дзяржарганізацый перад тым, як звольніць супрацоўніка, павінны будуць пасылаць запыт у выканкам. Пры гэтым яны павінны загадзя падабраць кандыдатуру на замену звольненаму супрацоўніку і перадаць яе на ўзгадненне.
У выканкамах устанавілі спецыяльны штотыднёвы кадравы дзень. Рашэнні па ўзгадненні звальнення чыноўнікі павінны будуць прымаць камісійна з абавязковым удзелам намесніка старшыні, які курыруе галіну.
У ліпені 2023 года Лукашэнка заявіў, што мае намер забараніць звальняць кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў без дазволу выканкамаў. Акрамя таго, ён пагражаў забаронай на звальненні даярак і механізатараў.