Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Цяпер усе па-сапраўднаму?

Апошні, 13-ты пакет санкцый пачаў дзейнічаць у другую гадавіну пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Яго называюць калі не самым, то адным з самых шырокіх.

У дадатак да новых абмежаванняў, праз месяц пасля іх з'яўлення Польшча пачала больш пільна сачыць за выкананнем санкцый. Праз гэта ўзніклі складанасці з увозам не толькі аўтамабіляў з аб'ёмам рухавіка больш за 1,9 літра і коштам больш за 50 тысяч еўра, але і шэрагу іншых тавараў. 

«У пастанове, якую польскі Мінфін разаслаў у мытныя органы, пералічваліся дзве першыя лічбы адразу трох мытных кодаў, таму пералік тавараў, якія польская мытня адмовілася выпускаць з канца сакавіка, быў даволі шырокі», — тлумачыць польскі экспарцёр.

З яго слоў, у першы тыдзень пасля з'яўлення гэтай пастановы экспарт шэрагу тавараў у Беларусь быў фактычна спынены.

«У мытні не было ніякіх тлумачэнняў ад Мінфіну, таму яны адмаўляліся афармляць экспартныя дакументы і выпускаць па ўжо аформленых тыя грузы, мытныя коды якіх пачыналіся на 84, 85, 87. Пералік такіх тавараў быў даволі шырокі — немагчыма было вывезці нават фены для валасоў або пыласосы», — тлумачыць суразмоўца.

Цяпер, па словах бізнэсмена, польская мытня пры афармленні тавараў аналізуе поўны код тавара. Калі ён не пад санкцыямі ў Расіі, то афармленне адбываецца без дадатковых пытанняў.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Калі тавар забаронены для паставак у Расію, а ў Беларусь — не, то для яго вывазу трэба падрыхтаваць дадатковыя дакументы. У дачыненні да такіх тавараў патрабуюць паказаць гарантыйныя лісты ад вытворцы, ад сябе (ад экспарцёра. — НН), і ад пакупніка. Кожны мусіць пазначыць, што прадукцыя прызначана для беларускага рынку», — тлумачыць бізнэсмен.

Па ягоных словах, калі канчатковы пакупнік сапраўды беларуская, а не расійская кампанія, то выканаць такія патрабаванні магчыма, хоць і даволі складана.

Многія брэнды афіцыйна сышлі, а фактычна — не

Іншы суразмоўца, які працуе ў кампаніі, якая сярод іншага імпартуе ў Беларусь аўтамабільныя запчасткі, кажа, што да выхаду апошняга пакету санкцый абыходзіць усе абмежаванні было вельмі проста.

«Брэнды, якія афіцыйна сышлі з Беларусі, працягвалі пастаўляцца толькі праз фірмы-пракладкі. У некаторых выпадках, каб пазбегнуць трапляння пад санкцыі, пастаўшчыкі проста падмянялі мытныя коды на тыя, якія не закранаюць абмежаванні.

Выглядае, што да выхаду 13-га пакета санкцый за іх выкананнем у ЕС глядзелі скрозь пальцы. Толькі з канца лютага — пачатку сакавіка кантроль за абыходам санкцый пастрожылі. Абыходзіць абмежаванні стала складана, часам нават немагчыма», — кажа прадстаўнік кампаніі-імпарцёра.

Суразмоўца кажа, што фуры з санкцыёнкай ехалі з двума пакетамі дакументаў. Адзін прызначаўся для еўрапейскай мытні, а другі — для беларускай.

«Цяпер гэтая схема амаль не працуе, бо нават падчас праверкі на еўрапейскім баку мытнікі могуць пільна абшукаць кабіну грузавіка. Калі знойдуць другі камплект дакументаў, то гэта ўжо крыміналка».

Еўропа выпускала грузы, нават калі маршрут дастаўкі выглядаў нелагічным

Яшчэ адзін суразмоўца, які працуе ў сферы лагістыкі, таксама пацвярджае інфармацыю пра тое, што да нядаўняга часу абыходзіць абмежаванні было даволі проста.

«Еўропа выпускала грузы нават у тых выпадках, калі маршрут дастаўкі выглядаў максімальна нелагічным. Па дакументах груз з Польшчы мог накіроўвацца фурай, напрыклад, у Ганконг, а аўтавозы з новымі аўто ехалі праз Эстонію ў Казахстан. Цяпер такія схемы не працуюць», — кажа лагіст.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ці азначае гэта, што Расія застанецца без санкцыёнкі?

У Расіі застаюцца опцыі атрымліваць санкцыённыя тавары праз такія краіны, як Турцыя і ААЭ. Такі шлях больш складаны і дарагі, таму ад часткі пазіцый расійскі рынак будзе вымушаны адмовіцца. Астатнія проста вырастуць у цане праз ускладненыя схемы і лагістыку.

Для яшчэ больш жорсткага кантролю за выкананнем санкцый патрэбна не толькі жаданне дзяржаўных органаў, але і бізнэсу.

Як растлумачыў «Нашай Ніве» супрацоўнік буйной еўрапейскай кампаніі, якая сышла з Расіі, бізнэс часта выдатна разумее, што іх прадукцыя трапляе на расійскі рынак. 

«Гэта не вельмі складана адсачыць, бо па лічбах добра бачна, як значная частка тых аб'ёмаў продажу, якія да вайны прыходзіліся на Расію, размеркаваліся на краіны Цэнтральнай Азіі і Турцыю».

Суразмоўца ўпэўнены, што буйныя карпарацыі свядома не змагаюцца з гэтымі з'явамі, бо не хочуць губляць расійскі рынак. Па яго словах, рост продажаў у краіны, якія дапамагаюць Расіі абыходзіць санкцыі, і без таго не на 100 адсоткаў перакрывае страты ад афіцыйнага сыходу з Расіі.

«Перапродаж тавараў праз фірмы-пракладкі, як і складанасці з лагістыкай, адбіваюцца на цане тавару. Таму некаторыя пазіцыі сапраўды замянілі кітайскімі або іншымі аналагамі, а попыт на іншыя праз больш высокі кошт меншае», — тлумачыць суразмоўца.

Спецыяліст лічыць, што новыя абмежаванні ў нейкай ступені сапраўды ўскладняць жыццё Расіі, бо частка старых схем больш не працуе, а на наладжванне новых спатрэбіцца пэўны час.

Чытайце таксама:

Польшча перастала выпускаць у Беларусь люксавыя аўто па просьбе Латушкі?

Перагоншчыкі люксавых аўто знайшлі новы маршрут, каб дастаўляць санкцыёнку ў Расію ў абыход Беларусі

Клас
18
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
5
Сумна
6
Абуральна
15

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?