Сустаршыня Саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Віктар Маргелаў адзначыў, што прычынай недахопу прадаўцоў з'яўляецца змяншэнне колькасці насельніцтва. Таксама ўплыў аказвае ўзровень заробкаў. Асабліва ў сельскай мясцовасці, якая адстае ад буйных гарадоў. Да таго ж насельніцтва ў пошуках лепшых заробкаў едзе працаваць ці ў Расію, ці ў Еўропу.

У каментарах пад адным з ролікаў у тыктоку з гэтай навіной людзі, якія раней працавалі прадаўцамі, абмяркоўваюць сітуацыю.

«Цяпер прадавец працуе і за касіра, і за грузчыка, і за прыбіральшчыцу, а заробак як у простага прадаўца», — піша адна з карыстальніц. Другая дадае: «Яшчэ і ахоўнік».

Іншы карыстальнік адзначае, што прычына недахопу прадаўцоў — непаважлівыя адносіны да іх як з боку пакупнікоў, так і з боку кіраўніцтва. Пры вялікай нагрузцы — нізкі заробак.

«Нізкі заробак, вялізная нагрузка, патрабаванні як да «касманаўта», адносіны як да прыслугі з боку кіраўніцтва і кліентаў, графік нязручны, усю змену на нагах», — дадае яшчэ адна жанчына.

«Прадаўцы працуюць па 14 гадзін у буйных магазінах за заробак у 800 рублёў. Праверкі і ад сваіх, і ад дзяржаўных устаноў. А аб пакупніку ўвогуле можна сказаць… поўная непавага», — дзеліцца іншая.

«Там, дзе я працавала да пенсіі, на 4 аддзелы 1-2 прадаўцы + выкладка на залі + тэрміны. І праверкі, чэк-ліст, таварыства, тайнік, санстанцыя і г.д. І заробак 1000 р.», — даведваемся яшчэ з аднаго каментара.

«У мяне ў магазіне на 3 прадаўцы: 1 дырэктар, 1 адміністратар, 1 бухгалтар. Адгадайце, у каго заробак ад 1,5 да 3 тысяч, а ў каго 700 рублёў?» — дадае фарбаў яшчэ адна жанчына.

«Праца цяжкая, нагрузка вялікая. Моладзь церпіць, але звальняецца з-за нізкага заробку. Цяжка працаваць у сеткавых магазінах два праз два па 12 гадзін», — дзеліцца назіраннямі яшчэ адзін карыстальнік.

З ім спрачаецца іншы: «Два праз два? Пяць праз дзень, шэсць праз адзін па 15 гадзін».

«Сеткі прадаўцоў увогуле за людзей не лічаць», — дадае яшчэ адзін карыстальнік. Яго дапаўняе іншая жанчына: «Так яшчэ і падманваюць. Сяброўка ўладкавалася ў «еўрык» («Еўраопт». — НН) Гаварылі, што будзе 800, а ў выніку 600 з авансам».

Адна з жанчын не стрымала эмоцый: «Няхай плацяць нармальна!!! А не капейкі кідаюць!!! І за недастачу ў магазіне няхай страхоўка пакрывае! А то прывыклі, што з нас можна займець усе выдаткі і сабе ў кішэню пакласці!!!»

«А можа, праблема ў іншым, што людзі працуюць па 15 гадзін, недахоп перакрываюць сваімі выходнымі, а па законе ім двайную аплату ніхто не плаціць. Па выніку за дадатковую змену ты атрымліваеш меней, чым за працоўную», — піша яшчэ адна жанчына.

«Працую загадчыцай аддзела. Прымаю машыны, закрываю накладныя, у касе, і стаўлю малако, адразу мыю і падлогу, здымаю касы, закрываю магазін. Графік 7-23. Не работа, а казка. Проста балдзею. Імкнуся без выходных. Агонь», — іранізуе іншая.

Адзін з карыстальнікаў прапануе: «Спадар Маргелаў, можа, раскажа праблему пра 15-гадзінны працоўны дзень на нагах, як тонамі цягаць тавар, за ўсё плаціць, што згніло і пайшло ў пратэрміноўку. Ну і людзі, якім дазволена ўсё».

Чытайце яшчэ:

Бізнэс-саюз заявіў пра крытычны недахоп у Беларусі прадаўцоў 

«Куры цяжкія, крыламі адбіваюць рукі». Як працуюць лаўцы кур з заробкам ад 2000 рублёў

Дзяўчына страціла працу пасля таго, як папрасіла ў кіраўніка даведку аб даходах

Блогер параўнаў французскую парфуму ад Dior за 550 рублёў з беларускім аналагам за 30. Ці знайшоў розніцу

Клас
20
Панылы сорам
6
Ха-ха
5
Ого
5
Сумна
22
Абуральна
19