Паводле крыніцы «Свабоды», цяпер супрацоўнікі КДБ праяўляюць цікавасць да дзейнасці натарыяльных кантор, якія займаюцца афармленнем угод з нерухомасцю. 

«Правяралі ўсіх, праводзілі гутаркі, як цяпер афармляць угоды з нерухомасцю. Заявілі, што трэба, перш чым аформіць здзелку, праверыць, ці ёсць чалавек у спісах тэрарыстаў ці экстрэмістаў. Калі так, то «паведаміць у органы«. Аднаго натарыуса затрымалі. Не ведаю, ці яна аформіла ўгоду «не таму, каму трэба», ці знайшлі «кампрамат» у тэлефоне», — патлумачыла крыніца. 

Паводле суразмоўцы, цяжкасці з афармленнем узнікаюць не толькі таму, што не працуюць даверанасці, аформленыя за мяжой. Яшчэ адна прычына ў тым, што многія адміністрацыйныя працэдуры пры продажы нерухомасці змянілі. 

«Нам патлумачылі, што пасля натарыяльнай здзелкі кватэру трэба аформіць у БТІ (раней — Бюро тэхнічнай інвэнтарызацыі, цяпер — Агенцтва дзяржаўнай рэгістрацыі і кадастру. — РС), прычым прадаўцу і пакупніку трэба зʼявіцца ў БТІ асабіста. Інакш нерухомасць не зарэгіструеш», — кажа крыніца. 

Суразмоўца прагназуе, што неўзабаве ў Беларусі зʼявіцца шмат так званай безгаспадарнай спадчыны. То бок нерухомасці, якую ніхто не прыняў у спадчыну пасля смерці ўласніка. 

«І ўся гэтая безгаспадарная спадчына адыдзе дзяржаве», — кажа крыніца. 

Суразмоўца лічыць, што змены вядуць да таго, каб «адціскаць кватэры ў тых, хто выехаў за мяжу». 

Іншая крыніца расказала пра затрыманне натарыуса ў адным з райцэнтраў (дадзеныя ёсць у рэдакцыі. — РС). 

«Яна «спалілася« на тым, што выпісвала даверанасці людзям без асабістай прысутнасці. Тым, хто быў за мяжой. Таму пачалі праверкі ўсіх натарыусаў», — зазначыла крыніца. 

Ускладнілі адміністрацыйныя працэдуры

Як патлумачыў «Свабодзе» яшчэ адзін суразмоўца, зараз па генеральнай даверанасці, аформленай у Беларусі, пакуль можна прадаць нерухомасць ці атрымаць даведку на чалавека, які за мяжой. 

«Але ёсць іншыя складанасці, і яны пакуль непераадольныя. Напрыклад, я рабіла для чалавека, які за мяжой, па даверанасці даведку аб несудзімасці. На яе трэба было паставіць апастыль. Але праз змены ў адміністрацыйных працэдурах заплаціць за апастыль можа толькі той чалавек, які мне даваў даверанасць. Вось і ўсё», — патлумачыла крыніца. 

Яна дадала, што для натарыусаў нядаўна праводзілі адмысловую вучобу, каму і як прадаваць кватэры ў сучасных умовах. 

«Бо, думаю, людзі знаходзілі нейкія «дзіркі», каб усё-такі прадаць кватэру ў Беларусі. Цяпер жа сказалі строга — толькі асабістая прысутнасць, калі не — вылеціш з працы, як мінімум», — дадала крыніца. 

На яе думку, рыхтуецца забарона на продаж нерухомасці ў Беларусі без прысутнасці ўласніка. 

Пасля апублікаванага ў верасні 2023 году ўказу змяніліся правілы атрымання і прымянення даверанасцяў, пашпартоў і даведак. Раней грамадзяне Беларусі, якія жывуць за мяжой, маглі аформіць у беларускім консульстве даверанасць на распараджэнне сваёй маёмасцю на радзіме. Напрыклад, каб прадаць у Беларусі машыну, кватэру ці іншую маёмасць. Цяпер такой магчымасці больш няма, даверанасць трэба рабіць асабіста ў Беларусі. Апастыль на дакументы, паводле новага ўказу, таксама трэба рабіць у Беларусі.

Чытайце таксама:

Вераніка Цапкала — пакупнікам яе канфіскаванай кватэры: «Мы вернемся і запатрабуем ад вас выплаты арэнды!»

Жанчына ледзь не страціла кватэру, якую здавала па дамове. Як так?

«Усяго за 20 еўра я дапамагу «забыцца» знойдзеную інфармацыю». З'явілася махлярская схема ці правакацыя, магчымая толькі ў Беларусі

Клас
17
Панылы сорам
7
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
7
Абуральна
69