Ілюстрацыя: «Медыязона»

Ілюстрацыя: «Медыязона»

«Усё трансфармавалася ў нянавісць». Сын у калоніі

Сына палітыка Анатоля Лябедзька Арцёма затрымалі ў канцы сакавіка 2023 года. Спачатку яму далі 15 сутак нібыта за нецэнзурныя выразы каля РАУС, а пасля — за непадрадпакаванне міліцыянерам. У жніўні 2023 года Арцёму далі 3,5 гады калоніі за фінансаванне «экстрэмісцкай дзейнасці».

«Я па сваіх каналах прабіў і даведаўся, што яго затрымлівалі супрацоўнікі КДБ. Гэта быў непрыемны званочак. Калі Арцёма перавялі на Валадарку і стаў вядомы артыкул, па якім яго абвінавачваюць, я зразумеў, што гэта палітычная помста. Мой сын не злачынец і не правапарушальнік, ён палітычны закладнік».

Анатоль кажа, што пасля затрымання сына адчуваў трывогу, страх, крыўду і віну. Пасля ўсё трансфармавалася ў нянавісць.

«У мяне было пачуццё, што я падрыхтаваны да шмат чаго. Гэта не пафас, а погляд у люстэрка задняга бачання, у якім 30 гадоў палітычнага жыцця. Але немагчыма быць гатовым да правакацый 24/7. Я быў недзе перакананы, што ў гэтай жудаснай сістэме ёсць межы і кранаць родных і блізкіх яны не адважацца. Што павінны заставацца нейкія кропелькі чалавечнасці».

Палітык лічыць, што артыкул, па якім асудзілі сына — артыкул міласэрнасці. Арцём дапамагаў пацярпелым ад рэпрэсій беларусам.

«У нас былі размовы з сынам. Я гаварыў, што трэба пакінуць краіну, што рэжым абсалютна не мае ніякіх абмежаванняў, але ён меў сваю пазіцыю. Казаў: «Бацька, я на гэтай зямлі нічога не зрабіў дрэннага». У яго была такая пазіцыя. Канешне, унутры ўсё роўна сядзіць гэты чарвяк, які точыць. Калі сына затрымалі, я напісаў адно слова — «сукі».

Трымацца Анатолю дапамагаюць родныя — асабліва ўнучка Палінка. Сваякі застаюцца ў Беларусі і для іх гэта прынцыповая пазіцыя, нягледзячы на пагрозы.

Анатоль вельмі ганарыцца сваім сынам, тым, як ён праходзіць шлях затрымання. Кажа, за кратамі ёсць вялікая спакуса прайсці паміж кропелькамі: дзесьці змягчыць, знайсці маральны кампраміс і пайсці на нейкую здзелку.

«Я адкрыў наноў для сябе сына. На судзе ў яго была вельмі моцная прамова. Жонка плакала і гэта былі таксама слёзы гонару. У мяне не было ніякіх сумневаў, што Арцём — годны чалавек і цудоўны бацька з добрым сэрцам. Я магу толькі ганарыцца сваім сынам.

Ён ніколі не павысіў голас, размаўляючы з маці і са мной. Ён цэніць сяброўства і ведае, што гэта такое. Для любой краіны гэта ідэальны грамадзянін і падаткаплатнік. У яго была добрая праца, ён плаціў высокія падаткі і рабіў уклад у тое, каб Беларусь была нармальнай краінай.

Мне балюча глядзець на дачку, якая расце без бацькі. Гэта жудасна, таму што ён патрэбны ёй кожны дзень. Нішу бацькі ніхто не запоўніць: ні маці, ні дзядуля з бабуляй. У гэтым плане я шмат думаў, што магу зрабіць.

Я гатовы стаць часткай абменнага фонду. Гэта ўнутранае, вельмі прадуманае рашэнне. Калі б рэжым сказаў сёння, што гатовы абмяняць 1,5 тысячы палітвязняў на 15-20 самых «адмарожаных» і ненавісных іх ворагаў, я гатовы быць сярод гэтай дваццаткі. Я хачу, каб сын быў са сваёй дачкой, са сваёй сям'ёй. І вось у гэтай сітуацыі я б пайшоў на гэта. Кожную ноч, перад тым як заплюшчыць вочы і заснуць, я кажу: «Сына, дабранач».

«Не думаў, што сілавікі будуць затрымліваць няпоўнагадовых». Брат у СІЗА

15-гадовага Арцёма Вайцяховіча, брата адміністратара тэлеграм-канала «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси» Сяргея Вайцяховіча, затрымалі ў студзені 2023 года проста ў школе.

Афіцыйнай прычынай затрымання стаў канфлікт з вучнем — нібыта Арцём у яго вымагаў грошы. Паводле слоў брата, на момант затрымання канфлікт быў уладжаны праз бацькоў і кіраўніцтва школы.

«Калі брата затрымалі, быў шок. Але потым разумееш, што эмоцыямі нічога не даб’ешся. Я разумеў, што брата затрымалі праз нашу дзейнасць. Мы працуем з сакрэтнай інфармацыяй, якую нам зліваюць. Яна вельмі моцна злуе беларускіх і расійскіх сілавікоў. Я не думаў, што сілавікі дойдуць да таго, што будуць затрымліваць няпоўнагадовых».

Сяргей кажа, што збіўся з ліку, колькі разоў да ягоных бацькоў прыходзілі сілавікі і абшуквалі дом. Бацькі не хацелі з’язджаць.

Пасля затрымання Арцёма супрацоўнікі КДБ выставілі беларусу ўмову: свабода Арцёма ў абмен на выдаленне канала і спыненне дзейнасці. Сяргей адмовіўся.

«Гэта было цяжкае рашэнне. Але калі даць слабіну, яны б пайшлі далей раскручваць: патрабаваць зліць крыніцы і г. д.»

Увосень 2023 года Арцёма асудзілі да 3 гадоў калоніі з адтэрміноўкай на 3 гады па артыкуле аб вымагальніцтве. Цяпер хлопец знаходзіцца на волі.

Пра арышт даведалася з праўладнага тэлеграм-канала. Мама

Інэса, мама дарадцы Святланы Ціханоўскай па справах моладзі Маргарыты Ворыхавай, паспела даслаць смс пра сваё затрыманне. Сілавікі прыйшлі да яе на працу ў канцы лістапада 2023 года і павезлі дадому на ператрус. Далей сувязі з мамай у Маргарыты не было.

«Першая рэакцыя — страх і жах. У нас былі з мамай размовы, што яе могуць затрымаць, і я ў цэлым чакала, што гэта можа здарыцца ў нейкі момант. Але як бы ты моцна ні рыхтаваўся да затрымання, усё роўна псіхалагічную рэакцыю немагчыма кантраляваць.

Вядома, я адчувала віну. І не толькі за тое, што яна не з’ехала, але і за тое, што падвяргаю яе небяспецы. Але ў тым ліку адчувала б яе, калі б прымусіла маму з’ехаць раней.

Калі я ў 2021 годзе з’ехала з Беларусі, то ўяўляла, як бы склалася маё жыццё ў краіне. І ўзнікае пачуццё, што можна было б не з’язджаць, усё было не так дрэнна. І гэта вельмі задушлівае пачуццё, і я не хацела моцна «пушыць» маму, каб яна выехала з краіны раней і сутыкнулася з гэтым адчуваннем».

Пра тое, што маму арыштавалі на 15 сутак, Маргарыта даведалася з праўладнага тэлеграм-канала. Адразу пасля затрымання дзяўчына пачала пісаць знаёмым і блізкім мамы, каб даведацца пра яе якую-небудзь інфармацыю.

«У выніку я звязалася з бацькам, з якім у мяне не вельмі цесны і блізкі кантакт. Ён дапамог: з’ездзіў дадому, патэлефанаваў у СІЗА, каб даведацца, ці там знаходзіцца мама».

Пра стан мамы Маргарыта нічога не ведала 14 дзён. Падчас арышту дарадца сышла з галавой у працу.

«Было імкненне быць больш прадуктыўнай і сыходзіць у купіраванне эмоцый і спрабаваць не перажываць. У нас тады яшчэ паездкі былі: у Страсбург, у Раду Еўропы. Было жаданне проста не думаць, пачакаць, каб гэты тэрмін хутчэй скончыўся.

За дзень да затрымання мамы я гаварыла з ёй пра ад’езд з Беларусі. Тады прыйшлі з ператрусам да сябраў Каардынацыйнай рады. У мамы была такая тэндэнцыя казаць, што ёй шанцуе і цяпер таксама не будуць чапаць. І калі не прыйшлі сёння, то ўжо не прыйдуць».

Інэса з’ехала з Беларусі не адразу пасля вызвалення — завяршала справы і адцягвала момант ад’езду.

«Тут я ўжо канкрэтна «прапушыла» маму. Сказала, што калі не з’едзеш, то ёсць імавернасць, што пасадзяць не на 15 сутак, а на некалькі гадоў. І каму ад гэтага будзе лепш. Быў такі невялікі мяккі ціск, але рашэнне пра ад’езд мама прыняла сама.

Калі яна прыехала да мяне, я адчула неверагодную і ўсеабдымную радасць, якую ўжо забылася як адчуваць. Вельмі прыемна ведаць, што з мамай усё нармальна, ёй нічога не пагражае і можна жыць спакойным і нармальным жыццём».

Чытайце таксама:

«Магу толькі маліцца, каб дачка была жывая», — бацька Марыі Калеснікавай, пра якую ўжо год няма навінаў

Затрыманых некалькі соцень, некаторым пасля допытаў не вяртаюць пашпарты. Падрабязнасці аблавы на салідарных з палітвязнямі

ГУБАЗіК рассылае былым палітвязням і іх сваякам папярэджанні з патрабаваннем адпісацца ад «экстрэмісцкіх рэсурсаў»

Сын палітыка, брат каліноўца. Палітвязні, якіх пасадзілі ў знак помсты сваякам

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
2