Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

Акрамя таго, па словах аднаго еўрапейскага дыпламата, нядаўнія хвалі расійскіх ракетных нападаў забралі дзясяткі жыццяў у Кіеве і іншых гарадах, паколькі ўкраінская супрацьпаветраная абарона, якая ў значнай ступені грунтуецца на дарагіх перахопніках, дадзеных саюзнікамі, не змагла знішчыць столькі ракет, колькі іх было ў мінулым.

Публічна ўкраінскія афіцыйныя асобы заяўляюць, што яны працягнуць барацьбу супраць расійскіх сілаў, нават калі падтрымка саюзнікаў не паступіць. Але для «актыўнай абароны» Украіна будзе мець патрэбу ў пастаянных пастаўках артылерыйскіх снарадаў і іншых боепрыпасаў, якімі саюзнікі спрабуюць забяспечыць украінцаў з усіх сіл.

Па словах дыпламатаў, еўрапейскія саюзнікі не змогуць паставіць 1 млн артылерыйскіх снарадаў, што яны абяцалі зрабіць да 1 сакавіка, перадаўшы пакуль каля 600 тысяч на фоне пастаянных затрымак у вытворчасці і клопатаў наконт спусташэння запасаў.

Міністры абароны, якія сустрэнуцца ў Бруселі на гэтым тыдні, могуць паспрабаваць падлічыць іншыя пастаўкі, каб павялічыць агульную колькасць, але ўсё адно не дасягнуць мэты ў 1 мільён, якая была пастаўлена летась, гавораць дыпламаты.

Гэтыя выклікі зʼяўляюцца ў той час, калі ўкраінскае камандаванне завяршае распрацоўку планаў утрымання 600-мільнай лініі фронту ў гэтым годзе, шукаючы слабыя месцы ў расійскай абароне, але не спрабуючы зрабіць сурʼёзны прарыў пасля таго, як леташні контрнаступ не меў вялікіх поспехаў, адзначае выданне.

Па словах заходніх дыпламатаў, напружанасць у адносінах паміж прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і яго галоўнакамандуючым Валерыем Залужным узрасла, паколькі на лініі фронту назіраецца стагнацыя, дадае Bloomberg.

Разам з тым, па словах заходніх чыноўнікаў, расійскія войскі занадта знясіленыя, каб дасягнуць значных поспехаў, калі толькі ўкраінская абарона не пацерпіць крах. Але і тады Крамлю, верагодна, давядзецца мабілізаваць больш людзей, каб замацаваць поспехі, што ён пакуль робіць неахвотна.

У Вашынгтоне пакет дапамогі Белага дома ў памеры 60 мільярдаў долараў ЗША ўжо некалькі месяцаў знаходзіцца ў тупіку. Без яго ўсё, чаго дасягнулі ўкраінцы, «будзе пад пагрозай», выказаў меркаванне дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен у панядзелак на прэс-канферэнцыі разам з генсекам НАТА Енсам Столтэнбергам.

Лідары Еўрапейскага саюза збяруцца 1 лютага на экстранны саміт, каб паспрабаваць пераадолець супраціў урада Венгрыі па выдзяленні дапамогі Украіне ў памеры 50 мільярдаў еўра. Так ці інакш, ЕС мае намер ухваліць дапамогу да канца лютага, заявіў еўрапейскі чыноўнік.

«Нават калі дапамога ад ЕС паступіць, недахоп амерыканскай падтрымкі ўкраінскія войскі адчуюць на полі бою ўжо ў напрыканцы вясны», — цытуе Bloomberg заходніх дыпламатаў.

Па словах заходняга чыноўніка, за апошнія месяцы Кіеў стварыў пэўныя рэзервы ключавых боепрыпасаў саюзнікаў, каб забяспечыць свае войскі, але гэтага недастаткова, каб кампенсаваць дэфіцыт артылерыйскіх снарадаў.

Расія мае намер атрымаць каля 4,5 мільёнаў снарадаў ад уласнай вытворчасці і паставак з Паўночнай Карэі. І хоць больш сучасныя гаўбіцы і абсталяванне для навядзення на цэлі ва ўкраінскіх войскаў не патрабуюць столькі снарадаў, каб нанесці такія ж страты, гэтую розніцу не пераадолець цалкам.

На думку міністра абароны Эстоніі Ханна Пеўкура, баявыя дзеянні могуць заціхнуць на працягу наступных некалькіх месяцаў, наступальныя дзеянні адновяцца ў траўні і чэрвені, калі падсохне зямля. Паводле яго слоў, менавіта тады стане зразумелым лёс дапамогі ЕС і ЗША.

«Калі мы не знойдзем рашэнне да таго часу, то Украіне будзе надзвычай цяжка ўтрымаць свае пазіцыі», — папярэдзіў эстонскі міністр.

Чытайце таксама:

Заходнія медыя лічаць, што звальненне Залужнага — пытанне часу, і ацэньваюць рызыкі

Украіна ўжо сёння можа атрымаць ад ЗША высокадакладныя кіраваныя бомбы GLSDB — Politico

Ва Украіне распаўсюджвалася супярэчлівая інфармацыя пра адстаўку Залужнага. Пакуль, здаецца, ён застаецца

Клас
1
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
5
Абуральна
18