Раніцай да найбліжэйшага да Гродна дзейнага пункта пропуску прыехалі рабочыя на машыне ГАЗ, прыпаркаваліся каля лесу і сталі грузіць у машыну ровары, пакінутыя каля дрэў.

Упершыню падобны выпадак адбыўся год таму — у лютым 2023-га. Але да траўня ровары зноў назапасіліся ўздоўж дарожных знакаў і дрэў, і іх зноў вывезлі.

Пакідаць ровары ўздоўж мяжы зручна кіроўцам-дальнабойнікам. Яны прыязджаюць на фуры з боку Літвы і заязджаюць у назапашвальнік перад мяжой. Там можна прастаяць больш за суткі. Калі чалавек жыве ў Гродне, то яму вельмі зручна пераехаць мяжу на ровары. З беларускага боку яго падбірае, напрыклад, жонка, і можна з'ездзіць дадому. Пасля кіроўца вяртаецца, садзіцца ў машыну і выязджае з назапашвальніка.

Мужчына, у якога аднойчы ўжо знік ровар, расказваў, што праблема не ў кошце транспартнага сродку (ён каштуе каля 50 рублёў), а ў тым, што, не знайшоўшы свайго ровара, можна спазніцца на працу.

«Ровары з-пад пункта пропуску «Прывалка» перамясцілі ў сувязі з тым, што многія з іх знаходзіліся ўздоўж дарогі ўжо доўгі час. Можна сказаць, яны былі кінутыя. Іх уласнікі могуць звярнуцца на пазначаны адрас і забраць сваю маёмасць назад», — пракаментаваў сітуацыю афіцыйны прадстаўнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Яраслаў Васілеўскі.

Каб забраць ровар, пажадана мець пры сабе нейкія дакументы на яго альбо ўскосныя доказы таго, што гэта ваша рэч. Такім доказам можа быць, напрыклад, фатаграфія чалавека з гэтым роварам.

Чытайце таксама:

«Магчымасць пабачыць столькі ўсяго новага — далёка не ва ўсіх прафесіях». Кухарка з Гродна пяць гадоў працуе дальнабойніцай і дагэтуль у захапленні

Мяжу Расіі з Беларуссю закрылі для ўсіх фур з кіроўцамі-іншаземцамі

Як беларускіх кіроўцаў вярбуюць для нелегальнай перавозкі мігрантаў па Еўропе

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1