Выспа Ду

Самая буйная выспа Беларусі плошчай пяць квадратных кіламетраў. Размяшчаецца яна на Асвейскім возеры ў Верхнядзвінскім раёне. У возеры водзіцца шмат ракаў і рыбы, а на самой выспе жывуць ласі, алені, янотападобныя сабакі і мноства птушак.

Чаму менавіта «Ду»? Паводле легенды, старажытную назву пакінулі фіна-вугорскія плямёны і ў перакладзе на беларускую мову яна азначае «возера». Па іншай версіі — тут была балцкая вёска Ду (у перакладзе на беларускую мову — «два») з уласным прыходам і царквой Нараджэння Багародзіцы.

Рэшткі падстанцыі, старыя вясковыя могілкі, здзічэлыя дрэвы былых пладовых садоў нагадваюць, што больш за 50 гадоў таму на выспе сапраўды жылі людзі. Тут была вёска Востраў з крамай, калгасам, сельскім клубам, дызельнай электрастанцыяй і пачатковай школай. Каб атрымаць наступную адукацыю, дзеці ездзілі за межы вострава. 

Пазней гэтае месца апусцела, таму што людзі пераехалі ў суседнія вёскі і гарады.

На выспе ёсць дзве гары — Гарадок і Перуноўка. Паводле легенды, у апошнюю заўсёды б’е пярун, а на мястэчку маецца вялізная яма, куды калісьці праваліўся пастушок. На дне ён сустрэў міфічных Бабу і Дзеда з сабакам, якія далі пастушку золата і дапамаглі выбрацца наверх. Калі суседзі даведаліся пра багацце юнака, паслалі на гару двух іншых хлопцаў. Скарбаў яны не адшукалі і дадому таксама не вярнуліся. 

Цяпер выспа стала заказнікам, дзе перыядычна праводзяць экскурсіі. 

Дзе знаходзіцца: возера Асвейскае побач з Асвеяй у Верхнядзвінскім раёне (тут можна паглядзець месца на Google Maps).

«Аб’ект 1161»

 «Аб’ект 1161» — бункер, які знаходзіцца ў Свіслацкім раёне, недалёка ад вёскі Хрустава. Адзін з самых сакрэтных аб’ектаў часоў Халоднай вайны. Афіцыйная назва бункера: «Камандны пункт Аб’яднаных сіл Варшаўскай дамовы заходняга тэатра ваенных дзеянняў».

Будаўніцтва бункера пачалося ў 1986 годзе на выпадак ваенных дзеянняў і іншых непрадбачаных абставін. Планавалася, што ў такім падземным збудаванні будуць сядзець кіраўніцтва і іншыя важныя дзеячы краіны да моманту, пакуль міне небяспека. Хованку распрацоўвалі такім чынам, каб у ёй можна было паўнавартасна жыць доўгі час — прадугледжваліся якасная вентыляцыя, каналізацыя, запасы вады, ежы, а таксама месцы для захоўвання зброі і іншых стратэгічных запасаў.

Будавалі бункер у выглядзе двух вертыкальных тунэляў па дзевяць паверхаў кожны, па той жа тэхналогіі, што і тунэль пад Ла-Маншам — па меры капання ўглыб умацоўвалі бетоннымі плітамі. Камандны пункт мог вытрымаць ядзерны ўдар, акрамя прамога трапляння.

Бункер 1161. Фота: belarus.travel

Бункер 1161. Фота: belarus.travel

Будаўніцтва бункера завяршылі ў 1992 годзе, але пасля распаду СССР неабходнасць у ім знікла. Крыху пазней аб’ект быў цалкам раскрадзены і таму ўваходы ў шахты залілі бетонам, ангар над бункерам узарвалі, зямлю зраўнялі і засадзілі дрэвамі.

Цяпер уваход у бункер зачынены. Некаторыя людзі трапляюць у яго праз выкапаны падземны ход, але без рыштунку і спецыяльных навыкаў такое падарожжа можа быць небяспечным для здароўя і жыцця. Многія металічныя лесвіцы, па якіх трэба будзе спускацца, ужо паржавелі і пастаянна адвальваюцца, а асобныя часткі бункера падтопленыя вадой. І верагоднасці абвалу ніхто не адмяняў. 

Дзе знаходзіцца: урочышча Шадзілкі, Свіслацкі раён (тут можна паглядзець месца на Google Maps).

Пячора ля возера Гінькава

Адзіная пячора ў Беларусі, якая знаходзіцца на беразе возера Гінькава каля вёскі Сахновічы. Глыбіня пячоры — 10 метраў. Утварылася яна 25 тысяч гадоў таму пасля абляднення. Падчас сходу ледавіка адталая вада прамыла мудрагелістыя хады ў мяккай пясчанай пародзе. 

У пячору вядуць тры ўваходы, але чалавек можа пракрасціся ўглыб на некалькі метраў толькі па адным з іх. Лаз даволі вузкі, але ўнутры ў сядзячым становішчы змяшчаецца да трох дарослых. Пры большай колькасці будзе ўжо цесна. У пячоры таксама ёсць адна зала, вышыня якой складае крыху больш за метр, а дыяметр — каля двух.

Дзе знаходзіцца: возера Гінькава ля вёскі Сахновічы ў Глыбоцкім раёне (тут можна паглядзець месца на Google Maps).

Трохкутная царква

Адзіная царква ў Беларусі такой планіроўкі — нетыповая для хрысціянства. Знаходзіцца ў маленькай вёсцы Вялікая Сваротва пад Брэстам. 

У 1747 годзе пісар Вялікага Княства Літоўскага Мікалай Аўсяны ўзвёў з дрэва ўніяцкую царкву на каменным падмурку — будынак з трыма сценамі, трыма дзвярыма і трыма скляпеннямі. Па кутах даху — тры маленькія вежкі. Трохвугольны, упрыгожаны разьбой і пазалотай алтар першапачаткова размяшчаўся ў цэнтры, але пасля аднаўлення яго перанеслі ў адзін з кутоў. На сценах — абразы 12 апосталаў. 

Трохкутная царква. Фота: poshyk.info

Трохкутная царква. Фота: poshyk.info

У 1943 годзе царкву амаль цалкам спалілі. Але з дапамогай мясцовага святара айца Георгія і мясцовых вернікаў у 2006 годзе храм пачалі аднаўляць па адной маленькай фатаграфіі даваенных часоў, якую перадаў айцу Георгію адзін з вернікаў.

Чаму менавіта трохкутная? Існуе здагадка, што царква прызначалася для малітваў прадстаўнікоў адразу трох канфесій. Уніяты, праваслаўныя і каталікі маглі выкарыстоўваць асобныя ўваходы, а алтар быў усталяваны пасярэдзіне. Гэта значыць, што такое архітэктурнае рашэнне мела канкрэтны сэнс — аб’яднаць людзей. 

Дзе знаходзіцца: вёска Вялікая Сваротва, Баранавіцкі раён (тут можна паглядзець месца на Google Maps).

Вузкакалейка пад Гроднам

Незвычайная забаўка з’явілася ў заказніку «Азёры» пад Гроднам у 2022 годзе. Маршрут праходзіць па мосце праз Белае возера і вядзе на Святое балота. Гэтая чыгунка — адна з самых доўгіх вузкакалеек у Беларусі. Яе працягласць да самага далёкага пункта складае каля 30 кіламетраў.

Турыстаў возяць на дрызіне — чатырохколавым вазку з маторам, на якім змяшчаецца да пяці чалавек. Падаецца, нічога незвычайнага. Але менавіта гэтая дрызіна — адзіная арыгінальная ў Беларусі. Такія выпускалі з 1972 па 1990 гады для хуткай дастаўкі чыгуначнікаў да месца рамонту на пуцях. Яна можа разганяцца да пяцідзесяці кіламетраў у гадзіну.

Вузкакалейка пад Гроднам — частка былой торфавознай дарогі торфапрадпрыемства «Верцялішкі». Прадпрыемства закрылі ў 2021 годзе, а чыгунку вырашылі захаваць для развіцця турызму. 

Дзе знаходзіцца: ландшафтны заказнік «Азёры», аграгарадок Азёры, Гродзенскі раён (тут можна паглядзець месца на Google Maps).

Вадаспад на Вяце

Самы вялікі вадаспад Беларусі. Яго вышыня складае больш за два метры, а шырыня — каля дзесяці.

У пачатку XX стагоддзя на гэтым месцы дзейнічала кардонная фабрыка, якую забяспечвала электрычнасцю гідраэлектрастанцыя. Патрабавалася падняць узровень вады і пусціць яе ў канал, каб прымусіць круціцца турбіну. Таму з каменя склалі вадаспад і ў пэўны момант закрывалі створкі, каб вадзяная плынь прыносіла карысць. Пасля таго, як фабрыку закрылі, тут працаваў млын, але ўжо ў сярэдзіне 1950-х гадоў яго разбурылі.

Дзе знаходзіцца: каля вёскі Пруднікі, Мёрскі раён (тут можна паглядзець месца на Google Maps).

Цуд неаготыкі

Казачны касцёл Святой Тройцы ў Гервятах — адзін з найлепшых узораў неаготыкі і адзін з самых высокіх касцёлаў у Беларусі. 

У 1536 годзе біскуп Ян з Вільні загадаў заснаваць у Гервятах каталіцкую парафію і ўзвесці на гэтым месцы храм. Яго пабудавалі з дрэва, таму з часам ён стаў не прыдатным для выкарыстання.

У 1903 годзе замест гэтага храма на сродкі Вацлава Дамейкі, які з’яўляўся ўласнікам Гервятаў, узвялі каменны будынак па праекце архітэктара Альшалоўскага, пад кіраўніцтвам дойліда Міхневіча.

незвычайныя месцы беларусі, выспы беларусі, дзе адпачыць у беларусі

Касцёл у Гервятах. Фота: Google Maps

На тэрыторыі храма раскінутыя не менш казачны сад з ружамі, малымі архітэктурнымі формамі, вечназялёнымі іглічнымі і рэдкімі раслінамі, статуямі 12 апосталаў. 

Дзе знаходзіцца: Гервяты, Астравецкі раён (тут можна паглядзець месца на Google Maps).

Піраміда роду Завішаў

Піраміда роду Завішаў — капліца-пахавальня на ўздзенскіх могілках, якую пабудавалі ў 1800 годзе. У такім арыгінальным для Беларусі стылі яе ўзвёў генерал Казімір Завіша. 

Вышыня піраміды склала 10 метраў. Ва ўнутраных сценах было тры шэрагі ніш для пахаванняў. У алтарнай частцы капліцы знаходзіўся трохгранны подыум. Над ім, у нішы, стаяла евангельская скульптура. Верхнюю частку пахавальні займаў таемны пакой, які прызначаўся для малітваў. 

Піраміда на ўздзенскіх могілках. Фота: Google Maps

Піраміда на ўздзенскіх могілках. Фота: Google Maps

Цяпер тут няма ні пахаванняў, ні ўнутранага аздаблення. У малельны пакой можна падняцца, але толькі па сцяне. Знешняе аздабленне захавалася толькі часткова.

Што паслужыла прычынай выбару менавіта такой формы пахавальні, застаецца загадкай і дагэтуль. Адна з версій — што пасля паходаў Напалеона ў Афрыцы ў моду ўвайшлі егіпецкія матывы.

Дзе знаходзіцца: уздзенскія гарадскія могілкі, Узда, Мінская вобласць (тут можна паглядзець месца на Google Maps).

Чытайце таксама:

«Пакуль тут абсалютна дамінуе сегмент непалітычны». Да музейных выстаў ідэалогія пакуль не дабралася

«Успомню Вострую Браму святую і ваякаў на грозных канях»: 10 мясцін, звязаных з Максімам Багдановічам

«Гэты асфальт ляжыць дакладна на той дарозе, дзе 236 гадоў таму праехала Кацярына II». Вам самім не смешна?»

«Напэўна, муку для бліноў яшчэ не змалолі». Госці пушчанскага Дзеда Мароза расказалі, як ехалі ў казку, а трапілі ў савок

Клас
10
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
4