Мінск. Помнік дому, дзе нарадзіўся Максім Багдановіч

Дом у Мінску, дзе 9 снежня 1891 года ў сям’і тагачаснага настаўніка 1-й гарадской вучэльні Адама Ягоравіча Багдановіча і Марыі Апанасаўны Мякоты нарадзіўся Максім Багдановіч, не захаваўся. Ён быў страчаны ў варунках ХХ стагоддзя.

Зараз на месцы дома, дзе ў 1885 годзе пасяліўся Адам Багдановіч з сям’ёй, стаіць тэхнічны будынак, на фасадзе якога можам пабачыць незвычайны помнік з гарэльефам зруйнаванай хаты. У двор да помніка можна патрапіць праз арку дома па вуліцы Багдановіча, 25.

Фота: з сайта Хартыя'97

Фота: з сайта Хартыя'97

Гродна. Дом-музей Максіма Багдановіча

Праз год пасля нараджэння Максіма Багдановіча, у 1892 годзе сям’я будучага паэта пераехала ў Гродна.

Дом-музей Максіма Багдановіча ў Гродне. Фота: Яндэкс

Дом-музей Максіма Багдановіча ў Гродне. Фота: Яндэкс

Адбылося гэта ў сувязі з тым, што бацька паэта, Адам Багдановіч, уладкаваўся памочнікам бухгалтара ў гродзенскае аддзяленне сялянскага пазямельнага банка. Апроч службы ў банку, Адам Багдановіч друкаваўся ў газеце «Гродзенскія губернскія ведамасці», быў адным з загадчыкаў публічнай бібліятэкі.

Хутка дом Багдановічаў стаў месцам сустрэчаў мясцовай інтэлігенцыі. Тут Багдановічы жылі да 1896 года. Даследчыкі да сёння спрачаюцца, у якім менавіта будынку сапраўды жыла сям’я паэта ў Гродне, але афіцыйна прынятай версіяй лічыцца, што гэта адзіная захаваная да сёння драўляная сядзіба 1883 года пабудовы, па вул. 1 Мая, 10. Зараз у ёй месціцца дом-музей, прысвечаны паэту.

Мемарыяльная шыльда на сядзібе была размешчана ў 1965 годзе, а ў 1986 годзе музей адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў. Значны ўнёсак у стварэнне музея зрабіла паэтка Данута Бічэль-Загнетава. Доўгі час яна і была загадчыцай установы.

Сёння экспазіцыя ўключае 4 пакоі з адноўленымі інтэр’ерамі канца пазамінулага стагоддзя: працоўны кабінет бацькі паэта Адама Ягоравіча, пакой маці Марыі Апанасаўны, гасцёўня і дзіцячы пакой.

Экспазіцыя дома-музея Максіма Багдановіча ў Гродне. Фота: museums.by

Экспазіцыя дома-музея Максіма Багдановіча ў Гродне. Фота: museums.by

Гродна. Будынак колішняга сялянскага пазямельнага банка

У Гродне захаваўся яшчэ адзін будынак, які прынята ўзгадваць, распавядаючы пра гродзенскі перыяд жыцця Максіма Багдановіча. Гэта колішні сялянскі пазямельны банк, што месціцца па адрасе Леніна, 9. Вядома, што сям’я Багдановічаў пераехала ў Гродна, бо бацька паэта атрымаў пасаду памочніка бухгалтара ў згаданай установе.

Фота: valatsuga.by

Фота: valatsuga.by

Але ж гэта адбылося ў 1892 годзе, а будынак у стылі мадэрн быў узведзены тут паводле праекта архітэктара Астравумава ў 1913 годзе. Таму бацька Максіма Багдановіча ніяк не меў магчымасці наведваць яго, хіба колішні сялянскі пазямельны банк, які быў на гэтым месцы да 1913 года. Тым не менш, у Гродна засталося не так шмат узораў архітэктурнага стылю мадэрн, таму на Леніна, 9 у любым выпадку варта завітаць.

Гродна. Магіла Маці Максіма Багдановіча на старых праваслаўных могілках

Маці будучага паэта Марыя Апанасаўна займалася не толькі выхаваннем дзяцей, але і творчасцю: яна выдатна грала на піяніна, напісала каляднае апавяданне, якое надрукавалі ў «Гродзенскіх губернскіх ведамасцях» напрыканцы 1893 года.

Магіла маці Максіма Багдановіча ў Гродне

Магіла маці Максіма Багдановіча ў Гродне

Нараджэнне малодшай сястры паэта Ніны моцна аслабіла здароўе маці, і ў 1896 годзе ва ўзросце 27 год яна памерла ад сухотаў. Пахавалі Марыю Багдановіч на старых праваслаўных могілках Гродна. Магіла захавалася па сённяшні дзень, наведаць яе можна на праваслаўнай частцы могілак па вуліцы Антонава.

Вільня. Рэдакцыя «Нашай Нівы»

Пасля смерці маці Максіма Багдановіча, у 1896 годзе ягоная сям’я пераехала ў Ніжні Ноўгарад, на месца новай працы бацькі, а ў 1908 годзе ў Яраслаўль. Але нягледзячы на гэта, паэт прыйшоў да беларушчыны ў сваёй творчасці. Спачатку праз бацьку, які даследаваў беларускі фальклор, песні, мову. Да таго ж праз Адама Ягоравіча да будучага паэта дайшлі казкі ягонай прабабулі, варажбіткі і знахаркі Рузалі Асьмак. Пазней цётка па бацьку, якая выхоўвала Максіма Багдановіча пасля смерці маці, Марыя Ягораўна, выпісала яму газеты «Наша Доля» і «Наша Ніва». У гэтыя газеты паэт дасылаў свае першыя пераклады на беларускую мову і ўласныя вершы.

Скончыўшы ў 1911 годзе гімназію, М. Багдановіч наведаў Вільню, дзе пазнаёміўся з Іванам і Антонам Луцкевічамі, Браніславам Эпімахам-Шыпілам, Вацлавам Ластоўскім ды іншымі дзеячамі беларускага Адраджэння.

Фота: «Наша Ніва»

Фота: «Наша Ніва»

У той час і да 1913 года рэдакцыя «Нашай Нівы» знаходзілася ў будынку на скрыжаванні вуліц Завальнай і Каліноўскага (Pylimo, 5 / K. Kalinausko, 1).

У гэтым жа будынку з 1910 па 1920 год у адной з кватэраў жыў беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч, гісторык Вацлаў Ластоўскі, пра што сведчыць мемарыяльная шыльда.

«Успомню Вострую браму святую, і ваякаў на грозных канях». Фота: Wikimedia Commons

«Успомню Вострую браму святую, і ваякаў на грозных канях». Фота: Wikimedia Commons

Вільня. Друкарня Марціна Кухты

Вандруючы шляхамі Максіма Багдановіча ў Вільні, варта наведаць знакамітую друкарню Марціна Кухты па адрасе Universiteto, 4.

Фота: «Наша Ніва»

Фота: «Наша Ніва»

Тут у 1913 годзе ў колькасці 2000 асобнікаў пры грашовай падтрымцы Магдалены Радзівіл быў выдадзены адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў Максіма Багдановіча «Вянок», у які ўвайшлі 92 вершы і 2 паэмы. Апроч зборніка Максіма Багдановіча, ў друкарні Марціна Кухты пабачылі свет выданні шматлікіх беларускіх аўтараў пачатку стагоддзя і нумары газеты «Наша Ніва».

Зборнік вершаў «Вянок», 1913. Фота: csl.bas-net.by

Зборнік вершаў «Вянок», 1913. Фота: csl.bas-net.by

Вёска Ракуцёўшчына. Колішні фальварак Вацлава Лычкоўскага

Першы прыезд паэта на радзіму пасля доўгага перапынку адбыўся ў 1911 годзе.

Тут Максім Багдановіч па запрашэнні братоў Луцкевічаў спыніўся ў сядзібе іхняга дзядзькі Вацлава Эмерыкавіча Лычкоўскага ў колішнім фальварку Ракуцёўшчына. Максім Багдановіч меў жаданне пажыць у беларускай вёсцы, пазнаёміцца з ладам жыцця тутэйшых людзей, пачуць жывую беларускую мову.

Фота: falvarak_rakutsoushchyna

Фота: falvarak_rakutsoushchyna

У Ракуцёўшчыне паэт прабыў усяго два летнія месяцы, але яны сталіся вызначальнымі і надзвычай плённымі ў ягонай творчасці. «Страніца лепшая ў штодзённіку жыцця!» — так назваў паэт гэты час. У Ракуцёўшчыне ён напісаў 17 вершаў з дзвюх нізак «Старая Беларусь» і «Места» і дзве паэмы «У вёсцы» і «Вераніка».

Мінск. Музей «Беларуская хатка»

Адзіны будынак у Мінску, які па-сапраўднаму памятае Максіма Багдановіча, знаходзіцца па адрасе Рабкораўская, 19. Тут з дзвюма сёстрамі здымаў кватэру падчас Першай сусветнай вайны паэт Самуіл Плаўнік, вядомы пад псеўданімам Змітрок Бядуля. У гэтай драўлянай хатцы ў адным з пакояў з 1916-га па люты 1917 года кватараваў і Максім Багдановіч, які пераехаў у Мінск пасля сканчэння юрыдычнага ліцэя ў Яраслаўлі.

Фота: holiday.by

Фота: holiday.by

Тут паэт пасябраваў з мінскай беларускай адраджэнскай супольнасцю, якая групавалася вакол «Беларускай хаткі», што на той час месцілася па вуліцы Захар’еўскай, 18 побач з Чырвоным касцёлам. У 1916—1920 гг. тут часта бывалі Зоська Верас, Ядвігін Ш., Лявон Заяц, Альберт Паўловіч.

Хоць Максім Багдановіч быў ужо цяжка хворы на сухоты, але ўладкаваўся на працу сакратаром у губернскай харчовай камісіі, шмат працаваў, а ўвесь вольны час аддаваў літаратурнай творчасці. Менавіта ў мінскі перыяд паэт напісаў свой знакаміты верш «Пагоня», які стаўся адным з нефармальных беларускіх гімнаў.

Мінск, вуліца Захар’еўская, 1910. Фота: cdn2.picryl.com

Мінск, вуліца Захар’еўская, 1910. Фота: cdn2.picryl.com

Раней драўляны дом, узведзены ў 1904 годзе, стаяў побач з чыгункай на вуліцы Чалюскінцаў. У 1980-я будынак быў уратаваны ад зруйнавання, зняты са свайго гістарычнага месца і перанесены на вуліцу Рабкораўскую, дзе і знаходзіцца па сённяшні дзень. Зараз тут месціцца музей «Беларуская хатка» — філіял Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, названы ў гонар той, што была на Захар’еўскай.

У інтэр’еры хаты з таго часу, як у ёй жылі Змітрок Бядуля з сёстрамі Рэняй і Геняй ды Максімам Багдановічам, нічога не засталося. Стваральнікі музея былі вымушаны ўсё аднаўляць. Сёння ў экспазіцыі можна пабачыць узноўленыя літаратурную гасцёўню колішняй «Беларускай хаткі» з прадметамі інтэр’еру ды побыту пачатку ХХ стагоддзя і пакой Максіма Багдановіча, адкуль ён выправіўся на лячэнне ад сухотаў у сваю апошнюю вандроўку ў Ялту ў лютым 1917 года.

Ялта. Магіла паэта на Старых гарадскіх могілках

Памёр паэт у Ялце ва ўзросце 25 гадоў 25 траўня 1917 года. Там жа ён і пахаваны на Старых гарадскіх могілках.

Клас
14
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
12
Абуральна
1