Wild boar

Фота: Pixabay

Новае даследаванне паказвае, што яшчэ адной прычынай загадкавай радыеактыўнасці дзікоў сталі выпрабаванні ядзернай зброі, праведзеныя ў сярэдзіне XX стагоддзя. Гэтая крыніца нароўні з Чарнобылем працягвае заражаць кабаноў праз ежу, якую яны ўжываюць, паведамляе Science Alert.

Фізічна нармальныя, здаровыя кабаны — носьбіты высокіх доз радыеактыўнага цэзію. Калі гэта выявілі, на іх сталі менш паляваць, у выніку іх развялося зашмат.

«Наша праца дазваляе глыбей зразумець вядомае радыецэзіевае забруджванне баварскіх дзікоў, акрамя толькі колькаснага вызначэння агульнай колькасці радыенуклідаў», — пішуць у сваім артыкуле радыеэколаг Фелікс Штэгер з Універсітэта Лейбніца ў Гановеры (Германія) і яго калегі.

У выніку ядзернай аварыі або выбуху радыеактыўныя матэрыялы, выкінутыя ў навакольнае асяроддзе, уяўляюць значную пагрозу для экасістэм. Пасля Чарнобыльскай аварыі 37 гадоў таму адбылося павелічэнне радыеактыўнага забруджвання цэзіем, асабліва цэзіем-137, перыяд паўраспаду якога складае каля 30 гадоў.

Але значна больш стабільны ізатоп — цэзій-135 — мае перыяд паўраспаду больш за 2 мільёны гадоў і таксама можа быць створаны з дапамогай ядзернага дзялення.

Паводле папярэдніх даследаванняў, суадносіны цэзію-135 і цэзію-137 дапамагаюць вызначыць, адкуль узяўся цэзій: высокія суадносіны сведчаць пра выбухі ядзернай зброі, а нізкія — пра ядзерныя рэактары як верагодную крыніцу заражэння.

Для свайго аналізу група навукоўцаў мела намер выкарыстаць 48 узораў мяса дзіка, сабраных паляўнічымі ў 2019-2021 гадах з 11 рэгіёнаў Баварыі.

Узроўні радыеактыўнага цэзію ў 88 працэнтах пратэставаных узораў мяса былі вышэйшыя за нямецкія нормы.

Выкарыстоўваючы суадносіны цэзію-135 і цэзію-137, даследчыкі вызначылі, што выпрабаванні ядзернай зброі адказныя за 12—68 адсоткаў забруджвання тых узораў, якія перавысілі бяспечную мяжу спажывання.

«Усе ўзоры дэманструюць прыкметы змешвання», — пішуць даследчыкі. «Выкіды ў выніку выпрабаванняў ядзернай зброі і пазнейшыя чарнобыльскія выпалі на баварскай зямлі», — піша каманда.

Такім чынам, рацыён дзікоў, які ўключае падземныя труфелі, увабраў забруджванне з абедзвюх крыніц, што спрыяла стойкай радыеактыўнасці жывёл.

Different cesium sources are mixed in soil

Розныя крыніцы цэзію змешваюцца з глебай і з’ядаюцца дзікамі. Фота: Штэгер і іншыя / часопіс Environmental Science & Technology

Сёння ядзерная энергетыка вяртаецца ў якасці патэнцыйнай нізкавугляродзістай крыніцы энергіі перад пагрозай змены клімату.

Аўтары артыкула мяркуюць, што праведзенае даследаванне важнае для разумення патэнцыйнага ўздзеяння такой энергетыкі.

На думку каманды, будучыя ядзерныя аварыі або выбухі могуць павялічыць цяперашняе забруджванне жывёл і мець наступствы для бяспекі харчовых прадуктаў на дзесяцігоддзі.

«Гэта даследаванне паказвае, што правядзенне ядзерных выпрабаванняў у атмасферы 60—80 гадоў таму па-ранейшаму ўплывае на прыроднае асяроддзе, дзікую прыроду і крыніцу ежы для чалавека сёння», — падсумоўваюць аўтары.

Чытайце яшчэ:

Стварэнне ядзернай зброі: ад «ваеннага» атама да «мірнага» і назад?

Германія разглядае магчымасць вярнуцца да атамнай энергетыкі

Як паводзіць сябе пры сустрэчы з дзікімі жывёламі — раяць спецыяліст і бывалы паляўнічы

Клас
6
Панылы сорам
7
Ха-ха
2
Ого
11
Сумна
23
Абуральна
14