Не месца для фотасесіі

Акурат дзесяць гадоў споўнілася, як у Камянецкім раёне бабёр напаў на чалавека, перакусіў артэрыю, у выніку мужчына загінуў. Трое сяброў вярталіся з рыбалкі, на ўзбочыне дарогі яны заўважылі бабра. Адзін падышоў бліжэй да дзікага звера і хацеў сфатаграфавацца, а бабёр раптам накінуўся і ўкусіў. Вядома, якія ў бабра зубы, калі ён векавыя дрэвы валіць. Звер імгненна перакусіў артэрыю сцягна, і чалавек памёр ад артэрыяльнага крывацёку да прыезду медыкаў.

Спецыялісты тады растлумачылі агрэсіўнасць традыцыйна міралюбівай жывёлы магчымым шаленствам альбо тым фактам, што бабёр успрыняў цікавасць чалавека за пагрозу. Ва ўсякім разе, да таго няшчасця фактаў нападзення на чалавека баброў не было зафіксавана ні ў нас, ні ў суседніх краінах. Пра трагедыю тады паведамілі не толькі нашы, але і многія замежныя сродкі інфармацыі.

Як высветлілася на горкім вопыце, нельга выключаць небяспеку нават з боку бабра. Што ўжо казаць пра ваўка ці мядзведзя?

Хадзіць гучна, абыходзіць малых

— Любы звер пры сустрэчы з чалавекам, першае, што зробіць, — захоча адысці, пазбегнуць сустрэчы, — гаворыць начальнік лясной паляўнічай гаспадаркі «Выганаўскае» Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» Мікалай Брычкалевіч. — Галоўнае — не правакаваць яго. Запомніце: здаровы звер ніколі не нападзе першы, калі толькі крытычную блізкасць альбо паводзіны чалавека не прыме за пагрозу. Нават гадзюка будзе нападаць, калі нага чалавека зусім блізка або на яе наступілі.

З агульных парад — не выбірацца ў лес у адзіночку. Абавязкова прыхапіце сродкі сувязі, патрэбны адпаведныя вопратка і абутак, якія засцерагуць ад укусаў кляшчоў, вос, шэршняў, гадзюк. А яшчэ патрэбная вопратка, якая шалясціць, яна адпужае многіх непажаданых насякомых і жывёл. Ісці трэба гучна: з музыкай, песнямі, размовамі, тупаць нагамі, біць палкай па дрэвах і пнях — гэта адпужае жывёл. Нават калі наступіш на сухую галіну, яна трэсне — звер не пойдзе ў ваш бок. Пры сустрэчы са зверам галоўнае — даць магчымасць яму сысці. Ніколі не падыходзьце блізка, не чапайце звярыных дзіцянят, не правакуйце звяроў — і ўсё будзе добра.

Наконт дзіцянят трэба сказаць асобна, — падкрэслівае Мікалай Аляксеевіч. Нашы людзі часта робяць недаравальную памылку, калі, асабліва вясной, заўважаюць у лесе казуляня, аленяня, іншае звярынае дзіцяня і, палічыўшы, што маці яго кінула, стараюцца забраць дадому. У лесе ніхто нікога не кідае. Калі малое ляжыць, то яго маці зазвычай затаілася метраў за 50 ці больш і назірае. Варта малога ўзяць на рукі, самка можа праявіць сапраўдную агрэсію. Наогул не трэба браць нават зайчаня, пра яго ёсць каму паклапаціцца. Былі выпадкі, калі чалавек браў у рукі птушаня лебедзя, а самец ударам крыла перабіваў руку альбо наносіў яшчэ большыя траўмы.

Не панікаваць

Ніколі не варта прыбліжацца да параненага звера альбо такога, які паводзіць сябе неадэкватна, то-бок сам ідзе да чалавека. Апошняе сведчыць, што звер хворы. Пра такія выпадкі трэба паведамляць у органы лясной гаспадаркі альбо мясцовай улады.

Калі ж сустрэча чалавека са зверам здарылася, то самае галоўнае — не панікаваць, раіць спецыяліст, нават калі гэта мядзведзь. Касалапых, як вядома, цяпер шмат развялося на Віцебшчыне, ёсць яны ў лясах Белавежскай пушчы, некалькі гадоў таму буры мядзведзь быў заўважаны на тэрыторыі Кобрынскага лясгаса. Спецыялісты апошняга нагадалі, што мядзведзь ад прыроды разумны, нездарма яго дрэсіруюць у цырку. Ён таксама ў цэлым міралюбівы звер, але агрэсія можа праявіцца, калі ён нешта ў паводзінах чалавека прыме за пагрозу. І тады лясны гігант становіцца смяротна небяспечным.

Калі сутыкнуліся з мядзведзем, важна паводзіць сябе спакойна, можна пачаць гаварыць, часам гэта дапамагае. Касалапы цікаўны, ён можа захацець вывучыць невядомую істоту, калі нічога падазронага для сябе не заўважыць, потым адыдзе. Уцякаць жа ад мядзведзя — дрэнная ідэя, ён бегае хутчэй. Адыходзіць ад яго трэба памалу, без рэзкіх рухаў, не паварочвацца да яго спінай. Некаторыя паляўнічыя раяць не рэзка, па магчымасці павольна кінуць на зямлю, напрыклад, заплечнік, асабліва калі там ёсць пах ежы, альбо нават куртку: мядзведзь пачне нюхаць і вывучаць прадмет. Гэта на некаторы час адцягне яго ўвагу. Калі ж у яго ўздыбленая поўсць на спіне, ёсць дрыжыкі ў целе, то гэта прыкмета хуткага нападзення, лепш ратавацца на дрэве, у крайнім выпадку прыкінуцца мёртвым, легчы на жывот і замерці.

Ад дзіка — на дрэва

Мой знаёмы, паляўнічы са стажам з Камянецкага раёна Віктар Асіпук, кажа, што самы страшны звер у лесе — дзік. Асабліва самка, калі ідзе з парасятамі, тады яна ўсё ўспрымае як пагрозу для дзіцянят. Важна не браць іх у рукі, не фатаграфавацца з імі, нават калі, на першы погляд, свінні няма побач. Яна можа паявіцца знянацку, і тады цікаўнаму не мінуць бяды.

Спецыялісты раяць пры сустрэчы з дзіком не ўпадаць у паніку, не рабіць рэзкіх рухаў, а пастарацца абысці жывёлу бокам. Калі вяпрук блізка, дапамагае моцны гук — дарэчы будзе гудок мабільнага, спевы, гучная размова. Калі звер бяжыць у ваш бок, лепш за ўсё ратавацца на дрэве. Ён туды не залезе, дастаткова вышыні метр-паўтара, і вы недасягальныя для свінні. Праўда, жывёла можа чакаць некалькі гадзін, тады давядзецца чакаць і вам, пакуль дзік не пойдзе.

З ваўком — дамовіцца

Воўк сярод буйных лясных драпежнікаў — самы бяскрыўдны. Здаровы воўк ніколі не нападзе на чалавека, кажа паляўнічы. Але ж правілы трэба ведаць. Сустрэўшыся з шэрым альбо нават са зграяй трэба павольна адступаць. Ні ў якім разе нельга глядзець ваўку ў вочы, ён, як і мядзведзь, прыме гэта за сігнал для паядынку. Калі вы бачыце, што воўк гатовы напасці, старайцеся стаць спінай да дрэва, зарасніку, бярыце ў рукі палку, камень. Атрымаецца адбіцца ад аднаго ваўка, адступяць астатнія.

Паляўнічы Віктар Асіпук нядаўна сустрэўся з ваўком каля сваёй вёскі, калі ранкам гуляў з сабакам. Расказаў, што спакойна, але гучна крыкнуў у бок ваўка: «Ты чаго прыйшоў сюды, прэч адсюль!» І шэры паслухаўся, павярнуўся і патрусіў прэч.

Дарэчы, бацька аўтара гэтых радкоў расказваў, як у маладосці, недзе ў час піліпаўскай цемры, ён сутыкнуўся з ваўком, калі вяртаўся з суседняй вёскі. У кішэні быў пачак запалак. Узяў у рукі некалькі адразу, запаліў адным махам і кінуў у бок ваўка. Той баіцца агню, таму адразу развярнуўся і пабег прэч.

Чаму павучыцца ў ката?

У Мікалая Брычкалевіча пацікавіліся, ці праўда, што зверу нельга ні ў якім разе глядзець у вочы, бо ён прымае гэта за выклік. Мікалай Аляксеевіч сказаў, што сустракаўся з такімі папярэджаннямі ў сеціве, але не можа сказаць, наколькі яны адпавядаюць рэчаіснасці. Напрыклад, зайцу, які ляжыць, пакуль не глянеш у вочы, ён не пабяжыць. «З вялікімі жывёламі я не эксперыментаваў. Калі раяць людзі, можа, варта прыслухацца. А вось іншая інтэрнэтная парада, што пры сустрэчы са зверам трэба імітаваць павелічэнне памераў, слушная. Бачылі, як часам кот пужае сабаку? Ён выцягвае спіну, узнімае поўсць і шыпіць. Так і чалавеку варта расшпіліць вопратку, павольна паднімаць рукі, візуальна павялічваючы свае памеры, — гэта можа адпужаць».

І яшчэ адна заўвага ад паляўнічага Віктара Асіпука: «У нашых лясах застаецца вельмі мала зайцоў і вавёрак, бо іх з'ядаюць большыя драпежнікі. Ніколі не страляю ў зайца, хоць гэта і дазволена правіламі палявання. Раней было, вушастых на кожным кроку сустрэнеш, а цяпер — ледзь не экзотыка. Я і сяброў-паляўнічых заклікаю не страляць зайцоў і наогул да любога звера ставіцца з павагай, бо ў лесе ён — гаспадар, а чалавек — госць».

Чытайце таксама:

Пад Мінскам зноў пабачылі мядзведзя

Мядзведзь, якога раней бачылі пад Мінскам, узяўся граміць пчальнікі

У Беларусі прапануюць выключыць мядзведзя з Чырвонай кнігі

Клас
69
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
7
Сумна
9
Абуральна
10