Чым гучней абяцанні, тым большая верагоднасць, што яны не будуць выкананыя. Менавіта так даводзіцца ўспрымаць інвестыцыйныя дамовы, якія год за годам заключаюць мінскія ўлады.

Шматмільярдныя кантракты ў рэшце рэшт аказваюцца пустышкамі.
А дзяржава пачынае пошук чарговага інвестара, каб праз год ці два развесці рукі ў бакі — дзелавы партнёр зноў «кінуў». «Наша Ніва» ўзгадала самыя амбітныя праекты гарадскіх уладаў, якія на выхадзе скончыліся гучным пшыкам.

"Мінск-Сіці"

"Мінск-Сіці"

Дыснэйлэнд

Дыснэйлэнд

Стадыён "Трактар" Уладзіміра Раманава

Стадыён "Трактар" Уладзіміра Раманава

"Ітэра-Тауэрз"

"Ітэра-Тауэрз"

"Маяк Мінска"

"Маяк Мінска"

1. Мінск-Сіці

Праект пабудовы гіганцкага бізнэс-раёна меў некалькі варыянтаў выканання — ад беларускага да галандскага, але што пра іх расказваць, калі ідэя звялася да пабудовы некалькіх панэлек на ўскраіне выдзеленай пляцоўкі? Год за годам угасала і абяцаныя аб'ёмы фінансавання «будоўлі стагоддзя».

У першых паведамленнях пра «Мінск-Сіці» ў 2007 годзе мільгала лічба "$30 мільярдаў", а праз пару гадоў называліся ўжо $5 мільярдаў.

Інвестар — расійска-туркменская «Ітэра» — быў гатовая карміць улады абяцанкамі і далей, але пасля чарговага кітайскага папярэджання кантракт быў разарваны ў аднабаковым рэжыме. І хоць старшыня гарвыканкама Мікалай Ладуцька з гонарам заяўляе, што мае шэраг зваротаў іншых інвестыцыйных кампаній з розных краін, годных кандыдатаў там наўрад ці сустрэнеш. Сусветныя карпарацыі пакуль абыходзяць Беларусь бокам, а ўласнымі сіламі такі праект не рэалізуеш.

2. Беларускі Дыснэйлэнд

Гісторыя гэтага праекту яшчэ больш маркотная. Як ні шукалі,

ахвотных укласці $917 мільёнаў у парк забавак пад Лагойскам так і не знайшлося.
Парк дыназаўраў, замак Снежнай каралевы і гоначная траса прыгожа выглядалі толькі на паперы.

Ідэю мінчукоў перахапіў старшыня Віцебскага аблывыканкама Аляксандр Косінец, які вырашыў будаваць вялізны парк каля абласнога цэнтра. Але і гэты праект не зацікавіў ніводнага інвестара.

3. Спартыўная імперыя Уладзіміра Раманава

Літоўскі банкір Уладзімір Раманаў наабяцаў залатыя горы яшчэ папярэдняму старшыню Мінскага гарвыканкама Міхаілу Паўлаву. Згодна з агучанымі планамі,

да канца 2011 года на месцы стадыёна «Трактар» мусіла паўстаць 45-тысячная футбольная арэна з гатэлем побач.
Літовец спачатку збіраўся будаваць меншы па змяшчальнасці стадыён, але на словах пагадзіўся з просьбамі мінскіх уладаў. Час ішоў, а працы так і не пачыналіся. У выніку ён не выканаў ні першае, ні другое абяцанне. Сёлета Раманаў канчаткова спыніў фінансаванне мінскага футбольнага клуба «Партызан», якім валодаў, і цяпер ніякіх спраў з Беларуссю мець не хоча. А спартыўна-забаўляльны комплекс за 250 мільёнаў еўра застанецца шукаць новага інвестара.

4. «Ітэра Тауэрз»

Нафтавая кампанія «Ітэра» застанецца ў памяці мінскіх уладаў не толькі як няўдалы кампаньён па згорнутаму будаўніцтву «Мінск-Сіці». Яшчэ адзін праект, будаўніцтва першых ў гісторыі Беларусі хмарачосаў каля станцыі метро «Фрунзенская», таксама падыходзіць да свайго заўчаснага фінала.

Ідэя стварэння дзвюх гіганцкіх круглых вежаў па 50–60 паверхаў трансфармавалася ў будаўніцтва 32-павярховага жылога дома, дагэтуль няскончанае.
Падчас мінулагодняга дэфіцыту будматэрыялаў будоўля цалкам спынілася на некалькі месяцаў. Цяпер працы над домам патрохі ідуць, але ад тэмпаў продажу кватэраў «Ітэра» далёка не ў захапленні.

Радуюцца толькі жыхары суседніх дамоў, якія ў свой час змагаліся супраць архітэктурнага «ворага». Ваяваць не давялося — інвестар сыходзіць сам.

5. «Маяк Мінска»

Будаўніцтва футурыстычных хмарачосаў з рэндэраў «Маяка Мінска» адклалася на нявызначаны тэрмін. Але нават калі рукі будаўнікоў дойдуць на іх, то ранейшыя планы ніхто рэалізоўваць не будзе. Гэта ў 2008 годзе для таго, каб залагодзіць мінскія ўлады, нікому не вядомы інвестар «Зомекс Інвестмент» абяцаў патраціць $4 мільярды і паставіць каля Нацыянальнай бібліятэкі вежу на 80 паверхаў вышынёй 300 метраў. А побач з ёй на рэндэрах былі намаляваныя восем 40-павярховых дамоў.

Цяпер патэнцыйны праект «усох» да 35 паверхаў, але інвестар не рэалізуе і яго. Адзін за адным здаюцца ў эксплуатацыю толькі дзесяціпавярховыя жылыя дамы з прыгожымі назвамі «Рэмбрандт», «Ван Гог» і «Манэ», але гэта, відавочна, далёка не тое, чаго чакалі мінскія ўлады.

***

Спіс далёка не поўны. Правальваліся і многія іншыя задумы — будаўніцтва жылога комплекса «Сузор’е» на месцы кінастудыі «Беларусьфільм», узвядзенне стадыёна з Нацыянальным выставачным цэнтрам у Шчомысліцы… Выклікаюць падазрэнне, напрыклад, і дзеянні аманцаў, якія задарма атрымалі элітны ўчастак на вуліцы Янкі Купалы, а цяпер адцягваюць будаўнічыя працы месяц за месяцам. А ўлады, прычым не толькі мінскія, але і рэспубліканскія, ненавучаныя горкім вопытам, працягваюць бегчы за любым інвестарам, хай і камічным, які абяцае стварыць на тэрыторыі сталіцы Н’ю-Васюкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?