Надзея на льготны крэдыт па ранейшых умовах застаецца

...Кажуць, калі топішся, то і за брытву схопішся. Вось і мы, забудоўшчыкі жыллёва-будаўнічых спажывецкіх кааператываў (ЖБСК) горада Мінска, ва ўсе інстанцыі звяртаемся са сваім крыкам "SОS". Нельга сказаць, што яго не чуюць: адказы мы атрымліваем, але... Па парадку.

Усе ЖБСК (а ўсяго іх больш 30-і) сфарміраваны з ліку асоб, якія стаялі ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Прычым большасць — не менш як 20 гадоў. У спісах забудоўшчыкаў ёсць ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, воіны-інтэрнацыяналісты, шматдзетныя сем'і, а таксама сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў і г.д. Усім нам прапаноўвалі будаваць жыллё з прыцягненнем ільготнага крэдыту з разліку 20 кв. м на чалавека. Усіх папярэджвалі аб магчымасці ўнясення некаторых сум уласнымі сродкамі. Аднак пра тое, што нам прыйдзецца аплачваць выдзеленыя кватэры ў поўным памеры...

За паўтара года, цягам якіх мы з'яўляемся членамі кааператываў, чаго толькі ні давялося перажыць: н

е раз пераносіліся тэрміны пачатку будаўніцтва, не раз (у некалькі разоў і без гарантыі, што гэтая цана — канчатковая) павышаўся кошт квадратнага метра, не раз прыпынялася крэдытаванне.
І ў завяршэнне — змяненні яго ўмоў: "уразанне" колькасці квадратных метраў на чалавека і змяненне працэнтнай стаўкі.

Чым гэта абернецца для канкрэтных забудоўшчыкаў? Вось прыклады (для разліку ўзяты кошт 3 млн за квадратны метр):

Шматдзетная сям'я з 5 чалавек будуе кватэру 100 кв. м. Пры змяненні ўмоў яна павінна будзе аплаціць сваімі сродкамі 25 кв. м (гэта значыць, 75 000 000 рублёў).

Маладая сям'я з 3 чалавек, будуючы кватэру плошчай у 60 квадратных метраў і пазбавіўшыся пры гэтым права на льготны крэдыт, павінна будзе аплачваць яе цалкам, для чаго спатрэбіцца 180 000 000 рублёў.

Сям'я з 4 чалавек, якая выхоўвае дзіця-інваліда і будуе кватэру 80 кв. м — аплаціць сваім сродкамі 20 квадратных метраў (г.зн. 60 000 000 рублёў)...

Што ж атрымліваецца? А тое, што нам паўтара года таму прапанавалі будаўніцтва на пэўных умовах, з прыцягненнем ільготных крэдытаў. Мы пагадзіліся, разлічвалі на свае сілы. Цяпер жа...

Нашы даходы проста не сувымерныя з коштам кватэр!

Нам кажуць: рыхтуйце грошы, пазычайце ў родных, знаёмых, сяброў, бярыце крэдыт на агульных падставах пад 31%.

Але ж тады, нават пры будаўніцтве аднапакаёвай кватэры, штомесячны плацеж будзе складаць каля 5 000 000 рублёў. Якую ж трэба мець працу і якую зарплату, каб такія грошы плаціць? Тым больш што ніхто нават прыблізна не можа сказаць, у што выльецца кошт квадратнага метра на фінішы, пры здачы дома. А менавіта ад гэтай канчатковай цаны і будзе залежаць агульны кошт кватэры і адпаведна сумы, якую нам, забудоўшчыкам, трэба будзе плаціць са сваёй кішэні... Таму вельмі просім не пакінуць без увагі наш ліст. І нашы праблемы.

Валерый Ігнаценка,

Таццяна Аўрамец,

Вольга Спісак і іншыя

(усяго 691 подпіс).

...І каментарый

Па тлумачэнні мы звярнуліся да старшыні Камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Аляксандра Даменікана. На яго думку, нельга абагульняць сітуацыю з усімі ЖБСК сталіцы, бо па кожным асобным доме будзе прынята сваё рашэнне.

Вядома, што льготнае крэдытаванне па ранейшых умовах захаваецца толькі па дамах тых жыллёва-будаўнічых спажывецкіх кааператываў, якія дабудуюцца сёлета. Аднак горадам прынята рашэнне аб накіраванні дадатковых 96 млрд рублёў па лініі льготнага крэдытавання і па асобных дамах, дзе ўвод у эксплуатацыю запланаваны на 2012 год. Больш за тое, цяпер падрыхтаваны праект указа кіраўніка дзяржавы, дзе гаворыцца, што тыя грамадзяне, якія ўжо заключылі з "Беларусбанкам" дагаворы аб ільготным крэдытаванні, будуць дакрэдытоўвацца канчаткова. А вось тыя, хто такіх дагавораў не заключыў, будуць будавацца ўжо па новых умовах.

Так, у новым годзе прапанавана знізіць нарматыў ільготнага крэдытавання менавіта ў сталіцы з 20 да 15 квадратных метраў на чалавека. Гэта вымушаная мера, бо ў сённяшніх складаных умовах дзяржава ўжо не мае фінансавых магчымасцяў прапанаваць усім жыллёвым чаргавікам будаваць вялікія па плошчы кватэры практычна бясплатна, бо інакш чарговая хваля інфляцыі "з'есць" нашу эканоміку.

Што тычыцца шматдзетных сем'яў, то ім у новым годзе будуць прапаноўвацца самыя спрыяльныя ўмовы льготнага крэдытавання. Крэдыт, як мяркуецца, будзе выдавацца на 40 гадоў пад 1 працэнт гадавых. Пагадзіцеся, што такі працэнт пры сённяшняй стаўцы рэфінансавання 40% з'яўляецца добрым падарункам для забудоўшчыкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?