Тое, што адбылося, мясцовыя апісваюць як экшн-трылер.

«Людны прыпынак, час пік, усе чакаюць аўтобуса, і раптам крык: «Дапамажыце! Ратуйце!» — на хлопца напалі два буйныя сабакі, а гаспадар не можа іх адвесці. Адзін учапіўся ў нагу, другі кусае за галаву, за вуха — павалілі на траву і рвуць у розныя бакі. Пырскае кроў, людзі ў шоку, падысці баяцца — усё адбылося занадта хутка.

Потым пачуўся гудок смеццявоза, машына спынілася, і з яе выбеглі двое мужчын. Калі б не яны, хлопца наўрад ці змаглі б выратаваць», — мяркуе мясцовы жыхар Валерый.

Выратавальнікамі сталі Андрэй Шчарбук і Уладзімір Усцін — работнікі «Спецкамунаўтатранса». Яны рэгулярна прыбіраюць смецце на гэтым участку і ў гэтую суботу ўзялі дадатковую змену.

«Калі ўбачылі, адразу выбеглі і сталі спрабаваць адагнаць сабак. Здаровыя такія — пароду не ведаю, але відаць, што байцоўскія. Я ведаў, што біць агрэсіўнага сабаку нельга: будзе толькі горш. Таму стаў стукаць клюшкай па асфальце побач, каб адцягнуць іх увагу і спудзіць. А Валодзя ў гэты час цягнуў за ланцужок, — расказвае Андрэй. — Мы тут часта прыбіраемся на раёне, хлопцаў гэтых раней бачылі. Яны нібыта прыяцелі, і ў абодвух праблемы з нагамі — падобна, што ДЦП.

Гаспадар спрабаваў, але не мог адцягнуць сабак, і я стаў дапамагаць яму. Больш за ўсё я баяўся, што той, што кусае за галаву, зараз учэпіцца ў шыю — і ўсё скончыцца, таму спецыяльна адсякаў ад гэтага месца, скручваў як мог. Калі атрымалася адагнаць, мы засталіся чакаць хуткую і міліцыю», — успамінае Уладзімір.

Да таго моманту выпадковыя мінакі ўжо адышлі ад шоку і пачалі дапамагаць.

«Людзей назірала вельмі шмат, але дапамагчы не пабаяліся адзінкі. Спыніўся хлопец на мікрааўтобусе, падбег і дапамог накласці жгут на пакусаную нагу. У пацярпелага пачаўся крывацёк, ён збялеў, пачаў губляць прытомнасць — калі б гэтага не зрабілі, то лекараў ён мог бы і не дачакацца.

Вельмі дапамагла яшчэ дзяўчынка гадоў 10-12: яна стала размаўляць з пакусаным, не даючы яму заплюшчыць вочы і заснуць, паіла вадзіцай, пакуль не прыехала хуткая. Гаспадар адвёў сабак і вярнуўся — ён таксама быў у шоку, у яго пачалася панічная атака. Зусім юны быў, накульгваў пры хадзе — як яму з такімі «пітбулямі», — дапаўняе гісторыю Валерый, прыкладаючы відэа са свайго тэлефона.

Пацярпелага адвезлі ў бальніцу. Звязацца з ім асабіста не ўдалося, але ў суполцы жыхароў Сцяпянкі ў Viber запэўніваюць, што хлопец ідзе на папраўку. Справай цяпер таксама займаецца міліцыя.

Жыхары Сцяпянкі ўжо напісалі ліст на імя дырэктара «Спецкамунаўтатранса» з удзячнасцю Андрэю і Уладзіміру, якія не разгубіліся ў крытычнай сітуацыі і выратавалі хлопца.

Мясцовыя кажуць, што выгул вялікіх сабак без наморднікаў — гэта агульная праблема ўсяго раёна. Сабак, якія пакусалі хлопца, а таксама яшчэ некалькі іншых буйных байцоўскіх сабак бачылі без наморднікаў і да, і пасля інцыдэнту (праўда, ужо на павадку ў іншага, больш моцнага мужчыны).

Чытайце таксама:

«Я такіх сабак ніколі не бачыла». Воўк ці сабака: хто трымае ў страху жыхароў Віцебска

П'яны жыхар Барысаўскага раёна адрэзаў сабаку вушы. Ён сцвярджае, што спрабаваў яму дапамагчы

У Слуцку мужчына скінуў брахлівага сабаку з чацвёртага паверха

«На асфальце замывалі кроў». Але ў ЖКГ гавораць, што ўсё нармальна

Клас
1
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
11
Абуральна
53