Фота: скрын з трэйлера на ютубе

Фота: скрын з трэйлера на ютубе

Фільм выпусціла студыя А24. Сярод іх стужак апошніх гадоў ёсць, напрыклад, аскараносны «Усё, паўсюль і адразу» пра паралельныя сусветы, дзіўны «Герой нашых сноў» пра чалавека, які сніўся ўсім навокал, шакуючая «Зона інтарэсаў» пра каменданта Асвенціма і шмат іншых карцін, якія не пакінуць раўнадушным, і тут гэта не клішэ.

У перадвыбарны для ЗША год А24 выпускаюць стужку пра Амерыку, дзе правіць аўтакрат, які надта нагадвае аднаго з сёлетніх кандыдатаў і былога прэзідэнта Дональда Трампа. І гэта не проста гісторыя аўтакратыі: стваральнікі Civil War ідуць далей і паказваюць вялікі канфлікт, які раздзірае знешне маналітную краіну.

Прэзідэнт ЗША заходзіць на свой трэці тэрмін, чым парушае цяперашнія амерыканскія законы. Два вельмі розныя штаты, Тэхас і Каліфорнія, вырашаюць аб’яднацца супраць узурпатара і ўзнімаюць паўстанне, што разгараецца ў вялікую грамадзянскую вайну.

У такіх умовах працуюць фатографка Лі і яе калега, рэпарцёр Джоэл. Разам з Сэмі, некалі буйным журналісцкім босам з выдання New York Times, яны жадаюць праехаць усю краіну і трапіць у Вашынгтон. Вакол яго сціскаецца кола — месяц-два, і каліфарнійска-тэхаскае войска вызваліць сталіцу. А пакуль што ў Вашынгтоне правіць тыран, і можна прарвацца да яго на эксклюзіўнае інтэрв’ю: запытаць, напрыклад, пра авіяўдары па амерыканскіх грамадзянах, здзейсненыя па яго загадзе.

У гэтае падарожжа рэпарцёры, аднак, едуць учатырох. Нечакана кампанію ім складае Джэсі, фатографка-пачаткоўка, якая фанацее ад Лі і марыць пра такую ж кар’еру. За шлях да Вашынгтона яна паспявае пасталець і ператварыцца ў журналістку, здольную здымаць у любых умовах, толькі б атрымаць добры кадр. Але за такі адчайны прафесіяналізм даводзіцца плаціць нявіннасцю. Джэсі вучыцца глядзець на гвалт шырока расплюшчанымі вачыма і абіраць сваю працу там, дзе раней магла б адвярнуцца ці задавацца складанымі пытаннямі.

Фота: скрын з трэйлера на ютубе

Фота: скрын з трэйлера на ютубе

Civil War — фільм з вельмі рваным тэмпам. Збольшага гэта роўд-муві, гісторыя пра падарожжа, хоць яно і адбываецца ў антыўтапічных дэкарацыях. Але не трэба падманвацца: калі гэтыя абставіны змяняюцца на перастрэлкі і небяспеку, мы адчуваем жахлівае напружанне і бачым настолькі моцны гвалт, што падобнае рэдка трапляе на кінаэкраны. Нездарма ў ЗША фільм мае рэйтынг R, то-бок 17+, Civil War — кіно не для слабанервных.

І шмат для каго з беларусаў гэты фільм будзе поўны цяжкіх напамінаў і дэжавю. Раздзёртае грамадства, баі на гарадскіх вуліцах, танкі на дарогах — усё гэта мы бачылі ў апошнія гады, а гэта далёка не ўвесь гвалт, які паказваюць у фільме. Але праз досвед падзей у фільме мы праходзім разам з яго героямі, разам з імі плачам, разважаем і крычым, нават калі сіл на гэта няма — так, як маўкліва крычыць журналіст Джоэл, калі не можа трымаць перажытае ў сабе. І ў канцы, калі ўсё выплаканае, надыходзіць палёгка.

Адзначым, што ў расказе пра супрацьстаянне стваральнікі фільма здолелі не заняць нічыю пазіцыю. Тут няма добрых і дрэнных хлопцаў, як гэта часта бывае ў амерыканскіх, ды і не толькі, стужках, у катле вялікай вайны ўсе бакі змешваюцца.

Фота: скрын з трэйлера на ютубе

Фота: скрын з трэйлера на ютубе

І таму, калі Джэсі і Джоэл знаёмяцца з двума снайперамі, тыя не кажуць, за каго яны, бо і самі гэтага не ведаюць: ёсць іх дом, ёсць тыя, хто страляе, і яны, хто страляе ў адказ, каб выжыць, і нічога больш.

Адна з галоўных сцэн фільма — сварка з вайскоўцамі, якія раздумваюць, ці адпускаць Джэсі да калег. Каб патлумачыць ім, што рэпарцёры не нясуць небяспекі, Джоэл кажа — маўляў, мы амерыканцы, як і вы. Салдат у адказ пытаецца: якія амерыканцы? Гэтаксама і снайперы, якія абаранялі свой дом, не зважаюць на надпіс «прэса» на баку машыны журналістаў. 

У новай рэальнасці старыя шаблоны і ўяўленні пра сябе — амерыканцы, прэса — больш не дзейнічаюць, і кожны выпрацоўвае для сябе новую этыку. Так, як гэта зрабілі жыхары мястэчка ў сэрцы краіны, якія вырашылі не зважаць на вайну і жыць так, быццам нічога не адбываецца, хаця і са снайперамі на дахах. Ці так, як гэта атрымалася ў Джэсі, гатовай дзеля добрага фота на ўсё.

Фота: скрын з трэйлера на ютубе

Фота: скрын з трэйлера на ютубе

Ёсць і менш заўважныя цаглінкі ў гэтым фільме, якія дапамагаюць яму быць такім пераканаўчым. Гэта выдатная праца аператара, файная праца Кірстэн Данст у ролі фатографкі Лі, ды і яе калег таксама, разумны Алекс Гарленд у ролі сцэнарыста і рэжысёра: ён не дае адказы на сподачку і не разжоўвае кантэкст, а дае прастору падумаць самім. І вядома, гэтая гісторыя — пра пашану да журналістаў, якія працуюць у гарачых пунктах і зонах канфліктаў.

Сярод засілля расійскага кіно і папсы накшталт «Манкімэна» і «Гадзілы» гэты фільм не варта прапускаць.

Чытайце таксама:

Серыял «Рэжым»: Кейт Уінслет у ролі звар’яцелага дэспата

«Рыплі»: тонкі і густоўны дэтэктыў у стылі нуар, але не для ўсіх

Серыял «Джэнтэльмены» ад Гая Рычы. Якая роля дасталася нашчадку беларускага карніка Серафіновіча?

Клас
19
Панылы сорам
4
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?