Святар Станіслаў Дземянцееў. Дарэчы, у пачатку 2010-х ён актыўна рэпосціў допісы Аляксея Навальнага
Як паведамляе выданне «Коммерсантъ», Следчы камітэт Расіі разглядае крымінальную справу, фігурантамі якой з'яўляюцца святар Станіслаў Дземянцееў і вайсковец Ігар Сялюцін. Яшчэ адзін іх падзельнік ужо загінуў на фронце.
Па версіі следства, яны з'яўляліся ўдзельнікамі арганізаванай крымінальнай групоўкі, якая была створана яшчэ ў канцы 1980-х-пачатку 1990-х гадоў з ліку жыхароў Губкінскага раёна Белгародскай вобласці Расіі. Злачынствы, у тым ліку заказныя забойствы і выкраданні людзей, групоўка здзяйсняла з 1997 па 2017 гады.
Непасрэдна Дземянцееў і Сялюцін абвінавачваюцца ў забойстве двух і больш чалавек (частка 2 артыкула 105 Крымінальнага кодэксу Расіі), якія былі здзейснены ў канцы 1990-х.
Як паведамляе выданне, Ігара Сялюціна абвесцілі ў міжнародны вышук, але знайшлі на фронце, дзе быў снайперам і неаднаразова адзначаўся камандаваннем за баявыя поспехі.
Ігар Дземянцееў, які пасля хрышчэння атрымаў імя Яўстафій, з'яўляецца святаром Губкінскай епархіі Рускай праваслаўнай царквы. У епархіі журналістам паведамілі, што бацюшка часова здзяйсняў набажэнствы ў храме сяла Беляніхіна Прохараўскага раёна Белгародскай вобласці.
Як паведамляецца, Маскоўскі гарадскі суд адхіліў скаргу на арышт фігурантаў крымінальнай справы, заявіўшы, што абвінавачаныя валодаюць шырокімі злачыннымі сувязямі ў крымінальным асяроддзі, таму ў выпадку адмены абранай меры стрымання могуць схавацца ад крымінальнай адказнасці.
Чытайце таксама: