Масіма Бальба — італьянец, які 18 з паловай гадоў жыве ў Беларусі. Магілёў, набярэжная Дняпра, сакавік 2024 года

Масіма Бальба — італьянец, які 18 з паловай гадоў жыве ў Беларусі. Магілёў, набярэжная Дняпра, сакавік 2024 года

Гарачы мужчына

Так атрымалася, што інтэрв'ю з Масіма выпала на золкі дажджлівы дзень. Нягледзячы на гэта, вырашылі прагуляцца. І калі журналістка хуталася ў куртку, як у кокан, то яе 60-гадовы італьянскі спадарожнік быў увесь, што называецца, наросхрыст: без галаўнога ўбору, расшпілены. Такое пачуццё, што дождж яму ў радасць.

— Масіма, а вы, італьянцы, хіба не цеплалюбівыя?

— Да вашага клімату даўно прывык — у Беларусі жыву васямнаццаць з паловай гадоў, — на цудоўнай рускай мове адказаў герой матэрыялу. — А так то сапраўды, люблю сонца, я ж з Турына. Мой тата нарадзіўся ў правінцыі побач з ім, а мама — на моры. Таму мора вельмі люблю.

Калі жыў у Італіі, часта ездзіў на пляжы. Сумую, хочацца акунуцца… Але сказаць, што мора мне абавязкова трэба, не магу. У Беларусі шмат сваіх плюсаў.

— Напрыклад?

— Галоўная адметная рыса вашай краіны, на мой погляд, — чысціня. Вядома, адыгрывае ролю і тое, што ў Італіі насельніцтва 58 мільёнаў чалавек, а ў вас — 9 мільёнаў. Але ў Беларусі прыемна. А яшчэ ў вас спакойна.

— У Італію назад не збіраецеся?

— Магчыма, калі-небудзь на пенсіі з'езджу. А так — не. Унутры мяне вайна.

Масіма Бальбо не ўдаецца ў дэталі, якая такая ўнутраная «вайна» яго грызе. Расказвае толькі, што яму балюча вяртацца дадому. Калісьці там жыла ягоная вялікая і шумная сям'я, але нешта адбылося, нейкая трагедыя — і нікога не засталося. Масіма ўсіх пахаваў.

Масіма Бальба ў студыі гуказапісу

Масіма Бальба ў студыі гуказапісу

Кампазітар-рабочы

У Беларусь героя публікацыі запрасіў італьянскі сябар, які вазіў адсюль па чарнобыльскай праграме дзяцей на мора. Масіма Бальба таксама стаў гэтым займацца. Але праз два гады таго самага сябра, як прызнаецца суразмоўца, забрала хвароба. Яго не стала — Масіма застаўся ў чужой краіне зусім адзін.

— Уяўляеце, што ў мяне рабілася ў душы? Мы сябравалі 25 гадоў! Ён быў музыкам, як і я… Мала трагедыі, што адбылася дома, дык яшчэ і тут… Як быццам на мяне паставілі цяжкі чорны блок.

Пра музыку нават у кантэксце ўсіх сваіх бедаў Масіма ўспамінае нездарма: гэта ягоны сэнс жыцця. Ён з дзяцінства грае на гітары і ўдарных, з юнацтва складае мелодыі. Дома выступаў з калектывамі Мілана і Генуі. Нават адзін час давялося папрацаваць з гітарыстам Тота Кутуньё.

Удзельнічаў наш герой і ў падрыхтоўцы песень для фестывалю ў Сан-Рэма, прадаваў музычны матэрыял у Швейцарыю… Але гэта ў мінулым. Пасля сумных падзей у жыцці Масіма, па яго словах, адышоў ад творчасці. Узяў паўзу.

Магілёў, студыя гуказапісу. Для Масіма музыка — сэнс жыцця

Магілёў, студыя гуказапісу. Для Масіма музыка — сэнс жыцця

За гэтыя гады кім толькі італьянец не працаваў у Беларусі: ад кухара (яшчэ ў Італіі навучыўся) да мыйшчыка посуду. Адзін час і прыстойна ў нас зарабляў: Масіма Бальба, які ведае рускую мову амаль дасканала, займаўся перакладамі і дубляжом. Але «лавачка закрылася».

— Ніхто грошы не малюе, таму трэба працаваць, — разводзіць рукамі ён. — Я не баюся ніякай працы, іду далей.

Цяпер, да прыкладу, Масіма Бальба… рабочы на мэблевай фабрыцы «Ольса». Ён гэтага не саромеецца. Нават наадварот, італьянец бачыць відавочныя перавагі ў такой сваёй занятасці:

— Гэта фізічная праца, а галава — вольная. Я магу тварыць!

Аднак у будучыні ён спадзяецца, што музыка зноў зможа прыносіць яму грошы і забяспечваць бязбеднае існаванне.

Жонка падтрымлівае

— Масіма, вы па-ранейшаму самотныя ў Беларусі?

— Што вы! Я жанаты з вашай цудоўнай суайчынніцай Людмілай. Яна — у Гомелі, я — у Магілёве: тут мяне трымаюць дамова з «Ольса» і музычная студыя. Але пры першай магчымасці ездзім адно да аднаго. Жонка мяне падтрымлівае.

Як аказалася, Людміла вучылася разам са знаёмым Масіма. Ён іх і звёў. Італьянец зазірнуў да беларускі ў госці на каву — ды так і застаўся…

— А сябры тут, у Беларусі, ёсць?

— Увогуле кола зносін у мяне шырокае, але сапраўдных сяброў мала. Літаральна тры чалавекі. А яшчэ магу прызнацца, што мяне ў некаторых беларусах неймаверна дратуе — тое, што людзі не бяруць слухаўку. Не адказваюць. Мне лепш сказаць праўду ў твар. Я, дапусцім, калі не атрымліваецца, кажу адкрыта: «Не магу, не атрымліваецца». Лічу ігнараванне, асабліва калі ёсць дамоўленасці, — гэта непрыстойна. Хоць людзі розныя не толькі ў Беларусі сустракаюцца — усюды. Проста я тут жыву, таму гэта мяне асабліва і раздражняе.

Музыка вяртаецца

Пасля ўсіх жыццёвых драм Масіма Бальба не думаў, што зноў калі-небудзь вернецца да музыкі. Але музыка вярнулася да яго сама. «Беларускага італьянца» ў 2017 годзе адшукала расійская оперная спявачка Вераніка Джыоева. Быў запыт на кампазіцыю на італьянскай мове — і Масіма пагадзіўся.

З тых часоў ён паціху-памалу нешта стварае. Напрыклад, песню «Чао, Беларусь» («чао» — гэта ў Італіі не толькі развітанне, але і прывітанне. — Заўв. аўт.) для радыё «Сталіца» і аркестра Беларусі. На «Славянскі базар» плануе трапіць з рамантычнай баладай «Паміж часам і ветрам». Увогуле, задумкі ёсць.

— Хай пакуль мне не прыносіць гэта грошай, але я не здаюся, — кажа Масіма. — Жыццё, яно вельмі рознае… І раз была чорная паласа, абавязкова наступіць белая. Мы, італьянцы, у гэта верым.

Чытайце таксама:

«Мама мія! Гэта не дом, гэта дровы». Італьянец купляе бюджэтныя хаты ў беларускай глушы

У мінскім крутым гатэлі ўжо больш за тры гады жыве італьянец. І з'язджаць не збіраецца

«У вёсцы пачалі жыццё з нуля». Немец і японка пераехалі ў беларускую глыбінку і ўспрымаюць гэта як шанец

Клас
24
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
8
Абуральна
9