Былы прэзідэнт Бразіліі Жаір Балсанару, які прайграў выбары ў 2022 годзе. Фота: Eraldo Peres / AP

Былы прэзідэнт Бразіліі Жаір Балсанару, які прайграў выбары ў 2022 годзе. Фота: Eraldo Peres / AP

У Бразіліі апублікавалі судовыя дакументы, якія тычацца справы былога прэзідэнта краіны Жаіра Балсанару аб спробе незаконнага ўтрымання ўлады пасля пройгрышу на прэзідэнцкіх выбарах у кастрычніку 2022 года.

Як перадае Associated Press, у апошнія дні свайго прэзідэнцкага тэрміна Балсанару раптоўна склікаў нараду з вышэйшым вайсковым камандаваннем краіны і прапанаваў ім план па адмене вынікаў выбараў шляхам юрыдычных маніпуляцый альбо ўвядзення надзвычайнага становішча. 

Генералітэт у адказ заявіў, што «вынікі выбараў немагчыма адмяніць вайсковым шляхам» і што за гэта прэзідэнт панясе адказнасць. У прыватнасці, Галоўнакамандуючы бразільскім войскам генерал Марка Антоніа Фрэйрэ Гомес (цяпер у адстаўцы) папярэдзіў Балсанару, «што арыштуе яго, калі той паспрабуе зладзіць дзяржпераварот».

Аднак, паводле судовых дакументаў, адзін з генералаў (былы камандуючы ваенна-марскімі сіламі Бразіліі Альмір Гарнье) усё ж выказаў лаяльнасць Балсанару, сказаўшы, «што перадасць таму ў распараджэнне свае войскі».

Сам Балсанару ўсяляк адмаўляў сваё дачыненне да спроб захапіць уладу ў Бразіліі, адзначыўшы, што «дзяржаўны пераварот — гэта калі на вуліцах танкі, зброя і змоўшчыкі. А ў Бразіліі нічога з гэтага не адбылося».

***

Нагадаем, правы папуліст Жаір Балсанару прыйшоў да ўлады ў 2018 годзе і абвясціў вайну «культурнаму марксізму», пад якім меўся на ўвазе «лібералізм».

Балсанару сфарміраваў урад на траціну з сілавікоў, абмежаваў дазволеныя падставы для абортаў, планаваў выйсці з Парыжскага пагаднення па барацьбе з пацяпленнем клімату, адмаўляў кавід, а таксама хацеў «ачысціць» Бразілію ад геяў і курсаў полавага выхавання ў школах.

Палітыка часта параўноўвалі з Дональдам Трампам, бо паводзіны былога бразільскага прэзідэнта і ягоных прыхільнікаў пасля пройгрышу на выбарах 2022-га нагадвалі тое, што адбывалася ў ЗША пасля пройгрышу Трампа ў 2020-м.

Жаір Балсанару і Дональд Трамп у 2019 годзе, калі яны былі прэзідэнтамі сваіх краін. Фота: інстаграм Балсанару

Жаір Балсанару і Дональд Трамп у 2019 годзе, калі яны былі прэзідэнтамі сваіх краін. Фота: інстаграм Балсанару

Балсанару наўпрост адмовіўся прызнаваць паразу на выбарах (адстаў ад суперніка на 1,6% галасоў), хоць і распарадзіўся пачаць падрыхтоўку да перадачы ўлады новаму прэзідэнту Луісу Інасіу Луле да Сілве. Праз два месяцы, перад самай інаўгурацыяй Лулы, ён паляцеў у ЗША.

У той жа момант прыхільнікі Балсанару пачалі блакаваць дарогі, а пасля захапілі і разграмілі прэзідэнцкі палац разам з будынкамі парламента і Вярхоўнага суда.

Паліцыя тады арыштавала паўтары тысячы ўдзельнікаў гэтых беспарадкаў. Па гэтай справе ідзе следства, і праваахоўныя органы дагэтуль падазраюць Балсанару ў падбухторванні да беспарадкаў.

Вышэйшы выбарчы суд Бразіліі ўжо пазбавіў Балсанару права абірацца прэзідэнтам краіны да 2030 года.

Чытайце таксама:

ААН і Бразілія праз Партугалію лабіруюць вывад Гуцэрыева і Галаватага з-пад санкцый

МЗС угаворвае Бразілію наладзіць пастаўкі беларускага калію, нягледзячы на санкцыі

Трактар, гарэлка, козачкі. Хто яшчэ з лідараў дзяржаў адмаўляў кавід і яго небяспеку

Клас
24
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
5
Сумна
1
Абуральна
8