Будынак беларускага пасольства ў Літве. Фота: пасольства Беларусі

Будынак беларускага пасольства ў Літве. Фота: пасольства Беларусі

Аляксандр Лукашэнка 12 сакавіка 2024 году вызваліў ад пасадаў адразу трох амбасадараў Беларусі ў краінах ЕС.

Пасады страцілі: Дзяніс Сідарэнка, ён ад 2016 года ўзначальваў дыпламатычнае прадстаўніцтва Беларусі ў Нямеччыне; Дзмітрый Мірончык, ад 2018 года быў паслом Беларусі ў Швецыі; Аляксей Самасуеў, быў амбасадарам у Фінляндыі ад 2018 года.

Хто застаўся?

Такім чынам, на сённяшні дзень афіцыйны статус пасла Беларусі ў краінах ЕС маюць толькі Андрэй Дапкюнас у Аўстрыі (ад 2020 года), Андрэй Еўдачэнка ў Нідэрландах (ад 2020 года) і Уладзімір Улаховіч у Венгрыі (ад 2022 года).

Улаховіч быў адзіным паслом, якога Лукашэнка прызначыў у Еўрасаюз пасля падзей 2020 года. Кадравае рашэнне адбылося 10 лютага 2022 года, незадоўга да пачатку вайны ва Украіне.

Былы кіраўнік гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч прысутнічаў тады на сустрэчы з Лукашэнкам. Але ні інфармацыйнае агенцтва БелТА, ані прэс-служба Лукашэнкі тады не паведамілі, якія пажаданні былі выказаныя новаму паслу.

16 чэрвеня 2022 году Уладзімір Улаховіч уручыў даверчыя граматы прэзідэнту Каталіне Новак. «Бакі канстатавалі ўзаемную зацікаўленасць у развіцці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ва ўсіх сферах з асаблівым акцэнтам на далейшае ўмацаванне гандлёва-эканамічных сувязяў», — гаварылася ў афіцыйным паведамленні беларускага боку.

У верасні 2023 года Венгрыя таксама стала першай краінай ЕС, прадстаўнік якой уручыў Аляксандру Лукашэнку даверчыя граматы. Новай амбасадаркай гэтай краіны ў Беларусі стала Зіта Ілона Бенчык. Праз месяц Беларусь з візітам наведваў міністр замежных спраў Венгрыі Пэтэр Сіярта.

У Славаччыне амбасаду закрылі

Дыпламатычнае прадстаўніцтва Беларусі ў суседняй з Венгрыяй Славакіі наогул закрылі. Рашэнне падпісанае 8 верасня 2023 года. Беларусаў, якія пражывалі ў Славакіі, перавялі на консульскі ўлік у Аўстрыю.

Апошнім паслом Беларусі ў Славаччыне быў Ігар Ляшчэня. Менавіта гэты дыпламат 16 жніўня 2020 года першым з паслоў падтрымаў пратэст і асудзіў гвалт. 18 жніўня Ляшчэня падаў у адстаўку, а 24 жніўня — пазбаўлены пасады. У верасні таго ж года былога пасла пазбавілі дыпламатычнага рангу.

У жніўні 2021 году Ігара Ляшчэню затрымалі сілавікі і змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Больш як праз тыдзень яго вызвалілі без прад’яўлення абвінавачанняў.

Каго яшчэ знялі пасля пратэстаў?

На хвалі пратэсту 2020 года дыпламатычных пасадаў таксама пазбавіліся Васіль Марковіч у Латвіі і Павел Пуставы ў Іспаніі, хоць гэтыя людзі адкрыта пратэст не падтрымлівалі. Марковіч таксама быў пазбаўлены дыпламатычнага рангу.

У інтэрв'ю «Нашай Ніве» Васіль Марковіч казаў: у амбасадзе Беларусі ў Латвіі падчас выбараў не сталі хаваць, што на іх участку перамагла Ціханоўская.

Няма паслоў у суседніх Літве і Польшчы

У лістападзе 2021 году Аляксандр Лукашэнка пазбавіў пасады пасла Беларусі ў Францыі Ігара Фісенку. Перад гэтым Фісенку выклікалі ў Менск для кансультацый. Афіцыйны Менск абурыла, што пасол Францыі ў Беларусі Нікаля дэ Лякост так і не ўручыў даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку, а толькі тагачаснаму міністру замежных спраў Уладзіміру Макею.

Не мае Беларусь паслоў і ў суседніх краінах. У чэрвені 2021 года апошняга па часе амбасадара Беларусі ў Літве Валерыя Бараноўскага прызначылі паслом на Кубу. У траўні 2022 году Лукашэнка вызваліў з пасады пасла Беларусі ў Польшчы Уладзіміра Чушава.

Дзе яшчэ няма беларускіх паслоў?

Ад чэрвеня 2020 года Беларусь не мае пасла ў Італіі. Колішняга амбасадара Аляксандра Гур’янава перавялі на пасаду першага намесніка міністра замежных спраў Беларусі. У 2021 годзе ў італьянскіх СМІ праходзіла інфармацыя, што афіцыйны Рым адмаўляецца выдаць агрэман на прызначэнне паслом прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза.

Вакантныя таксама пасады паслоў Беларусі ў Бельгіі (Аляксандр Міхневіч адпраўлены ў адстаўку ў ліпені 2021 года), Чэхіі (Валеры Курдзюкоў адпраўлены ў адстаўку ў верасні 2021 года), Балгарыі (Аляксандр Лукашэвіч зняты ў сакавіку 2022 года), Румыніі (Андрэй Грынкевіч зняты ў ліпені 2022 года), Эстоніі (Вячаслаў Качанаў зняты ў кастрычніку 2023 года).

Ня мае Беларусь на сёння амбасадара і ў Вялікай Брытаніі, якая выйшла з Еўразвязу. Максім Ермаловіч 1 жніўня 2022 года быў прызначаны намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі і пакінуў дыпламатычную працу.

Хто з еўрапейцаў застаўся?

З краінаў ЕС у Менску на сённяшні дзень ёсць два амбасадары. У 2023 годзе свайго пасла ў Беларусь адправіла Венгрыя і працягвае сваю місію ў Мінску пасол Балгарыі Георгі Васілеў. Ён на гэтай пасадзе ад 2019 года.

Сітуацыю з Італіяй падаюць па-рознаму. На сайце пасольства Тамаза П’етра Маркеджані названы «часовым павераным у справах», а вось дзяржаўнае беларускае тэлебачанне называе яго «паслом». Як бы там ні было, даверчыя граматы Лукашэнку Маркеджані не ўручаў.

Па-ранейшаму паслом Латвіі ў Беларусі значыцца Эйнарс Сэманіс, але з прыпіскай «з рэзідэнцыяй у Рызе».

У ліпені 2023 года Беларусь пакінуў амбасадар Нямеччыны Манфрэд Гутэрэр. Цяпер пасольствам кіруе часовы павераны. Пасольствам Францыі — таксама павераны ў справах Беларусі Людавік Руае.

Прадстаўніца Літвы Аста Андрыяўскене мае статус Ambassador-at-Large (пасол па асобых даручэннях), яна знаходзіцца ў Вільні. Артур Міхальскі, які быў паслом Польшчы ў Беларусі, у верасні 2023 года быў прызначаны спецпрадстаўніком МЗС Польшчы па супрацоўніцтве з дэмсіламі Беларусі. У лістападзе 2023 года Швецыя прызначыла Крыстыну Юганэсан спецпасланнікам па сувязях з дэмакратычнай Беларуссю.

Чытайце таксама:

Новы італьянскі пасол прапанаваў экспартаваць сыр з Беларусі ў Італію

Швецыя прызначыла амбасадара пры беларускіх дэмсілах

Амбасадар Міхальскі расказаў пра Макея, сустрэчу ў Ватыкане, ролю эміграцыі і мову як паветра

Клас
3
Панылы сорам
4
Ха-ха
14
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
7