Ілюстрацыйнае фота: Ashley Chan/SOPA Images/LightRocket via Getty Images

Ілюстрацыйнае фота: Ashley Chan/SOPA Images/LightRocket via Getty Images

Паводле ацэнак НАТА, страты Расіі ў вайне супраць Украіны апошнім часам значна ўзраслі, заявіў у чацвер у Бруселі генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу Енс Столтэнберг. Паводле агучанай ім інфармацыі, заходнія разведслужбы мяркуюць, што колькасць забітых і параненых расейскіх жаўнераў перавысіла лічбу 350 тысяч. Па словах генеральнага сакратара, краіна-агрэсар плаціць вельмі высокую цану за «нязначныя» тэрытарыяльныя заваёвы.

Украінскія атакі таксама патапілі або вывелі са строю значную частку расійскага Чарнаморскага флоту, дадаў Столтэнберг. У паветранай вайне Украіна, апроч іншага, збівае важныя і дарагія самалёты далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання.

Генеральны сакратар НАТА гэтым разам не ўдакладніў асобна колькасці загінулых расійскіх вайскоўцаў. У канцы лістапада 2023 года ў альянсе казалі, што такіх значна больш за 100 000 — на той момант агульныя страты ацэньваліся больш чым у 300 тысяч салдат арміі РФ.

Паводле звестак украінскага Міністэрства абароны, паводле стану на 14 сакавіка колькасць толькі загінулых на вайне супраць Украіны расійскіх вайскоўцаў складае 427 840 чалавек. Гэтыя паказчыкі, як і лічбы НАТА, не могуць быць пацверджаныя незалежнымі экспертамі ва ўмовах вайны. Расійскі бок дакладнай інфармацыі пра свае страты не дае.

Енс Столтэнберг настойліва заклікаў краіны альянсу пашырыць вайсковую дапамогу Украіне, якая ўжо трэці год абараняецца ад поўнамаштабнага расейскага ўварвання.

«Мужнасць украінцаў не вычэрпваецца, у іх заканчваюцца боепрыпасы», — заявіў ён, прадстаўляючы выніковую справаздачу за 2023 год.

Столтэнберг выказаў упэўненасць, што разам краіны НАТА маюць магчымасць даць Украіне тое, у чым яна мае патрэбу, каб і далей супрацьстаяць агрэсару. «Усе саюзнікі павінны знайсці сродкі і дзейнічаць хутка», — падкрэсліў ён.

У краін НАТА ёсць патэнцыял забяспечыць усім неабходным Украіну, але патрэбна палітычная воля, указаў ён, спаслаўшыся на сітуацыю ў ЗША, дзе рэспубліканцы ў парламенце ўжо некалькі месяцаў блакуюць працяг маштабнай дапамогі Украіне.

Пры гэтым кіраўнік НАТА спаслаўся на праведзенае альянсам апытанне, падчас якога дзве траціны рэспандэнтаў з краін, якія ўваходзяць у яго, выказаліся за працяг падтрымкі Украіны.

Кожны дзень прамаруджання мае наступствы на полі бою, наступіў «вырашальны момант», каб не дазволіць прэзідэнту РФ Пуціну перамагчы, у адваротным выпадку гэта стала б «сур'ёзнай гістарычнай памылкай», падкрэсліў ён.

Чытайце таксама:

Зяленскі: Страты УСУ ў пяць разоў меншыя за расійскія

Разведка Брытаніі ацаніла страты Расіі за два гады вайны

Шайгу ацаніў украінскія страты за час вайны ў 444 тысяч вайскоўцаў

Клас
6
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0