Аляксей Дзікавіцкі

Аляксей Дзікавіцкі

«Дзікавіцкі — крэатура звольненай дырэктаркі…»

Аляксей Дзікавіцкі выехаў у Польшчу праз палітычны пераслед на радзіме. На «Белсаце» ён з 2007 года. На тэлеканале кіраваў рэдакцыяй інфармацыйных праграм, быў намеснікам дырэктара. Цяпер стаў дырэктарам.

Былы журналіст «Белсату», які пажадаў не называць свайго імя, настойвае, што Дзікавіцкі — крэатура звольненай Агнешкі Рамашэўскай-Гузы. Яна кіравала каналам 17 гадоў. Увесь яго персанал быў «абсалютна лаяльны ёй».

«Аляксей з кім заўгодна мог скандаліць, але толькі не з Рамашэўскай, — кажа суразмоўца. — Цяпер усе, хто ў камандзе «Белсата», прысягнуць Дзікавіцкаму на вернасць».

Тым не менш вонкава выглядае, што Рамашэўская-Гузы не гатовая адназначна падтрымаць павышэнне Дзікавіцкага. «Няхай ён сам расказвае пра сваё рашэнне. Дапускаю, што ён кіраваўся логікай, што лепш, каб нехта быў знутры «Белсату», чым чужы. Ён пытаўся ў мяне, што я думаю на гэты конт. Я яму шчыра адказала, што мне ўсё роўна, хто будзе забіваць «Белсат» за гэтыя прапанаваныя 40 мільёнаў. Не важна, свой ці чужы», — адрэагавала яна на сваю адстаўку і прызначэнне Дзікавіцкага.

«Рамашэўскую хацелі пасунуць даўно…» 

Змены ў кіраўніцтве «Белсата», як паведамляецца, звязаныя з працай над новай мадэллю замежных каналаў TVP, якія фінансуюцца Міністэрствам замежных спраў Польшчы.

Суразмоўца «Нашай Нівы» кажа, што Рамашэўскую-Гузы хацелі пасунуць даўно, але не выходзіла. «Яна досыць моцна трымалася на сваёй пасадзе», — гаворыць ён.

Журналіст дапускае, што ў Дзікавіцкага можа і не быць крэатыўных ідэй па развіцці канала. Раней яны ў яго былі, але ён змяніўся. Цяпер Аляксей — не малады амбітны журналіст, а медыйны функцыянер.

Былы белсатавец дадае, што для Рамашэўскай-Гузы пасада кіраўніцы тэлеканалам была палітычнай. За творчую ж частку адказваў Дзікавіцкі, і менавіта на ім трымаўся канал, але ў яго няма тых сувязяў, якія мела яго папярэдніца.

«Белсатаўцы не будуць пратэставаць супраць змяншэння заробкаў»

Былы журналіст «Белсату» дапускае, што Дзікавіцкі не будзе самастойным у прыняцці рашэнняў. Але тое будзе залежаць, хто прыйдзе па рэфармаванні ў галоўны офіс грамадскага тэлебачання TVP.

«За ім будуць прыглядаць і даваць парады, ад якіх ён не зможа адмовіцца», — мяркуе суразмоўца.

Дзікавіцкаму давядзецца справіцца з мноствам праблемаў, фактычна вярнуцца на 10 гадоў назад.

«Цяперашні бюджэт канала роўны тагачаснаму фінансаванню, — тлумачыць суразмоўца. — Але ў той час можна было аператару ў Беларусі плаціць $500, а цяпер у Польшчы $1000 будзе замала. Таму Дзікавіцкаму трэба думаць, што з гэтым рабіць».

Непераадольная праблема у тым, што ў Беларусі цяпер немагчыма стварыць аператарскіх груп, што ўплывае на запаўненне эфіру уласным беларускім кантэнтам, даводзіць былы белсатавец.

Ён лічыць, што ніхто з яго былых калег не будзе пратэставаць супраць змяншэння заробкаў. Колькі дадуць, столькі і засвояць. І будуць удзячныя любому варыянту.

Дзікавіцкі: хочам, каб нас глядзелі і ў Расіі, і ва Украіне

У ранейшых сваіх інтэрв'ю Дзікавіцкі запэўніваў, што «Белсат» застанецца беларускамоўным каналам.

Паводле яго, па-беларуску «Белсат вяшчае 17—18 гадзін на дзень. Расейскай мове адведзены да дзвюх з паловай гадзін. Неабходнасць захавання расейскамоўнага эфіру тлумачыў наяўнасцю глядацкай аўдыторыі з Расіі і Украіны.

«Таму мы працягваем рускамоўнае вяшчанне, — казаў Дзікавіцкі. — Мы хочам, каб нас глядзелі і ў Расіі, і ва Украіне, у нас ёсць цяпер дзве беларуска-ўкраінскія праграмы. Так што мы ўсё больш становімся рэгіянальным тэлеканалам, абсалютна не губляючы сваёй беларускай ідэнтычнасці».

Дзікавіцкі лічыў у 2012 годзе, што «Белсат» змусіў кіраўніцтва Беларусі на беларусізацыю дзяржаўных каналаў. Лукашэнкаўцы абяцалі запусціць цалкам беларускамоўны канал «Беларусь-3».

«Прысутнасць у медыяпрасторы цалкам беларускамоўнага «Белсата» дало падставы заварушыцца і чыноўнікам: трэба канкураваць. Гэта пазітыўны фактар. Іншая справа, наколькі якасна гэты канал будзе зроблены, колькі ў ім будзе беларускасці. Нават калі і не атрымаецца — прынамсі, творчаму калектыву будзе карысна: падвучаць родную мову», — даводзіў тады Дзікавіцкі.

Аляксей Дзікавіцкі даследуе палескую мову

Аляксей Дзікавіцкі з Пінска — горада, які лічыцца сталіцай беларускага Палесся. У яго жыхароў адметная гаворка.

На палескай мове Дзікавіцкі выдаў зборнік вершаў і эсэ «Оньдэ».

Паводле яго меркавання, Палессе ў этнакультурным плане вельмі адрозніваецца ад іншых рэгіёнаў Беларусі. Але ментальна палешукі бліжэй да беларусаў, чым да некага іншага, у прыватнасці, украінцаў.

Палешукі ў савецкай Беларусі былі дыскрымінацыйнай групай насельніцтва, даводзіў Дзікавіцкі.

«Чалавек, які гаворыць «на чістом русском» — першы гатунак. Па-беларуску — другі гатунак. Палешукі не гаварылі ні так, ні гэтак. Таму — людзі трэцяга гатунку… Калі беларусы прыязджалі ў горад з вёскі і як хутчэй стараліся пазбыцца акцэнту, то палешукі тым больш», — тлумачыў ён.

Аляксей Дзікавіцкі, як прадстаўнік Рады БНР уручаў медалі БНР. Ён быў сярод падпісантаў звароту да кіраўніцтва Літвы з просьбай пахаваць Кастуся Каліноўскага ў Беларусі.

Глядзіце таксама:

За кратамі знаходзіцца 17 супрацоўнікаў Белсата — дырэктарка тэлеканала

Дырэктарка «Белсата» патлумачыла, што азначае скарачэнне фінансавання тэлеканала

МЗС Польшчы працягне фінансаваць тэлеканал «Белсат»

Клас
12
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?