Выбух на радыёзаводзе

Мінскі радыёзавод — гэта сучасны «Гарызонт». Сваю працу ён пачаў яшчэ ў 1940-м, а праз некалькі дзесяцігоддзяў яго вырашылі пашырыць. Так на сталічнай вуліцы Соф'і Кавалеўскай з’явіўся футаральны цэх.

Пра тое, калі менавіта гэты цэх пачаў працу, існуе некалькі версій. Паводле першай, гэта адбылося ў 1970-м, паводле другой — у кастрычніку 1971-га, паводле трэцяй — у студзені 1972-га. У кожным разе гэта было новае і вельмі прасторнае памяшканне, плошча якога складала каля 20 тысяч квадратных метраў. У ім знаходзіліся ўчасткі лакавання, шліфоўкі і зборкі футаралаў. У адну змену там працавалі сотні чалавек. Ацэнкі, зноў жа, адрозніваліся: паводле адной версіі — каля 300 чалавек, паводле іншай — больш за 700, паводле трэцяй — больш за 600 (адзначалася, што ў тры змены працавала 1900 чалавек).

У асноўным там працавала моладзь. «У нас нават быў «канвеер малалетак» — гэта хлопцы і дзяўчаты, якія ўладкаваліся сюды адразу пасля школы», — з гумарам расказвала супрацоўніца цэха Любоў Бялаўская.

Футаральны цэх Мінскага радыёзавода пасля выбуху, 1972 год. Фота: Музей пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы МНС / TUT.BY

Футаральны цэх Мінскага радыёзавода пасля выбуху, 1972 год. Фота: Музей пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы МНС / TUT.BY

Выбух велізарнай сілы здарыўся 10 сакавіка каля 19.35 — падчас абедзеннага перапынку другой змены. Першы сакратар Мінскага гаркама кампартыі Васіль Шарапаў так апісваў у мемуарах свае страшныя ўражанні: «Карціна, якая паўстала перад вачыма на вуліцы Соф'і Кавалеўскай, прынесла шок. Жалезабетонныя перакрыцці склаліся як картачны дамок, пад заваламі аказаліся жыўцом пахаванымі дзясяткі рабочых (насамрэч больш за сотню. — Заўв. рэд.). Былі чуваць стогны. Агню не было, але над усёй тэрыторыяй слаўся едкі дым».

Апошні, здаецца, ішоў ад вентыляцыйных шахтаў і смецця. Увесь жах сітуацыі быў не толькі ў абвале. Праз пашкоджанне камунікацый некаторыя людзі захлынуліся кіпнем, які лінуў з радыятараў, іншыя загінулі ад паражэння токам.

Першымі людзей, якія апынуліся пад заваламі, сталі ратаваць відавочцы. Праз восем хвілін на месца здарэння прыехалі пажарныя. Таксама ацалелыя супрацоўнікі аператыўна выклікалі міліцыю і хуткую. Сілавікі ачапілі месца выбуху. Пазней таксама прыбылі вайсковыя сапёры, якія разам з пажарнікамі пачалі разбіраць завалы ўручную.

Маламагутныя краны прывезлі пазней. Паводле адной інфармацыі — да дзясятай вечара таго ж дня. Паводле іншай — толькі раніцай наступнага. Не дачакаўшыся дапамогі, тыя, хто знаходзіўся на паверхні, прасілі ратавальнікаў адрэзаць ім канечнасці, каб хаця б так застацца жывымі. У дадатак слабая тэхніка не вытрымлівала цяжару грузаў — краны пастаянна нахіляліся, пліты з іх зрываліся. Напрыклад, у адным з выпадкаў пажарнік кінуўся пад паднятую кранам пліту, выцягнуў жанчыну — і як толькі ён адскочыў, пліта звалілася.

Дапускаліся і памылкі. Напрыклад, начальнік футаральнага цэха Мікалай Хоміў у нейкі момант паспрабаваў спыніць пажарніка, які заліваў руіны вадой: агню не было, але стаяў 15-градусны мароз. Некаторым жанчынам, каб дастаць іх з-пад руінаў, даводзілася адразаць прымерзлыя валасы. Многія перажылі выбух, але памерлі ад пераахаладжэння.

Лёс чалавека часцяком залежаў ад выпадковасці. «Адной з першых я вынес на руках маладую дзяўчыну, — успамінаў пажарнік Алег Гаўдуровіч. — Памятаю, у руках у яе быў пакет з піражкамі — за секунду да выбуху яна вярнулася ў цэх з буфета. Увесь час, пакуль я яе нёс, дзяўчына адказвала на мае пытанні, расказвала, як сябе адчувае. А перадаючы пацярпелую медыкам, я заўважыў, як выцягнуўся ў доктара твар. Азірнуўся — і пакрыўся халодным потам: у няшчаснай не было абедзвюх ног».

Ужо згаданая раней кантралёрка Любоў Бялаўская расказвала, што недзе без дзесяці сем яны з сяброўкамі пайшлі на абед. «А сталоўка знаходзілася ў іншым корпусе. Мароз у той дзень быў несусветны, таму беглі, і ў мяне растрапалася прычоска. Вядома, мне трэба было яе паправіць. Я паднялася да люстэрка на другі паверх, а потым стала даганяць дзяўчат. Уваход у цэх ішоў праз арку, толькі яны пад ёй прайшлі, пачуўся выбух. Так яны там назаўсёды і засталіся — згарэлі мае дзяўчаты».

Саму жанчыну выбуховай хваляй зацягнула па лесвіцы на другі паверх — і выкінула ў акно. «[Слесар з ахоўнікам] адцягнулі мяне да вартоўні і пабеглі іншым дапамагаць. Я паднялася і зноў пайшла да завода. Гляджу вакол — вялікі будынак склаўся як картачны дамок. І толькі бэлькі варушацца, а з-пад іх стогны і крык. Я стаяла ў здранцвенні. Нават холаду не адчувала», — успамінала яна.

У нейкі момант да Бялаўскай падбегла сяброўка: «Паглядзі, кажа, ці цэлы ў мяне твар, а то ж непрыгожа, калі твар абпалены. Я ёй махаю: не, не абпалены. Яна робіць два крокі — і як нежывая падае. Цела ў яе моцна абгарэла».

Многія з тых, хто загінуў падчас выбуху ў футаральным цэху Мінскага радыёзавода, пахаваныя на сталічных могілках Пятроўшчына. Фота: TUT.BY

Многія з тых, хто загінуў падчас выбуху ў футаральным цэху Мінскага радыёзавода, пахаваныя на сталічных могілках Пятроўшчына. Фота: TUT.BY

Пашанцавала і Мікалаю Хоміву: яго машына стаяла побач з футаральным цэхам, а вось кабінет быў у суседнім будынку. 10 сакавіка ў пачатку восьмай вечара Хоміў падпісаў там дакументы на кватэры для рабочых і накіраваўся да машыны, але ўспомніў, што не паклаў папку на стол сакратара. Вярнуўся ў кабінет — і ў той момант прагучаў выбух.

Выратавальная аперацыя доўжылася як мінімум трое сутак. На трэція суткі пад заваламі знайшлі мужчыну з прозвішчам Салавей (часам сустракаецца памылковы варыянт Салаўёў). У мужчыны былі зламаныя ногі (пасля яму іх ампутавалі), тэмпература яго цела складала каля 24 градусаў.

Вынікі трагедыі аказаліся страшнымі. У розных крыніцах называюцца розныя лічбы загінулых. Паводле адной версіі, 106 чалавек, паводле другой — як мінімум 112 (84 на месцы і 28 чалавек у першыя дні пасля трагедыі), паводле трэцяй — 148. Як успамінала Любоў Бялаўская, некаторыя з яе калегаў, якія засталіся без нагі або рукі, пазней не вытрымлівалі і скончвалі жыццё самагубствам.

Разбіральніцтва

На наступны дзень пасля трагедыі ў газеце «Правда» з’явілася кароткае паведамленне пра выбух. Ніякіх падрабязнасцяў не паведамлялася, колькасць загінулых і параненых не называлася. Гэта правакавала чуткі. Для многіх людзей, чые родныя ў тую змену пайшлі ў цэх, гэта ператварылася ў катаванне невядомасцю: яны абівалі парогі бальніц і моргаў.

Інфармацыя ў газетах пра выбух у футаральным цэху Мінскага радыёзавода. Фота: TUT.BY

Інфармацыя ў газетах пра выбух у футаральным цэху Мінскага радыёзавода. Фота: TUT.BY

У наступным 1973 годзе журналіст «Литературной газеты» Аляксандр Борын напісаў нарыс пра гэтую трагедыю. Галоўны рэдактар выдання папрасіў завізаваць матэрыял у кіраўніка БССР Пятра Машэрава. Борын прыляцеў у Мінск.

«Пётр Міронавіч спытаў мяне: «Якая мэта вашай публікацыі?» — «Перш за ўсё, каб рассеяць чуткі». — «А хіба яны яшчэ працягваюцца?» — «У Маскве — так». — «А ў Мінску, па-мойму, спыніліся». Але я ведаў, што і ў Мінску чуткі не змаўкаюць, мне расказвалі, што на рынках на ўсю моц абмяркоўваюць габрэйскую змову. Галоўным інжынерам завода быў габрэй», — пісаў Борын у мемуарах. У прыведзеным ім факце не было нічога дзіўнага: у Савецкім Саюзе квітнеў антысемітызм.

Машэраў у выніку ўсё ж завізаваў тэкст, а вось Галоўліт — галоўнае савецкае ведамства, якое адказвала за цэнзуру, — яго не прапусціла. Катэгарычна супраць выступіў сакратар ЦК КПСС Дзмітрый Усцінаў, які лічыў, што такія публікацыі падрываюць аўтарытэт савецкай прамысловасці. Галоўны рэдактар «Литературной газеты» Аляксандр Чакоўскі сказаў Усцінаву, што Машэраў лічыць інакш. У адказ крамлёўскі небажыхар буркатнуў: «Вот пусть и печатает вашу статью у себя в Белоруссии!» (такую назву нашай краіны выкарыстоўвалі за савецкім часам. — Заўв. рэд.). Акрамя Усцінава супраць выступіла і кіраўніцтва Міністэрства радыёпрамысловасці. У выніку падрабязнасці і прычыны трагедыі сталі вядомыя толькі ў канцы 1980-х, падчас перабудовы.

Паводле Васіля Шарапава, версія пра тэракт тады ўяўлялася малаімавернай, але і яе не адкідалі. Да сярэдзіны наступнага дня пасля трагедыі з савецкай сталіцы прыляцеў Усцінаў, які перыядычна дакладваў па тэлефоне пра ход расследавання савецкаму генсеку Леаніду Брэжневу (пазней Усцінаў стане міністрам абароны і будзе сярод тых, хто прымаў рашэнне ўвесці савецкія войскі ў Афганістан). «Я ўвесь час быў побач з ім. <…> Ён перыядычна адлучаўся да тэлефона, тэлефанаваў у Маскву. Аблазілі ўздоўж і ўпоперак будынак суседняга корпуса. Акрамя дохлага пацука, нічога кампраметуючага не знайшлі», — пісаў Шарапаў. Пасля гэтага ад версіі з тэрактам адмовіліся.

Што ж насамрэч стала прычынай трагедыі? Калі каротка — неэфектыўная сістэма вентыляцыі, праблемы падчас планавання і збег усіх магчымых абставінаў (у тым ліку ціск з боку чыноўнікаў).

Футаральны цэх мінскага радыёзавода праектавалі ў Ленінградзе (сучасны Санкт-Пецярбург). Як сцвярджалася ў матэрыялах следства, у працэсе першапачатковы праект быў зменены, і замест чатырох вентыляцыйных тунэляў вырашылі будаваць усяго два. Акрамя таго, першапачаткова планавалася, што ў цэху размесціцца тэкстыльная вытворчасць. Магчыма, для яе двух тунэляў было б дастаткова. А вось для шліфоўкі драўляных футаралаў — не.

Футаральны цэх Мінскага радыёзавода пасля выбуху, 1972 год. Фота: Музей пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы МНС / TUT.BY

Футаральны цэх Мінскага радыёзавода пасля выбуху, 1972 год. Фота: Музей пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы МНС / TUT.BY

Аляксандр Борын расказваў пра гэтую сітуацыю крыху інакш: «З Мінска [у Ленінград] прывезлі слоічак такога пылу [які быў у футаральных цэхах]. Паглядзелі, панюхалі, пацерлі паміж пальцаў, сказалі: «Вельмі падобны да тэкстыльнага». Вырашылі тэкстыльныя фільтры і ўзяць: для сапраўдных даследаванняў часу не было, падціскалі тэрміны, сакратар ЦК Усцінаў прыспешваў хутчэй здаць цэх — найбуйнейшы ў Еўропе. А калі яго запусцілі, аказалася, што такія фільтры ні да чаго не надаюцца, у трубах збіраецца пыл, пачаліся загаранні».

Гэта прывяло да таго, што памяшканні цэха ператварыліся ў парахавую бочку — усюды збіраўся лёгкаўзгаральны драўняны пыл.

«Аперацыя <…> выконвалася рабочымі ўручную. Спярша плямы браку і драпіны [на футаралах] зачышчалі буйназярністай наждачнай паперай, потым да бляску паліравалі самай дробнай. За адзін футарал рабочы атрымліваў 15 капеек. Праца лічылася вельмі выгаднай, а паколькі браку выходзіла шмат, то штодня некалькі дзясяткаў чалавек былі занятыя шліфоўкай. Аднак памяшканне цэха не было прыстасаванае для выканання такога віду работ. <…> Як расказвалі рабочыя, пласт пылу вымяраўся ў сантыметрах, а некаторыя вентыляцыйныя шахты былі забітыя канцэнтрацыяй драбнюткіх часцінак драўніны», — пісала журналістка Алена Анкуда.

Рабочыя неаднаразова скардзіліся на працу вентыляцыі, вялікую запыленасць і факты загарання пылу, але належных захадаў ніхто не прыняў. Адразу пасля трагедыі Хоміў паказваў Шарапаву лісты, якія дасылаў праектавальнікам сістэмы вентыляцыі ў Ленінград, і іх адпіскі.

Дырэктар завода Захаранка таксама падаў некалькі дакладных пра тое, што цэх неабходна тэрмінова спыніць, інакш магчымая трагедыя. Але яму прыгразілі, што ў выпадку спынення цэха яго выключаць з партыі. За савецкім часам гэта значыла канец кар’еры. Падставаў для клопату кіраўніцтва хапала: незадоўга да аварыі ў цэху некалькі разоў здараліся пажары.

На магілах людзей на мінскіх могілках Пятроўшчына адна дата смерці — 10 сакавіка 1972 года — і подпіс «Трагічна загінуў». Фота: TUT.BY

На магілах людзей на мінскіх могілках Пятроўшчына адна дата смерці — 10 сакавіка 1972 года — і подпіс «Трагічна загінуў». Фота: TUT.BY

Раніцай 10 сакавіка 1972 года заводская камісія па чысціні і культуры вытворчасці абследавала цэх і паставіла яму адзнаку «выдатна». А ў 19 гадзін 35 хвілін таго ж дня прагрымеў выбух.

Кіраўнік футаральнага цэха Мікалай Хоміў сцвярджаў, што прычына трагедыі была ў поліэфірным аўстрыйскім лаку, які выкарыстоўвалі для пакрыцця футаралаў — нібыта менавіта ён ператварыў драўняны пыл у выбухоўку. «Гранічна дапушчальную канцэнтрацыю пылу, які ўтвараецца падчас шліфоўкі, праектавальнікі ацанілі ў 65 грамаў на кубічны метр. Для выбуху дастаткова і 5», — казаў ён, не адмаўляючы праблемы з вентыляцыяй.

Так што менавіта вентыляцыя стала асноўнай прычынай трагедыі. Пытанне пра ўплыў лаку спрэчны. Як пісаў Васіль Шарапаў, адразу пасля трагедыі Хоміў быў перакананы, што прычына ў вентыляцыі, і пра лак у той момант не казаў ні слова. Улічваючы, што ў справе відавочна не было ніякай палітыкі, у следства і ўладаў не было прычын маніпуляваць вынікамі. Тым больш расследаванне праводзілася па гарачых слядах, а Хоміў агучваў свае аргументы ўжо ў 2012-м.

Наступствы

У расследаванні галоўную ролю адыгрывалі масквічы. Дакладней, Дзмітрый Усцінаў, які прыехаў з Масквы. Славамір Антановіч, аўтар біяграфіі Пятра Машэрава, расказваў пра размовы ў кабінеце ўрадавай камісіі. Дырэктар радыёзавода Захаранка ў чымсьці не пагадзіўся з Усцінавым і запярэчыў яму. Той грозна павярнуўся да яго: «Будзеце цяпер сядзець у турме!» Паглядзеўшы ў бок Хоміва, дадаў: «Ты таксама, Мікалай Іванавіч, сядзеш». У той жа дзень сакратар ЦК тэлефанаваў у Маскву Брэжневу: «Лёня, пайшлі ўсялякія чуткі, што гэта спланаваная дыверсія, шкодніцтва. Трэба некалькі чалавек пасадзіць у турму, каб зняць размовы. Як ты лічыш?»

Футаральны цэх мінскага радыёзавода пасля выбуху, 1972 год. Фота: Музей пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы МНС / TUT.BY

Футаральны цэх мінскага радыёзавода пасля выбуху, 1972 год. Фота: Музей пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы МНС / TUT.BY

Ніякага суда яшчэ не было, а Усцінаў ужо раздаваў указанні. Пасля таго як наступствы аварыі ліквідавалі, а карціна праяснілася, чыноўнік паляцеў у Маскву, дзе — адкрыта піша Шарапаў — і вырашалася, як пакараць кіраўніцтва прадпрыемства. Хадзілі чуткі, што пэўную ролю адыграла заступніцтва Леаніда Брэжнева. Супрацоўнікі цэха рабілі не толькі футаралы, але і мэблю для Вярхоўнага Савета СССР, эксклюзіўныя сувеніры для высокапастаўленых гасцей з-за мяжы, займаліся абсталяваннем Астанкінскай тэлевежы. Паводле адной з версій, на пасяджэнні Палітбюро генсек удакладніў: «Той самы цэх, які працаваў у Астанкіне? Абыдзіцеся з людзьмі справядліва» (паводле іншай версіі, «вы там з завадчанамі абыдзіцеся па-людску»).

Мяркуючы з усяго, намёк зразумелі. У выніку на лаву падсудных трапілі 15 абвінавачаных. Максімальныя тэрміны атрымалі кіраўнікі ленінградскага інстытута і тыя, хто меў непасрэднае дачыненне да праекта. Гэта дырэктар Нікіцін, яго намеснік Няфёдаў, галоўны інжынер праекта Дземянкоў, намеснік апошняга Яськоў, начальнік аддзела Загрэбін, галоўны спецыяліст інстытута Германовіч. Праўда, дакладнай інфармацыі пра прысуджаныя тэрміны знайсці не ўдалося.

З беларусаў пад суд адправілі дырэктара радыёзавода Захаранку, галоўнага інжынера Куцара, начальніка філіяла завода Хоміва, старшыню заводскага камітэта прафсаюза Ірадава, сакратара парткама завода Уцікава, старшыню Мінскага абкама прафсаюза рабочых радыё– і электрычнай прамысловасці Андрэева, энергетыка цэха Доштэра.

Захаранку, Хоміва і Доштэра асудзілі на розныя тэрміны турэмнага зняволення (ад аднаго да трох гадоў). Напрыклад, Хоміву выставілі прэтэнзіі, што ён падпісаў акт прыёмкі цэха пры наяўнасці дзясяткаў недахопаў. Сам ён тлумачыць гэта тым, што на яго ціснулі Міністэрства радыёпрамысловасці і ЦК. У якасці прыкладу аўралу прыводзіцца такі выпадак: у студзені ў 15 градусаў марозу на тэрыторыі прадпрыемства выкапалі ямы і ўваткнулі ў іх ствалы каштанаў — з кронамі, але спілаванымі каранямі. Усё дзеля «прыгажосці».

Хоміў атрымаў два гады, з якіх адседзеў шэсць месяцаў. Яго вызвалілі як ардэнаносца па амністыі ў гонар 50-годдзя ўтварэння СССР. Пасля гэтага яго запрасіў да сябе Машэраў і прапанаваў працу. Пікам кар’еры Хоміва стала кіраўніцтва Мінскай фабрыкай каляровага друку.

Футаральны цэх мінскага радыёзавода пасля выбуху, 1972 год. Фота: Музей пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы МНС / TUT.BY

Футаральны цэх мінскага радыёзавода пасля выбуху, 1972 год. Фота: Музей пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы МНС / TUT.BY

Усе выдаткі па кампенсацыях дзяржава ўзяла на сябе. Сваякам загінулых выплацілі па 300 рублёў (сярэдні заробак у СССР тады складаў каля 130 рублёў), пацярпелым — па 200. За дзяржаўны кошт былі праведзеныя пахаванне і памінкі. Сем’ям, якія страцілі карміцеля, прызначылі персанальныя пенсіі; тым, хто меў патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, выдзелілі 83 кватэры і 15 пакояў у інтэрнатах. Агульная сума матэрыяльнай дапамогі склала 170 тысяч рублёў. Але людзей, якія загінулі ў тым ліку праз тое, што дзяржава не хацела прыслухацца да меркавання прафесіяналаў, было ўжо не вярнуць.

Чытайце таксама:

«Арганіст». Як Адольф Клімовіч сем гадоў хаваўся пад носам у савецкіх спецслужбаў

Іван Жалтоўскі — беларускі шляхціц, які стварыў «сталінскі ампір»

Названыя найлепшыя архітэктурныя працы Беларусі апошніх гадоў ШМАТ ФОТА

Клас
4
Панылы сорам
5
Ха-ха
0
Ого
6
Сумна
27
Абуральна
26