Кіраўнік пратэстаў Джымі Шарызье (Барбекю). Фота: Odelyn Joseph / AP

Кіраўнік пратэстаў Джымі Шарызье (Барбекю). Фота: Odelyn Joseph / AP

Банды Гаіці, якія абвясцілі вайну прэм'ер-міністру Арыэлю Анры, у аўторак напалі на паліцэйскую акадэмію і галоўны аэрапорт краіны; самалёт Анры, які вяртаўся з замежнага турнэ, сеў на суседнім востраве Пуэрта-Рыка, піша Бі-бі-сі.

Правадыр кангламерату дзевяці банд, былы паліцэйскі Джымі Шэрызье па мянушцы Барбекю, у аўторак сабраў журналістаў і заявіў ім, што калі прэм'ер не сыдзе, у краіне пачнецца вайна.

«Калі Арыэль Анры не сыдзе ў адстаўку, калі міжнародная супольнасць працягне падтрымліваць яго, то мы пачнем рухацца проста да грамадзянскай вайны, якая прывядзе да генацыду», — заявіў Барбекю, які знаходзіцца пад санкцыямі ААН за парушэнні правоў чалавека.

У пачатку дня ў аўторак банды атакавалі ў сталіцы Гаіці, Порт-а-Прэнсе, паліцэйскую акадэмію, дзе вучацца больш за 800 кадэтаў. Паліцыя аб'явіла, што штурм быў адбіты.

Па словах відавочцаў, з якімі пагаварылі міжнародныя агенцтвы, стрэлы былі чутныя і каля галоўнага аэрапорта краіны, размешчанага ў Порт-а-Прэнсе міжнароднага аэрапорта імя Тусена Луверцюра.

З аэрапорта спрабавалі выляцець 250 кубінцаў, але не змаглі. «Мы ўжо павінны былі садзіцца ў самалёт, але яны знайшлі ў самалёце дзірку ад кулі», — растлумачыў агенцтву AFP па WhatsApp адзін з пасажыраў.

Аэрапорты Гаіці зараз ахоўваюць салдаты.

Прэм'ер-міністр Гаіці Арыэль Анры на мінулым тыдні паляцеў спачатку на рэгіянальны форум у паўднёваамерыканскай Гаяне, а затым — у Кенію, падпісваць пагадненне аб адпраўцы ў Гаіці міжнароднага паліцэйска-ваеннага кантынгенту.

Падчас адсутнасці прэм'ера Барбекю абвясціў яму вайну. У суботу банды напалі на некалькі паліцэйскіх участкаў, а таксама на дзве турмы ў Порт-а-Прэнсе, з якіх выпусцілі некалькі тысяч зняволеных.

Пасля гэтага ўрад абвясціў надзвычайнае становішча і каменданцкую гадзіну.

На працягу некалькіх дзён аб месцазнаходжанні Арыэля Анры нічога не было вядома, але ў аўторак улады Пуэрта-Рыка — гэты востраў уваходзіць на асаблівых правах у склад ЗША — пацвердзілі, што самалёт Анры прызямліўся ў іх.

Перад гэтым, па даных прэсы, прэм'еру адмовіла ў пасадцы Дамініканская Рэспубліка, якая мяжуе з Гаіці.

Чытайце таксама:

Банды Гаіці ўзялі штурмам турму і вызвалілі 4000 зняволеных. Краіна пагрузілася ў хаос

Не так страшна, як падаецца. Беларусы расказалі пра жыццё ў Эквадоры і разборкі мясцовых бандаў

У Эквадоры забілі вядомага пракурора, які расследаваў напад на мясцовы тэлеканал

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
0
Абуральна
4