«Усе зваршчыкі — творчыя людзі»

Па прафесіі Павел Рамейка — зваршчык. Навыкі будучай прафесіі ён пачаў асвойваць у вучылішчы, куды вырашыў паступаць яшчэ ў сёмым класе школы.

«З самага дзяцінства я гадзінамі круціў ровары, капаўся ў інструментах і розных жалязяках. Падоўгу любіў назіраць за тым, як хтосьці варочае зварачным апаратам», — успамінае Павел.

Адвучыўшыся і адслужыўшы ў войску, хлопец пачаў развіваць атрыманыя навыкі зваршчыка ў фірме бацькоў, дзе заняўся вытворчасцю вонкавай рэкламы. Цяпер Паўлу 32 гады. Ужо больш за дзясятак гадоў ён займаецца вырабам і мантажом рэкламных шыльдаў, якія можна сустрэць практычна ва ўсіх кутках Баранавічаў і за іх межамі. Сваю працу хлопец любіць і лічыць творчай.

«Праз тое, што ў такой справе трэба заўсёды ўключаць фантазію, я ўпэўнены, што ўсе зваршчыкі — гэта творчыя людзі», — адзначае Павел.

Аднак з творчасцю звязана не толькі асноўная праца хлопца.

«Усё пачалося з ровара»

У вольны ад асноўнай працы час Павел пастаянна нешта майструе. З частак старых ровараў зварвае новыя. Стварае каскадзёр-пандусы для скейтараў і аматараў BMX. А аднойчы сваімі рукамі хлопец збудаваў цэлую фарбавальную камеру. Прычым такую, якую можна ў любы момант сабраць-разабраць і пры неабходнасці перавезці.

«У гэтай камеры мы на фірме фарбуем элементы будучых рэкламных шыльдаў. Але яе памеры дазваляюць пафарбаваць ровар. Ці нават матацыкл», — тлумачыць Павел Рамейка. І дадае, што гэтую сваю працу ён лічыць самай маштабнай на гэты момант.

Аднак галоўнае захапленне Паўла цягам апошніх трох гадоў з'яўляецца вытворчасць тэхнікі. Хлопец сваімі рукамі стварае розны электратранспарт, які, па яго словах, нічым не саступае аналагам на рынку.

«Усё пачалося з ровара. Люблю гэты транспарт і катаюся з самага дзяцінства. Дык вось, мне прыйшла ідэя мадыфікаваць ровар. І я абсталяваў яго маторам», — успамінае Павел.

Сеўшы за руль атрыманай прылады, гаворыць хлопец, ён адразу ж «адчуў кайф» ад язды.

«Гэта была нібыта першая паездка за рулём мапеда або матацыкла. Уражанне ад язды было вельмі крутым!» — адзначае Павел.

Адказ Ілану Маску

Калі на рынку з'явіліся гіраскутары — мудрагелістыя двухколавыя прылады, стаўшы на якія можна ездзіць хоць на вуліцы, хоць дома — Павел таксама не змог прайсці міма навінкі.

«Аднойчы ў інтэрнэце я спантанна наткнуўся на відэаролікі, у якіх народныя ўмельцы стваралі з такіх гіраскутараў электрасамакаты — зусім іншую па сваёй сутнасці тэхніку», — расказвае Павел Рамейка.

Тэхніка, якая атрымлівалася ў народных умельцаў з інтэрнэта, выглядала даволі нядбайна. Аднак з ролікаў Павел зразумеў, што на аснове дзіцячага гіраскутара можна стварыць транспарт, які падыдзе і для дарослага.

«Я купіў гіраскутар і вырашыў паспрабаваць нешта зрабіць. Аднак мне хацелася зрабіць не самакат, а нешта больш складанае і крутое. Я задумаў змайстраваць сядзячы транспарт, падобны да папулярнага ў Амерыцы мінібайка», — успамінае Павел.

Без усялякіх чарцяжоў, арыентуючыся толькі на памеры ўласнага цела, Павел пачаў ствараць каркас будучай тэхнікі.

«Я ўсё падганяў пад памеры свайго цела, бо гэта як касцюм: галоўнае, каб было максімальна зручна, — гаворыць ён.

Праз два тыдні ягоны твор быў гатовы. Павел назваў яго «Кібертабурэткай». Гэта быў своеасаблівы адказ знакамітаму «Кібертраку» (Cybertruck) Ілана Маска.

«Сваякі выдатна ведаюць, што я заўсёды нешта майструю. Але ўсё адно былі здзіўленыя, калі ўбачылі, як я сеў і паехаў на сваім электрабайку. Яны ацанілі!» — адзначае Павел.

Электракар для бабулі

Павел быў задаволены атрыманым вынікам, але спыняцца на дасягнутым не збіраўся. Наадварот, ён зразумеў, што цяпер зможа ўвасобіць усе ідэі, на якія толькі хопіць фантазіі.

Наступны створаны ім сродак перамяшчэння кардынальна адрозніваўся ад «Кібертабурэткі». Хлопец вынайшаў чатырохколавы электратранспарт, абсталяваны вялікім багажнікам. З выгляду ён аддалена нагадваў невялікі лёгкі аўтамабіль багі.

«Гэты «электракар» я першапачаткова распрацоўваў для маёй бабулі. Думаў, ёй будзе прасцей адпраўляцца на закупы ў краму. Але з прычыны ўзросту ёй цяжка кіраваць тэхнікай, таму машына перайшла ў гаспадарку нашай фірмы. На ёй я развожу розныя грузы або проста катаюся ў сваё задавальненне», — адзначае Павел.

«Важна, каб хобі не парушала фінансавыя ліміты»

Павел запэўнівае, што большую частку сваёй тэхнікі ён стварае з непатрэбных матэрыялаў. Некаторыя з іх літаральна можна знайсці на сметніцы. За грошы, па сутнасці, хлопец дакупляе толькі амартызатары, колы і акумулятар.

«За 1500 рублёў можна стварыць тэхніку з лепшымі параметрамі і на парадак таннейшую, чым у краме. Выйдзе выдатны, магутны электрасамакат! Але важна, каб хобі не парушала фінансавыя ліміты. Усё павінна быць «па фану». Галоўнае — надаваць час свайму захапленню толькі тады, калі ёсць настрой», — перакананы Павел Рамейка.

На сённяшні дзень самаробны «аўтапарк» хлопца складаецца з пяці адзінак тэхнікі. У кожнай — сваё прызначэнне. Хочацца зладзіць дрыфт на снезе? Ёсць трохколавы электратрайк. Калі хочацца здзівіць сяброў, можна сесці на электрамінібайк, абсталяваны сігналам ад савецкай «Волгі».

«Гэты электрамінібайк я зрабіў проста дзеля жарту. Вонкава ён маленечкі, але па магутнасці не саступае сваім старэйшым «братам», — адзначае хлопец.

Найноўшай вынаходкай Паўла стаў электрасамакат у стылі культавага DeLorean — футурыстычнага аўто з фільма «Назад у будучыню». Гэты байк, па словах хлопца — ягоны працоўны конік, якім ён карыстаецца практычна штодня.

«Я дома ў цяпле, а робат за акном прыбірае тэрыторыю»

Павел адзначае, што яго ўвесь час пытаюцца пра тое, чаму ён не прадае свае вырабы.

«Каб зарабляць, гэта павінна стаць паўнавартасным відам дзейнасці. Для мяне ж працэс стварэння чарговага самаката — гэта проста класнае і цікавае хобі», — адзначае хлопец.

Павел кажа, што ўжо даўно прывык да здзіўленых поглядаў і рэакцыі людзей на яго незвычайную тэхніку.

«Каб падоўгу не расказваць людзям адно і тое ж, на свае вырабы я спецыяльна нанёс qr-код і спасылкі на сацсеткі, дзе заўсёды можна сачыць за маёй творчасцю», — расказвае майстар.

У хлопца мноства планаў па стварэнні новай электратэхнікі. Напрыклад, да наступнай зімы Павел хоча сабраць — ні многа ні мала — робата для ўборкі снегу.

«Я ўжо ўсё прыдумаў. Гэта будзе робат, якім можна кіраваць дыстанцыйна з дапамогай пульта. Я дома ў цяпле, а робат за акном ездзіць і прыбірае тэрыторыю майго двара — зручна. Ужо пачаў купляць неабходныя для яго запчасткі», — падзяліўся Павел Рамейка.

Чытайце таксама:

Хлопчык з Лунінца стварае з кардону вялікія фуры — яго відэа набіраюць сотні тысяч праглядаў

«Першае, што папрасіў перадаць з Беларусі — індзейскі строй, драўлянае каноэ і ціпі». Хто такія «беларускія індзейцы» і як яны жывуць

Нямецкі рухавік, гідраўліка, плуг у падарунак. Як выглядаюць і колькі каштуюць беларускія трактары-самаробкі 

Клас
22
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
0