Дзмітрый Шаўцоў з літарай Z на рукаве падчас «гуманітарнай» паездкі на Данбас

Дзмітрый Шаўцоў з літарай Z на рукаве падчас «гуманітарнай» паездкі на Данбас

Журналісты Радыё Свабода атрымалі ад «Кіберпартызан» звесткі з паштовай скрыні Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Там быў ліст, які расейскі Чырвоны Крыж накіраваў Дзмітрыю Шаўцову пасля ягонай паездкі на Данбас летам 2023 году, з патрабаваннем узгадняць такія паездкі.

Падчас працы над расследаваннем пра вываз украінскіх дзяцей на «перавыхаванне» ў Беларусь журналісты Свабоды знайшлі ў зліве дакументаў з паштовай скрыні Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БЧК) ліст на адрас кіраўніка беларускай арганізацыі Дзмітрыя Шаўцова ад расейскіх калегаў. Ліст датаваны 24 ліпеня 2023 году — якраз напярэдадні Шаўцоў наведаў акупаваную тэрыторыю Данецкай вобласці і менавіта тады надзеў камуфляж з літарай Z на рукаве.

У лісце да БЧК старшыня расійскага Чырвонага Крыжа Павел Саўчук выказвае занепакоенасць праз «згадкі ў СМІ, у тым ліку, у негатыўным ключы, пра візіт кіраўніцтва БЧК на тэрыторыю Данбаса».

«Улічваючы шырокі грамадскі рэзананс, хацеў бы пацвердзіць неабходнасць своечасовага ўзгаднення такіх візітаў з РЧК.

Згодна з заканадаўствам Расейскай Федэрацыі тэрыторыі Данбаса, Херсонскай і Запарожскай абласцей з'яўляюцца часткай Расіі. Грунтуючыся на прынцыпе адзінства, БЧК, як і іншым нацыянальным таварыствам, пры планаванні гуманітарных місій на расейскіх тэрыторыях трэба атрымліваць на гэта згоду ў РЧК», гаворыцца ў лісце.

У выпадку магчымых мер у адносінах Беларускага Чырвонага Крыжа на міжнародным узроўні Павел Саўчук прапанаваў «экспертна-кансультатыўную дапамогу».

У злітых з паштовай скрыні Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа даных, атрыманых «Кіберпартызанамі», — справаздачы па выдатках, спісы супрацоўнікаў з тэлефонамі і адрасамі, перапіска паміж аддзяленнямі ўнутры Беларусі, копіі дакументаў і г.д.

Іх праўдзівасць пацвердзіў Свабодзе ў тым ліку і былы амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім. У 2022 годзе ён дасылаў у БЧК запыт з просьбай даць інфармацыю пра грамадзян Украіны, якім дапамагае арганізацыя. Журналісты Свабоды знайшлі гэты запыт сярод лістоў БЧК, і Кізім пацвердзіў яго сапраўднасць.

Што да ліста РЧК беларускім калегам, то мэтаданыя файла кажуць пра тое, што дакумент быў складзены ў панядзелак, 24 ліпеня 2023 года — у дзень, які супадае з датай, пазначанай на самім дакуменце.

У расейскім Чырвоным Крыжы журналістам Свабоды не пацвердзілі і не абверглі інфармацыю пра ліст Саўчука Шаўцову. Дырэктарка дэпартамента па міжнародным супрацоўніцтве Анастасія Тэнэта, чыё імя і нумар тэлефона як кантактнай асобы пазначаныя ў лісце Саўчука да БЧК, адказала наступнае: «Гэта ўнутраная перапіска. […] Дзіўна, што які-небудзь ліст можа выцечы ў публічную прастору. Значыць, вы ўсё маеце па гэтым лісце».

У прэс-службе РЧК паведамілі, што апошні раз узаемадзеянне з беларускімі калегамі было летам мінулага года — «з нагоды трэнінгаў па надзвычайных сітуацыях».

Чытайце таксама:

Міжнародны Чырвоны Крыж прыпыніў сяброўства беларускага таварыства

«Каб дагадзіць беларускай апазіцыі». Дзмітрый Шаўцоў абурыўся, што рашэнне па беларускім Чырвоным Крыжы апублікавалі па-беларуску

Аляксей Талай стаў ганаровым сябрам Беларускага Чырвонага Крыжа

Клас
0
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
3