Сяргей Чалы Сергей Чалый Sergei Chaly

Сяргей Чалы. Скрыншот відэа chaly_live / YouTube

«Дастаткова незвычайныя выбары»

Разважаючы пра падрыхтоўку да парламенцкіх выбараў, Сяргей Чалы адзначае, што калі глядзець на лічбы, гэтыя выбары дастаткова незвычайныя.

Упершыню адбываецца маштабная ратацыя дэпутатаў. Калі да гэтага на ўсіх папярэдніх выбарах Лукашэнка гаварыў, што хоча, каб прыкладна трэцяя частка засталася ў новым складзе, бо інакш давядзецца прыкладна год новаабраным уваходзіць у справы, то цяпер тых, хто застаецца, усяго каля 7%.

(Насамрэч дэпутатаў, якія ідуць на перавыбары — 20 чалавек (18%) — «НН») 

Чытайце таксама: 110 дэпутатаў, якія трапяць у парламент-2024, — праверце спіс пасля выбараў

Чаму так адбываецца, па словах Чалага, загадка. «На першы недасведчаны погляд можна падумаць (я такія версіі ўжо сустракаў), што гэта такое скажонае выкананне калісьці дадзеных Лукашэнкам абяцанняў (прычым галоўным чынам перад сваімі ж прыхільнікамі): «Я вам абяцаў канстытуцыйную рэформу. Вось яна». «Я абяцаў вам ратацыю ўлады. Вось я вас усіх і памяняў».

На самой жа справе, па словах Чалага, «радавая траўма паражэнняў 2020 года нікуды не дзелася. Менавіта гэтым тлумачыцца падрыхтоўка сілавікоў да гэтых выбараў як да ваеннай аперацыі, так і дзеянні самога Лукашэнкі».

Аляксандр Лукашэнка. Фота: Pavel Bednyakov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Аляксандр Лукашэнка. Фота: Pavel Bednyakov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Лукашэнка не будзе вылучацца на прэзідэнцкіх выбарах

Чалы звяртае ўвагу на вельмі важны момант — абсалютна розныя функцыі выбараў у дэмакратычных і таталітарных краінах. У апошніх не народ выбірае вартага сабе кандыдата, а гэта такі рытуал, калі народ пацвярджае, што ён варты свайго кіраўніка. Чалы нагадвае, што Лукашэнка сам гаварыў менавіта гэтымі словамі: «Выбары — гэта экзамен не для мяне, а для вас».

«Аднойчы народ не здаў гэты экзамен. І я ўпэўнены, што Лукашэнка больш гэты вопыт паўтараць не будзе. Я гатовы зрабіць прагноз, што ён ніколі не будзе на прэзідэнцкіх выбарах вылучацца. Для таго, каб пазбегнуць такой неабходнасці, была створана спецыяльная грувасткая канструкцыя ў выглядзе змен функцый Усебеларускага народнага сходу, дзе Лукашэнка пажыццёва сабе забяспечыў як мінімум месца, а як максімум кіраўніцтва гэтым самам органам», — адзначае эксперт.

Усебеларускі народны сход

Гаворачы пра новы механізм улады на чале з Усебеларускім народным сходам, Чалы заўважае, што ён будзе непрацаздольны:

«Уявіце: Усебеларускі народны сход зацвярджае так званы ўнутры і знешнепалітычны курс. Гэта асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, ваенная дактрына і канцэпцыя нацыянальнай бяспекі. Адпаведна, любы новаабраны прэзідэнт павінен прытрымлівацца курсу. У адваротным выпадку ён можа быць адхілены ад улады Усебеларускім сходам — органам, які нікім не абіраецца, які дзейсная ўлада са свайго ж складу прызначае.

У гэтым выпадку пытанне нават не ў тым, што выбары становяцца бессэнсоўнымі. Пабочным, а на самой справе прамым вынікам такой сістэмы з'яўляецца тое, што ў ёй немагчымыя ўвогуле ніякія змены».

Як тлумачыць Чалы, у нармальнай дэмакратычнай краіне субʼектам зменаў зʼяўляецца прэзідэнт. У новай беларускай сістэме гэтым субʼектам павінен быць Усебеларускі народны сход (УНС), які надзелены функцыямі прытрымлівацца старога курсу.

«Адначасова так не бывае. Бліжэйшы аналаг такога органа — Іранскі савет вартавых канстытуцыі. Але нават ён у параўнанні з УНС аказваецца верхам дэмакратычнасці і гнуткасці. І гэта пры тым, што Іран — тэакратыя.

Вынікам будзе не ўмацаванне вертыкалі ўлады, а поўны астэахандроз хрыбетніка ўлады, калі гнуткасць цалкам страчана.

І гэта ўся грувасткая канструкцыя адбываецца таму, што некалі адзін чалавек не знайшоў у сабе смеласці прызнаць сваё ўласнае паражэнне», — заўважае Чалы.

Чытайце яшчэ:

Гульня ў імітацыю. БелТА апублікавала фота з выбарчага ўчастку, заблюрыўшы твары кандыдатаў

«Далей — падпал чалавека». Як улады рыхтуюцца сустракаць выбаршчыкаў

Клас
42
Панылы сорам
12
Ха-ха
22
Ого
10
Сумна
8
Абуральна
20