«Атрымаўшы інфармацыю аб тым, што гэты чалавек уяўляе пагрозу для дзяржаўнай бяспекі, Дэпартамент міграцыі прыняў рашэнне забараніць уезд у краіну гэтаму іншаземцу», — паведаміў прэс-сакратар Дэпартамента Рокас Пукінскас.
Былы лідскі міліцыянт Аляксандр Маціевіч, які ў 2020 годзе ўдзельнічаў у рэпрэсіях супраць пратэстоўцаў, каля 1,5 года жыў у Літве і займаўся ўстаноўкай вокнаў. Інфармацыю пра яго выявіла арганізацыя «Белпол», якая перадала інфармацыю літоўскім органам.
1 лютага 2024 года Дэпартамент міграцыі паведаміў, што прынята рашэнне аб пазбаўленні грамадзяніна Беларусі Аляксандра Маціевіча часовага дазволу на жыхарства ў Літве, паколькі ён не задавальняе ўмовам, якія дзейнічаюць у дачыненні да асоб, якім выдаюць такі дакумент. Маціевіч, не чакаючы далейшага развіцця падзей, неадкладна вярнуўся назад у Беларусь.
Паводле інфармацыі МУС Літвы, першы раз Маціевіч прыехаў у Літву з Польшчы, у яго была нацыянальная віза іншай краіны Еўрасаюза. У лістападзе 2022 года, калі яму выдалі дазвол на жыхарства, не было звестак пра тое, што ён можа ўяўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы.
Чытайце таксама:
Сілавік, які ўдзельнічаў у рэпрэсіях, аказаўся ў Еўропе. Ці маглі яго там затрымаць?
Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы патлумачыў, якіх беларусаў лічыць пагрозай для краіны