Нарадзіўся ў Расіі, дае грошы на беларускае

Паўлу Падкарытаву 55 гадоў. Часам ён ужывае прозвішча Бераговіч, якое насіла ягоная бабуля. Нарадзіўся Павел у Екацярынбургу, цяпер жыве ў Таліне. Мае расійскае грамадзянства і дазвол на жыхарства ў Эстоніі. Вядзе звязаны з нерухомасцю і будаўніцтвам бізнэс у Еўропе. Раней валодаў энергетычнымі прадпрыемствамі на Урале, але цяпер спыніў усе сувязі з Расіяй.

Павел Падкарытаў на Камсамольскім возеры ў Мінску, 2019 год

Павел Падкарытаў на Камсамольскім возеры ў Мінску, 2019 год

У пачатку 2000-х ён адседзеў 5 гадоў у расійскай турме праз «бізнэс-войны». За кратамі зацікавіўся сваімі беларускімі каранямі і пачаў самастойна вывучаць беларускую мову. Бабуля па кудзелі была беларускай, паходзіла з Чашніцкага раёна.

Упершыню Павел пабываў у Беларусі ў 2010 годзе, апошні раз — у лютым 2020-га. Больш за 10 гадоў ён падтрымлівае грашыма беларускую культуру. Яго прызнавалі мецэнатам года. Падчас інтэрв'ю журналіст «Свабоды» гаворыць з Паўлам па-беларуску.

У 2013 годзе Падкарытаў набыў маёнтак Падароск у Ваўкавыскім раёне, аднаўляў яго і планаваў адкрыць там турыстычны комплекс. Уклаў туды каля мільёна даляраў. Днямі стала вядома, што дзяржава забрала комплекс у Падкарытава. Але пры гэтым зняла эканамічныя абвінавачванні з супрацоўнікаў маёнтка, якія больш за год былі як бы ў закладніках.

Маёнтак Падароск, архіўнае фота

Маёнтак Падароск, архіўнае фота

Прэтэнзіі райвыканкама

«Не лічу, што гэта было справядліва і па законе», — каментуе Павел пазбаўленне яго маёмасці.

Ён тлумачыць, што ў дамовах аб набыцці маёнтка не было такіх умоў, паводле якіх комплекс маглі б забраць. Прэтэнзіі выставіў Ваўкавыскі райвыканкам. Аргументавалі іх тым, што ўсе будынкі трэба было ўвесці ў эксплуатацыю цягам двух гадоў, то-бок да 2015-га. Гэта значыць — правесці ўсе інжынерныя даследаванні будынкаў, зрабіць архітэктурна-будаўнічы праект, правесці яго экспертызу і выканаць усе будаўніча-рэстаўрацыйныя работы паводле праекта.

«Гэта немагчыма зрабіць за два гады на такім комплексе», — перакананы суразмоўца.

Павел Падкарытаў у Мастаўлянах, архіўнае фота

Павел Падкарытаў у Мастаўлянах, архіўнае фота

Цяпер падобныя дамовы распісаныя больш дакладна, працягвае ён. Толькі на распрацоўку праекта адводзяць па 2—3 гады.

Бізнэсмен кажа, што паводле дамовы яны павінны былі цягам двух гадоў не ўводзіць будынкі ў эксплуатацыю, а праводзіць там гаспадарчую дзейнасць. Яны гэта і зрабілі — падрыхтавалі тэрыторыю і будынкі для наведвання, і з канца 2014 года праводзілі ў палацы экскурсіі. Раней суды не забіралі маёмасць у падобных выпадках.

Павел адзначае, што праектаванне сапраўды зацягнулася, бо вялікую частку праекта трэба было перарабляць. Да таго ж дадатковыя абавязкі накладаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці комплексу. На канец 2023 года праект быў гатовы на 60—70%. Але, са словаў суразмоўцы, не гэта дало падставу для прэтэнзій.

Дзесяць гадоў працы

За дзесяць гадоў у маёнтку Падароск зрабілі багата працы, расказвае Павел Падкарытаў. Правялі поўную рэстаўрацыю ўязной брамы. Яна была зруйнаваная ўверсе, на ёй раслі дрэвы. Яе пачысцілі, аднавілі муроўку, як у 1875 годзе.

Павел Падкарытаў у Мінску, 2019 год

Павел Падкарытаў у Мінску, 2019 год

Будынак кузні быў расколаты амаль напалову. Яму фактычна зрабілі новы фундамент, умацавалі і апрацавалі сцены ад грыбкоў. Змантавалі ўнутры металічны павільён, на яго паставілі дах. Унутры павільёна быў гатовы інтэр’ер сувенірнай крамы, але яе не паспелі адкрыць.

Ва ўсіх будынках правялі ахоўныя працы. У палацы і афіцыне залаталі прарэхі ў даху, зрабілі водаадлівы, пафарбавалі сцены. У палацы зрабілі часовую экспазіцыю на 14 залаў, якая дазваляла праводзіць комплексную экскурсію пра гісторыю шляхты Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. Яна была часткова звязаная з лёсам былых уладальнікаў — Бохвіцаў.

У стайні зрабілі будынак са зборных павільёнаў, накрылі яе дахам. Там планавалі размясціць кавярню, якая магла б прымаць наведнікаў.

Пачалі будаваць камунікацыі, бо ў маёнтку іх не было: водаправод, каналізацыю, электрычныя сеткі. Каб зрабіць дзве свідравіны за тэрыторыяй маёнтка, дакуплялі ўчастак. Але камунікацыі не паспелі падключыць да будынкаў.

З крыміналу — на «адміністратыўку»

Пра тое, што маёнтак у прыватнага ўласніка хочуць забраць, стала вядома ў канцы 2022 года. Тады некалькі супрацоўнікаў «Маёнтка Падароск» затрымалі, на іх завялі крымінальную справу нібыта за нясплату падаткаў і страхавых унёскаў на суму амаль 400 тысяч рублёў.

«Калі я прачытаў пастанову аб завядзенні крымінальнай справы, яна мне здалася абсурднай. Там былі пазначаныя нерэальныя лічбы нібы нясплаты падаткаў. Такіх абаротаў у маёнтка Падароск ніколі не было. Мы заўжды плацілі падаткі, такой сумы не набегла б ніколі», — кажа былы ўласнік сядзібы.

Павел Падкарытаў, архіўнае фота

Павел Падкарытаў, архіўнае фота

Тады ж пракуратура параіла райвыканкаму забраць маёнтак, бо нібыта ўласнік не выконвае ўмовы. Падкарытаву прапаноўвалі добраахвотна адмовіцца ад маёнтка. Ён на гэта не пайшоў.

«Гэта было комплексным наездам», — мяркуе Падкарытаў.

У крымінальнай справе было 6 фігурантаў:

  • заснавальнік «Маёнтка Падароск» Павал Падкарытаў;
  • дырэктар «Маёнтка Падароск» Юрый Меляшкевіч;
  • фінансавы дырэктар Зміцер Карабач;
  • бухгалтарка Вольга Балтрукевіч;
  • былы дырэктар Андрэй Колас;
  • супрацоўнік фонду «Вяртанне» Сяргей Макарэвіч.

«Сяргей Макарэвіч быў прыцягнуты сюды штучна, бо ён ніколі не працаваў у «Маёнтку Падароск», ніяк не перасякаўся з фінансамі маёнтка», — каментуе Павел.

Большасць фігурантаў, апрача Падкарытава і Коласа, на той момант знаходзіліся і дагэтуль застаюцца ў Беларусі.

«Мне было зразумела, што гэтая справа — нагода затрымаць супрацоўнікаў і аказваць псіхалагічна-маральны ціск, знайсці ў дакументацыі нешта такое, каб прыцягнуць да крымінальнай адказнасці паводле нейкіх іншых падстаў», — мяркуе бізнэсмен.

Праз пяць месяцаў усіх затрыманых выпусцілі пад паруку. Крымінальную справу ў выніку закрылі «за адсутнасцю складу злачынства». Яна вылілася ў адміністрацыйную.

«Нам налічылі 300 даляраў быццам бы нясплаты падаходнага падатку і каля 500 даляраў памылкова нясплачаных унёскаў у ФСАН», — кажа Павел.

Ёсць магчымасць абскардзіць крымінальную справу яшчэ ў Вярхоўным судзе. Але цяпер гэтага рабіць не будуць.

«Сэнсу рабіць гэта зараз няма. Мы пачакаем», — кажа былы ўласнік маёнтка.

«Ці буду я жыць і працаваць без гэтага мільёна? Так, буду»

Бізнэсмен набыў комплекс у Падароску за 120 тысяч даляраў. Кажа, што за 10 гадоў уклаў у яго агулам каля мільёна даляраў.

«Я не магу сказаць, што гэта мае кішэнныя грошы. Гэта значная сума майго даходу. Яна адчувальная для мяне. Згубіць яе для мяне — праблема. Але гэта не невырашальная праблема. Гэта не ўсе грошы, якія я меў. Я разумеў, што было б глупствам укласці ўсе свае грошы ў такі рызыкоўны праект. Ці буду я жыць і працаваць без гэтага мільёна? Так, буду. Шкада мне яго? Так, шкада», — кажа ён.

Павел кажа, што рашэнне па маёнтку было для яго непрыемным, хаця і чаканым.

«Я дарослы, дасведчаны чалавек з досведам вядзення рызыкоўнага бізнэсу, бо вёў яго ў Расіі. Я па другой адукацыі юрыст. Я быў падрыхтаваны. Але калі я атрымаў незаконнае рашэнне, толкам не абгрунтаванае, то я адчуваў расчараванне, злосць», — прызнаецца ён.

Павел Падкарытаў. Фота з архіва героя

Павел Падкарытаў. Фота з архіва героя

Адначасна бізнэсмен кажа, што прымае сітуацыю такой, якой яна ёсць. Стараецца не засяроджвацца на эмоцыях, «не марнаваць час на дэпрэсію», але аналізуе, што можна зрабіць у гэты момант.

«Усё пакідаецца за плячыма, бо трэба ісці наперад», — кажа ён.

«Для мяне Беларусь — гэта культура»

Больш за 10 гадоў Павал Падкарытаў дае грошы на беларускую культуру: літаратурныя прэміі, кнігавыданне, музычныя праекты, іншыя культурніцкія ініцыятывы.

«Я ніколі не перарываў гэтую дзейнасць. Гэта тое, што я рабіў і буду рабіць», — кажа мецэнат.

Ён дадае, што не ведае, колькі праектаў падтрымаў або колькім людзям дапамог. Кажа, што частку сваёй дабрачыннасці не афішуе, бо дапамагае канкрэтным людзям у складаных сітуацыях: калі яны страцілі жытло, не маюць чаго есці, не могуць знайсці працу, просяць аплаціць некалькі семестраў у вучэльні.

«Не заўжды варта агучваць такія рэчы», — лічыць ён.

Пасля 2020 года кірунак дапамогі змяніўся. Праекты ў Беларусі бізнэсмен спансаваў праз фонд «Вяртанне». Цяпер яго ліквідавалі.

Павел Падкарытаў

Павел Падкарытаў

«Падтрымліваць праекты ўнутры Беларусі цяпер я магчымасці не маю. Вырасла колькасць праектаў, якія рэалізуюць за мяжой. Магчыма, спектр стаў нават шырэйшы. З'яўляюцца незвычайныя праекты, пакліканыя, каб аб’яднаць беларусаў культурным жыццём у тых краінах, куды яны вымушаныя былі пераехаць. Ёсць праекты, вартыя захаплення. Няма дэфіцыту ідэй», — заўважае мецэнат.

Аднак ён кажа, што не можа падтрымаць усіх і выбірае, каму дапамагаць. У яго ёсць інстытуцыя, праз якую ідзе дапамога. Рашэнні прымае Рада гэтай інстытуцыі. Адмаўляюць прыкладна палове тых, хто звяртаецца.

«Цяжка адмаўляць людзям, бо бачыш, што сітуацыя ўвогуле складаная. Людзі страцілі дамы, працу, сувязі з роднымі, сем’і распадаюцца, людзі цярпяць і фізічна, і псіхалагічна. Апынуцца на чужыне без таго, што цябе прывязвала да жыцця раней, вельмі складана. Знайсці сваё месца ў гэтым свеце, захаваць раўнавагу душэўную вельмі складана. Але, на жаль, функцыі дзяржавы ўзяць на сябе я не магу», — кажа ён.

Павел таксама кажа, што не падтрымлівае палітычныя праекты, бо ён не грамадзянін Беларусі і думае, што не мае права ўдзельнічаць у палітыцы краіны.

«Для мяне Беларусь — гэта культура. Нават «карты беларуса» ў мяне няма. Я хачу падтрымліваць праекты, звязаныя з прасторай беларускамоўнай культуры», — кажа ён.

Павел Падкарытаў, архіўнае фота

Павел Падкарытаў, архіўнае фота

На пытанне пра тое, што яму як бізнэсмену дае мецэнацтва, Павел жартуе: «Што, акрамя галаўнога болю?». Ён дадае, што прыбытку можна было чакаць ад «Маёнтка Падароск», і тое не адразу. Што тычыцца дабрачыннасці, то там камерцыйнай выгады ён не мае.

«Я хутчэй падтрымліваю вынік — пашырэнне беларускай прасторы. Я бачу, што далучаюцца новыя людзі, выходзяць кнігі, песні, людзі камунікуюць. Мяне гэта цалкам задавальняе», — кажа ён.

Адначасна ён прызнаецца, што мае ад дапамогі і нематэрыяльнае задавальненне.

«Было б глупствам адмаўляць, што кожнаму чалавеку прыемна, калі пра яго кажуць добра. Тут важна не выйсці за межы здаровай самаіроніі, не ўспрымаць сябе сапраўды як мецэната. «Пане Дабрадзею»», — іранічна кажа пра сябе ён.

Ён кажа, што не імкнецца да частых згадак у медыя або да звання «галоўнага мецэната» і медаля за сваю дзейнасць.

«Думаю, ёсць людзі, чый унёсак большы, чым мой, або дакладна не меншы. Часта я не хачу афішаваць, калі дапамагаю. Я не люблю тусовак, пакланенняў. Мне прыемна, калі пра мяне кажуць, што я дапамагаю беларускай культуры, але гэта не галоўная мая мэта, прынамсі я так думаю. Ёсць больш удзячныя сферы, дзе можна было б праславіцца», — падсумоўвае ён.

На пытанне, якія змены павінны адбыцца ў Беларусі, каб ён мог і хацеў туды прыехаць, Павал надоўга задумваецца. Кажа, што нават калі выпусцяць усіх палітвязняў, гэта не будзе гарантыяй, што падобнае не паўторыцца.

«Думаю, павінна адбыцца нешта такое, што пакажа магчымасць перадачы ўлады ў Беларусі цывілізаваным дэмакратычным шляхам, у канстытуцыйным парадку. Калі будуць прызначаныя новыя свабодныя выбары, калі забяспечаць вольную дзейнасць прэсы і грамадскіх арганізацый, калі будуць абмежаваныя паўнамоцтвы сілавых органаў, калі яны стануць на сваё месца», — мяркуе Павел.

Чытайце таксама:

«Новы 1939-ы, толькі да гаспадара сядзібы яны не могуць дацягнуцца». З уладальнікам «Маёнтка Падароск» разарвалі дамовы і забіраюць маёмасць

Бізнэсмен Падкарытаў пабываў у Антарктыдзе і ўзняў там бел-чырвона-белы сцяг — вялікая гутарка + ФОТЫ

Беларускі гісторык кіруе чатырохзоркавым гатэлем на Балканах, есць акулу штотыдзень і дзеліцца сваімі ўражаннямі

Грамадзянін Расіі стварае музей беларускай шляхты: Павел Падкарытаў — мецэнат года

Клас
28
Панылы сорам
2
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
7
Абуральна
7