Аўтар запісу, які пад нікам ne_ochen_vkusno публікуе на сваёй старонцы тыктоку відэа відавочных парушэнняў у розных крамах Гомеля, спачатку прадэманстраваў «безлімітнага акуня», якога выклалі на прылаўкі з прывабнай зніжкай, аднак без выразнага пазначэння тэрміну прыдатнасці. Гэта з'яўляецца парушэннем патрабаванняў заканадаўства, паколькі не дае пакупніку дакладнай інфармацыі адносна свежасці прадукту.

Далей на прылаўку з хлебабулачнымі вырабамі мужчына заўважыў яшчэ адно парушэнне, бачнае няўзброеным вокам: на наборы булачак, выкладзеных у заводскай упакоўцы, бачная цвіль. Паводле слоў аўтара відэа, гэта магло адбыцца праз «парушэнне цэласнасці ўпакоўкі».

Пры гэтым «праблемнай» (менавіта так пра яе выказалася супрацоўніца крамы, якой мужчына звярнуў увагу на парушэнне) аказалася практычна ўся партыя — прадаўцам прыйшлося здымаць тавар з продажу і афармляць вяртанне вытворцу.

«Крама для каго? Для людзей, не для жывёл. Мы ж не жывёлы, мы людзі. Мы хочам свежае есці», — павучаў мужчына на відэа работніцу крамы.

На патрабаванне ўважлівага пакупніка прадаўцы сапраўды прыбралі з прылаўка пратэрмінаваную прадукцыю. Тым не менш, шматлікія відэа на старонцы гомельца наглядна дэманструюць, што пакупнікам варта быць уважлівымі і правяраць тэрмін прыдатнасці тавараў ва ўсіх крамах, а не толькі ў сетцы «Еўраопт».

Так, на іншых відэа гэтага ж карыстальніка ёсць прыклады з іншых крам Гомеля — пратэрмінаванай мойвы з крамы «Аркада», хлеба з цвіллю з крамы «Дыяніс» і пратэрмінаванай ялавічыны з «Капеечкі».

Зрэшты, мяркуючы па каментарах пад відэа, гэтая праблема не абмяжоўваецца адным абласным цэнтрам — з ёй сутыкаюцца пакупнікі па ўсёй Беларусі.

Пры гэтым частка падпісчыкаў стала на бок прадаўцоў, апраўдваючы іх нежаданне па ўласнай ініцыятыве і своечасова прыбіраць прадукцыю з відавочна прамінулымі тэрмінамі прыдатнасці патрабаваннямі, якія да іх выстаўляюць працадаўцы.

«Не сакрэт, што прадаўцоў яшчэ прымушаюць выкупляць пратэрміноўку», — напісаў адзін з карыстальнікаў.

«Вы прапануйце штат работнікаў павялічыць і заробак падняць работнікам. Да кіраўніцтва арганізацыі прад'явіце прэтэнзіі, каб стварылі ўмовы для працы», — паспрабаваў іншы глядач перакласці адказнасць за пратэрміноўку на паліцах крам на іх уладальнікаў.

Аднак тых, хто падтрымаў аўтара відэа, які публічна агучыў гэтую праблему, у каментарах было ўсё ж больш. Некаторыя ўвогуле прапанавалі зрабіць такія «праверкі» сіламі «інтэрнэт-актывістаў» рэгулярнымі, каб «навесці парадак» у сферы гандлю.

Чытайце таксама:

У гродзенскай краме малако «амаладзілі» на тыдзень звычайнай ручкай

Журналісты пула Караніка прывезлі аленям 2,5 тоны гнілой садавіны. Жывёлы есці не сталі

З-за новых правілаў «на рэспубліканскім узроўні» ў Лунінцы паўстаў дэфіцыт хлеба

Клас
8
Панылы сорам
6
Ха-ха
6
Ого
1
Сумна
7
Абуральна
7