Любоў Аляксандра Лукашэнкі да таварыства маладых дзяўчат добра вядомая. Палітык, які фармальна ў шлюбе, вельмі любіць танцаваць з мадэлямі і студэнткамі, якіх для яго выбіраюць падчас кастынгаў. 

А праца ў службе пратакола Лукашэнкі нярэдка робіцца для дзяўчат з яго атачэння сур’ёзным кар’ерным трамплінам. У верасні 2020 года мадэльер Саша Варламаў сцвярджаў, што на замову чыноўнікаў быў вымушаны падбіраць дзяўчат мадэльнага выгляду для Лукашэнкі і ягоных сяброў у лазню. Але беларускі палітык не самотны: вельмі многія дыктатары выкарыстоўвалі ўладу, каб атачыць сябе цэлымі гарэмамі.

І калі ў дэмакратычных краінах нават намёк на нейкую распусту лёгка можа нанесці ўдар па кар’еры паспяховага палітыка, то сярод аўтакратаў такія паводзіны лічацца ледзь не нормай.

Мусаліні і гвалт над шматлікімі каханкамі

Італьянскі фашысцкі дыктатар Беніта Мусаліні ўпершыню ажаніўся яшчэ на раннім этапе сваёй палітычнай кар’еры, у 1914 годзе. Яго абранніцай стала ўладальніца салона прыгажосці з Трэнта Іда Дальзер, якая дзеля каханага прадала свой бізнэс, а пазней нарадзіла яму сына. Спрабуючы заваяваць Іду, якая была старэйшая за яго на тры гады, будучы дыктатар пісаў ёй жарсныя любоўныя лісты.

Беніта Мусаліні. Фота: Wikimedia Commons

Беніта Мусаліні. Фота: Wikimedia Commons

Аднак ужо ў наступным годзе пасля вяселля ён кінуў першую жонку і ажаніўся з прыгожай дзяўчынай з сялянскай сям'і Ракеле Гуідзі, якая была на дзесяць гадоў маладзейшая за Іду (і якая яшчэ да першага вяселля Мусаліні паспела нарадзіць яму пазашлюбную дачку).

Пасля прыходу да ўлады ў 1922 годзе Мусаліні вырашыў, што інфармацыя пра першы кароткі шлюб і пакінутую ім сям’ю можа перашкодзіць яго палітычнай кар’еры. Фашысцкія чыноўнікі паспрабавалі знішчыць усе дакументальныя сляды гэтага шлюбу, але выпусцілі з-пад увагі даведку гарадской рады Мілана, якая загадвала Мусаліні выплачваць аліменты «яго жонцы Ідзе Дальзер» і іх дзіцяці.

Адмовілася замоўчваць былы шлюб і сама Іда, праз што фашысцкія ўлады адправілі яе ў псіхіятрычную бальніцу, а потым — у прытулак для душэўна хворых. Там яна і памерла ў 1937 годзе ва ўзросце 57 гадоў — нібыта ад кровазліцця ў мозг. Агульнага сына жанчыны і дыктатара, які таксама насіў імя Беніта, перад гэтым выкралі — і сказалі яму, што ягоная маці памерла. Хлопчыку забаранілі расказваць пра тое, хто быў яго бацькам, і абвясцілі, як і маму, псіхічна хворым.

А ў 1942 годзе ва ўзросце 27 гадоў памёр і ён — у прытулку пасля некалькіх ін'екцый, якія выклікалі ў яго кому.

Шлюб з Мусаліні не прынёс шчасця і другой жонцы, якая нарадзіла яму пяцярых дзяцей. Будучы жанатым, Мусаліні меў сэксуальную сувязь з сотнямі жанчын. Паводле ацэнак аўтара кнігі «Дучэ і яго жанчыны» Раберта Ола, агульная колькасць яго каханак магло даходзіць да 400, уключаючы, магчыма, і апошнюю каралеву Італіі Марыю Жазэ Бельгійскую (на момант іх імавернай сувязі яна была яшчэ прынцэсай).

Прапаганда не асабліва хавала сэксуальную апантанасць дучэ. Наадварот, яна стала часткай міфа пра Мусаліні як пра вялікага правадыра. Часткова праз гэта да канца жыцця італьянскі дыктатар прыахвоціўся да нямецкіх таблетак — афрадызіяку пад гандлёвай маркай «Хармовін» — «Віягры» таго часу.

З жанчынамі падчас сэксу ён быў вельмі грубы, літаральна збіваючы іх падчас полавых актаў у сваім кабінеце. Такія паводзіны былі звязаныя з юнацтвам Мусаліні, які ў падлеткавым узросце быў заўсёднікам гарадскога бардэля ў Прэдапіа. Пазней дыктатар прызнаваўся, што для ўзбуджэння яму трэба было ўявіць, што жанчына, якая дзеліць з ім ложак, — прастытутка. Сэкс у разуменні Мусаліні не адрозніваўся ад згвалтавання. У адным з лістоў ён нават апісваў свае здзекі з маладзенькай дзяўчыны-цнатліўкі, якая, зрэшты, паводле яго, «дзьмулася нядоўга» і пасля гэтага яшчэ тры месяцы сустракалася з дучэ.

Клара Петачы, адна з «доўгачасовых» каханак Мусаліні, разам з якой дыктатара пакаралі смерцю ў 1945 годзе італьянскія антыфашысты, пакінула дзённікі, з якіх можна меркаваць пра размах і характар сэксуальнага жыцця дучэ пад старасць. Сама Петачы, дачка ватыканскага доктара, пазнаёмілася з 49-гадовым Мусаліні ў 1932 годзе і стала яго каханкай праз чатыры гады. Аднойчы раўнівая дзяўчына заспела дыктатара за сэксам з адной з ранейшых каханак. Апраўдваючыся, дучэ сказаў ёй, што ідэя спаць толькі з адной жанчынай для яго неймаверная. Разгаварыўшыся, ён расказаў Петачы, што ў яго жыцці быў перыяд, калі ў яго адначасова было 14 каханак: «Я прымаў трох і чатырох кожны вечар, адну за адной. Гэта дапаможа вам зразумець маю сэксуальнасць».

Пацвярджала Петачы і агрэсію Мусаліні ў сэксе: «Мы кахаліся з такой сілай, што, кусаючы мяне за плячо, ён пакінуў на ім сляды зубоў».

Целы Беніта Мусаліні (другое злева) і яго каханкі Клары Петачы (у цэнтры), вывешаныя пасля іх пакарання смерцю на цэнтральнай плошчы Мілана. 1945 г. Фота: Vincenzo Carrese, Public Domain, commons.wikimedia.org

Целы Беніта Мусаліні (другое злева) і яго каханкі Клары Петачы (у цэнтры), вывешаныя пасля іх пакарання смерцю на цэнтральнай плошчы Мілана. 1945 г. Фота: Vincenzo Carrese, Public Domain, commons.wikimedia.org

Пры гэтым ініцыятарамі сустрэч з дучэ былі, як правіла, самі жанчыны. Пасля прыходу да ўлады да дыктатара прыходзіла мноства прапановаў сустрэцца ад прыхільніц. Некаторыя абранніцы з іх ліку і траплялі на кароткую аднаразовую сустрэчу з лідарам фашысцкай дзяржавы. Сэкс з ім звычайна доўжыўся не больш за пяць хвілін — задавальненне партнёрак Мусаліні не цікавіла.

«Атрад уцехаў» для Кімаў і іх набліжаных

Са словаў перабежчыкаў з Паўночнай Карэі вядома, што з канца 1970-х гадоў у КНДР існуе так званы атрад уцехаў (па-карэйску назва гучыць як «кіпымджо»). У іншых перакладах гэтае падраздзяленне могуць называць таксама «брыгадай уцехаў» ці «брыгадай радасці». Паводле некаторых сведчанняў, у сярэдзіне 2010-х гадоў «атрад уцехаў» складаўся з 2000 паўночнакарэйскіх дзяўчат, падзеленых на тры падраздзяленні:

  • «група задавальнення» — для сэксуальных паслуг;
  • «група шчасця» — для масажу;
  • «група радасці» — для напаўаголеных танцаў, спеваў і ігры на музычных інструментах; таксама дзяўчат з гэтага падраздзялення выкарыстоўваюць як афіцыянтак на розных мерапрыемствах.

Паводле звестак паўднёвакарэйскай газеты «Чосан ільбо», штомесячная зарплата жанчын, якія працуюць у палацах і рэзідэнцыях Кімаў, складае каля 2 тысяч даляраў. Калі гэта праўда, то ўтрыманне «атрада ўцехаў» можа абыходзіцца бюджэту зусім небагатай Паўночнай Карэі не менш чым у 4 мільёны даляраў за месяц — ці амаль 50 мільёнаў даляраў за год.

У момант прыходу да ўлады Кім Чэн Ына ў Паўночнай Карэі выбіралі новых дзяўчат у гэтую «трупу» — пасля расфармавання папярэдняга складу, што забаўляў яго нябожчыка бацьку. Пры гэтым звольненым дзяўчатам у абмен на клятву захоўваць таямніцу пра асаблівасці сваёй службы выплацілі вялізныя як на КНДР выходныя дапамогі па 4 тысячы даляраў.

Паўднёвакарэйскія СМІ публікавалі запісаныя са словаў збеглых з Паўночнай Карэі грамадзян умовы адбору ў «брыгаду радасці». З часоў першага паўночнакарэйскага дыктатара Кім Ір Сена ў яе залічваюць стройных дзяўчат з мілавіднымі тварамі ва ўзросце ад 14 да 25 гадоў ростам не менш за 160 сантыметраў. Зрэшты, падчас кіравання наступнага дыктатара, Кім Чэн Іра, праз ягоны маленькі рост у «атрад уцехаў», наадварот, не бралі дзяўчат, вышэйшых за 165 см. Сцвярджаецца, што ўсе праходзяць праверку на цнатлівасць — тых, хто ўжо меў сэксуальны досвед, у брыгаду не бяруць (насамрэч гэта антынавуковы метад — з дапамогай медыцынскага агляду дзявоцкай плявы немагчыма дакладна высветліць, ці мела жанчына вагінальны сэкс).

Кандыдаткі ў «атрад уцехаў» мусяць таксама дэманстраваць прыхільнасць афіцыйнай ідэалогіі паўночнакарэйскай дзяржавы. Дзяўчат для яго шукаюць па ўсёй краіне. І калі нейкую з іх улады прызнаюць годнай, яе траплянне ў гэты «гарэм» перадвызначанае: сваякі нават не наважваюцца выказваць сваю незадаволенасць гэтым. Саміх дзяўчат пры гэтым могуць падманваць, абяцаючы ім годную працу і дапамогу ва ўступленні ў Працоўную партыю Карэі.

У 1999 годзе з КНДР уцякла Кім Сон Хі, якая сцвярджала, што служыла ў «атрадзе ўцехаў». Таленавітая і прывабная дзяўчына ўжо ў 15 гадоў паступіла ў Пхеньянскі універсітэт мастацтваў, дзе збіралася стаць акторкай. Але ў 18 гадоў яе выбралі ў атрад, дзе яна фактычна выконвала функцыі сэксуальнай рабыні. Паводле яе словаў, дзяўчат там прымушаюць да сэксу з цяперашнім лідарам КНДР і яго набліжанымі, а ў выпадку цяжарнасці прымушаюць рабіць аборт.

Як сцвярджала Кім Сон Хі, пасля дасягнення 25-гадовага ўзросту дзяўчат з «атрада ўцехаў» часта сілком выдаюць за якога-небудзь чыноўніка. Падчас службы карэянкам, якія трапілі ў брыгаду, забараняюць мець зносіны з іх сем’ямі. А некаторым па капрызе дыктатара могуць афіцыйна змяніць немілагучнае на яго думку імя.

Вельмі падобную гісторыю ў 2010 годзе расказала журналістам яшчэ адна дзяўчына, якая ўцякла з КНДР, — Мі Хян. Гэта дазваляе сцвярджаць, што аповеды пра «атрады ўцехаў» — не проста выдумкі або перабольшанні збеглых паўночнакарэйскіх грамадзян, закліканыя абудзіць спачуванне ў слухачоў.

У 2001 годзе з Паўночнай Карэі збег японец Кэндзі Фудзімота, асабісты кухар Кім Чэн Іра — бацькі цяперашняга кіраўніка КНДР Кім Чэн Ына. Фудзімота 13 гадоў за пяць тысяч даляраў на месяц гатаваў Кімам сушы — а ў прамежках паміж гэтым назіраў за іх ладам жыцця. Пасля ўцёкаў з краіны ён падзяліўся сваімі назіраннямі на старонках кнігі «Кухар Кім Чэн Іра». Паводле японца, банкеты з удзелам Кім Чэн Іра часта перарасталі ў сапраўдныя папойкі і оргіі. Так, на адным з іх дыктатар загадаў дзяўчатам, якія абслугоўвалі мерапрыемства, раздзецца і галяком танцаваць з апранутымі ў глухія фрэнчы апаратчыкамі.

Не будзе лішнім згадаць, што цяперашні паўночнакарэйскі дыктатар Кім Чэн Ын жанаты. У афіцыйных шлюбах у перыяд знаходжання ва ўладзе былі і яго бацька з дзедам.

19 жонак імператара-людаеда Бакасы

Прэзідэнт Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі (ЦАР), а потым імператар Цэнтральнаафрыканскай імперыі Жан Бедэль Бакаса I, які кіраваў у 1966−1976 гадах, больш за ўсё вядомы чуткамі пра свой канібалізм.

Імператар Бакаса I і адна з яго жонак, імператрыца Кацярына Марціна Данг’ядэ на бяседзе з нагоды каранацыі, 1976 год. Фота: CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Імператар Бакаса I і адна з яго жонак, імператрыца Кацярына Марціна Данг’ядэ на бяседзе з нагоды каранацыі, 1976 год. Фота: CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Савецкі медык і міністр Яўген Чазаў у сваіх успамінах расказаў, як саюзнік Крамля Бакаса падчас лячэння ў СССР палюбіў рускую кухню і пасля выздараўлення папрасіў адправіць да яго мясцовага кухара. А той знайшоў у прэзідэнцкай лядоўні чалавечае мяса — і ў жаху ўцёк у амбасаду. Падчас сваёй каранацыі Бакаса жорстка пажартаваў з французскага амбасадара, якому сказаў: «Напэўна, вы нават не заўважылі, але вы елі чалавечае мяса». Вядома таксама, што сваіх ворагаў лідар ЦАР скормліваў ільвам і кракадзілам.

Не менш шакавальным было і сямейнае жыццё Бакасы. У цэнтральнаафрыканскага прэзідэнта-імператара быў цэлы гарэм з 19 жонак, якія нарадзілі яму каля сотні спадчыннікаў. Дыктатар гвалтоўна забіраў сваіх будучых нявест з іх сем’яў, а самых непакорлівых да вяселля трымаў у турме. Некаторыя жонкі Бакасы спрабавалі скончыць жыццё самагубствам або збегчы з палаца.

У такім жа духу Бакаса выхоўваў і сваіх шматлікіх сыноў. Пасля дасягнення 12 гадоў кожны з іх атрымліваў у падарунак дасведчаную наложніцу. Паводле правілаў Бакасы, ні адна жанчына ў яго палацы, акрамя жонкі французскага амбасадара, не магла адмовіць любому з «прынцаў» у сэксе.

Небяспечныя сувязі з Ідзі Амінам

Яшчэ адзін экстравагантны афрыканскі дыктатар, кіраўнік Уганды Ідзі Амін, абвясціў сябе нават не мясцовым імператарам, а каралём Шатландыі. Гэта адбылося пасля таго, як праз закрыццё амбасады Вялікабрытаніі ў сваёй краіне Амін абвясціў Злучанаму Каралеўству вайну, а потым заявіў пра сваю перамогу над ім.

Поўны тытул Ідзі Аміна як лідара Уганды гучаў так: «Яго вяльможнасць, пажыццёвы прэзідэнт, фельдмаршал Аль-Хаджы доктар Ідзі Амін Дада, кавалер Крыжа Вікторыі, ордэна «За выбітныя заслугі» і Вайсковага крыжа, уладар усіх звяроў на зямлі і рыб у моры, заваёўнік Брытанскай імперыі ў Афрыцы ў цэлым і ва Угандзе ў прыватнасці». Адзін з самых жорсткіх дыктатараў у гісторыі, Амін кіраваў Угандай з 1971 да 1979 года.

Як расказвае ў сваёй кнізе «Крывавая дзяржава» былы міністр аховы здароўя Уганды Генры Кіемба, у Ідзі Аміна было 5 афіцыйных жонак і каля 30 каханак — і больш за 30 дзяцей ад усіх іх. З першымі трыма жонкамі дыктатар развёўся ў 1974 годзе, пасля вяселля з чацвёртай — танцоркай Медынай.

Фармальныя прычыны разводу былі абсурднымі. Дзвюх жонак, Мальяму і Нору, ён абвінаваціў у непрыстойным для сваякоў прэзідэнта вядзенні бізнэсу — пры тым, што за год да гэтага ён сам падарыў ім крамы тканін падчас выгнання з Уганды азіятаў і перадзелу іх уласнасці. А з трэцяй жонкай, Кей, Амін фармальна развёўся праз тое, што яна была яго стрыечнай сястрой: нібыта дыктатара завалілі скаргамі на тое, што іх сваяцтва занадта блізкае. Сапраўднай жа прычынай разводу стала распуста самога Аміна, праз якую ён перастаў мець зносіны са сваімі першымі жонкамі. Сумуючы ад жыцця ў амаль поўнай ізаляцыі, яны завялі каханкаў — а Кей нават зацяжарала.

Неўзабаве пасля разводу цяжарную Кей забілі — хутчэй за ўсё, на загад Аміна. А на Мальяму здзейснілі няўдалы замах, пасля якога тая здолела збегчы ў Вялікабрытанію.

Пятай жонкай Аміна стала яшчэ адна танцорка, Сара. Яна трапіла ў поле зроку дыктатара, калі ёй было 18 гадоў. Дзяўчына сустракалася з іншым мужчынам і зацяжарала ад яго. На загад Аміна Сару адправілі нараджаць у элітную бальніцу, а народжанае дзіця прэзідэнт афіцыйна абвясціў сваім. Пры гэтым Сара вярнулася ў дом свайго маладога чалавека, але яе рэгулярна вазілі адтуль у рэзідэнцыю Аміна. Аднак у красавіку 1975 года хлопец не вытрымаў гэтых здзекаў — пасля чаго назаўжды знік. У жніўні таго ж года дзяўчына выйшла замуж за чалавека, які, хутчэй за ўсё, аддаў загад забіць сапраўднага бацьку яе дзіцяці.

Ідзі Амін, як і многія іншыя дыктатары, быў абсалютна неўтаймаваным у сэксуальным жыцці. Сярод трох дзясяткаў яго каханак каля дзесяці былі ў статусе «неафіцыйных» жонак — у тым ліку дзве яго асабістыя сакратаркі. Адна з іх нарадзіла Аміну двайнят, якіх ён прызнаў сваімі дзецьмі, — але потым трапіла ў няласку, бо пярэчыла супраць бязладных амурных прыгод дыктатара. Як сцвярджаў Кіемба, Амін меў любоўныя сувязі з дзясяткамі жанчын усіх расаў і многіх нацыянальнасцяў: ад школьніц да сталых жанчын, ад дзяўчат з вуліц да выкладчыц універсітэтаў.

«Гарэм» і «гвардыя амазонак» Кадафі

У 2014 годзе французская журналістка Анік Кажан расказала ў сваёй кнізе «Наложніцы: Гарэм Кадафі» пра сотні лівійскіх дзяўчат, якіх з капрызу кіраўніка краіны Муамара Кадафі выкрадалі з сем’яў, гвалтавалі і гадамі трымалі ў сэксуальным рабстве.

У краіне, з яе словаў, была створаная цэлая сетка для забяспечання дыктатара дзяўчатамі для яго штодзённых «патрэбаў». У гэтым «паляванні» былі замяшаныя дыпламаты, вайскоўцы, целаахоўнікі, работнікі адміністрацыі дыктатара і службы пратаколу. У некаторых выпадках дзяўчат ці, хутчэй, дзяўчынак, Кадафі ў свой «гарэм» адбіраў сам — як, напрыклад, 15-гадовую Сараю, якую ў яе школе выбралі для таго, каб уручыць букет кветак дыктатару падчас яго візіту.

Зрэшты, валодання «гарэмам» з сотняў юных дзяўчат лівійскаму дыктатару было мала. У пачатку 1980-х гадоў Кадафі даручыў сваю ахову групе жанчын-целаахоўніц мадэльнага выгляду. Фармальна гэта тлумачылася тым, што патэнцыйнаму ўдзельніку замаху — арабу — у сілу культурных і рэлігійных меркаванняў было б складана адкрыць агонь па жанчынах. Аднак верагодней за ўсё такі выбар аховы стаў проста вынікам любові дыктатара да атачэння сябе маладымі жанчынамі. Атрад целаахоўніц, вядомы як «манашкі рэвалюцыі» або «гвардыя амазонак», суправаджаў Кадафі падчас замежных паездак. Напрыклад, Францыю ў 2007 годзе ён наведаў у таварыстве 30 дзяўчат у вайсковай форме.

Для навучання мадэляў-бодзігардаў у Лівіі нават была створаная спецыяльная школа. Выпускніцы гэтай навучальнай установы для трапляння ў асабістую гвардыю дыктатара мусілі не толькі навучыцца абыходжанню са зброяй і авалодаць баявымі мастацтвамі, але і захаваць цнатлівасць.

Сэксуальны гігант «Вострава свабоды»

Кубінскі дыктатар Фідэль Кастра быў у розны час жанаты з дзвюма жанчынамі, ад якіх меў шасцярых дзяцей. Акрамя таго, у лідара Кубы было не менш за чацвёра пазашлюбных дзяцей ад розных жанчын.

Аднак гэтыя лічбы не даюць нават прыблізнага ўяўлення пра сэксуальныя апетыты камандантэ, які на словах быў узорам аскетызму і сціпласці, сцвярджаючы, напрыклад, што жыве ў рыбацкай хаціне на 900 песа (43 даляры) за месяц. Паводле падлікаў журналістаў, за сваё жыццё ён мог пераспаць прыкладна з 35 тысячамі жанчын. Як расказала крыніца з атачэння дыктатара, цягам дня Фідэль займаўся сэксам не менш чым з дзвюма рознымі жанчынамі, а яго ахоўнікі літаральна гойсалі па пляжах Гаваны ў пошуках новых аб’ектаў жарсці для свайго шэфа.

Былы ахоўнік Кастра Хуан Рэйнальда Санчэс прысвяціў амурным прыгодам кубінскага лідара значную частку сваёй кнігі «Падвойнае жыццё Фідэля Кастра: мае 17 гадоў у якасці целаахоўніка вялікага лідара». Паводле яго, дыктатар здраджваў сваёй першай жонцы Мірце Дыяс-Баларт з замужняй прыгажуняй Наталляй Рэвуэлтай, якая нарадзіла яму адзіную дачку (усе астатнія вядомыя дзеці Кастра мужчынскага полу). А другой жонцы лідар кубінскай рэвалюцыі здрадзіў, спакусіўшы асабістую сакратарку Селію Санчэс. Таксама Кастра пераспаў са сваімі перакладчыцамі з англійскай і французскай, сцюардэсай, якая суправаджала яго ў замежных паездках, і многімі іншымі жанчынамі.

«Гарэм» і опіум Ніязава

Як сцвярджае былы старшыня Цэнтрабанка Туркменістана Худайберды Аразаў, «гарэм» першага прэзідэнта Туркменістана Сапармурата Ніязава аднамомантна налічваў ад 500 да 1000 юных туркменскіх дзяўчат. А ўсяго праз яго паспелі прайсці тысячы дзяўчат 15−16 гадоў. Як сцвярджаў экс-чыноўнік, Туркменбашы ў перыяд свайго знаходжання ва ўладзе існавання гарэма асабліва не хаваў: «Я асабіста бачыў, як Туркменбашы вёў паседжанні ўрада, лежучы ў атачэнні малалетак, якіх ён, не саромеючыся прысутных, гладзіў па стройных ножках».

А ў 1994 годзе дыктатар у гутарцы з расійскім скульптарам Эрнстам Неізвесным расхвальваў наркотык опіум як сродак умацавання «мужчынскай сілы».

Чытайце таксама:

Як склаліся лёсы былых кіраўнікоў КДБ

Яны вернуцца! Як выгнаннікі ўзначалілі палітыку посткамуністычнай Еўропы

Кім Чэн Ын будуе курорт «тыпу Ібіцы». За валюту — любы капрыз

Клас
17
Панылы сорам
17
Ха-ха
6
Ого
12
Сумна
6
Абуральна
53