«Беларускі амбасадар пакінуў Украіну ў сакавіку 2022 года. Але яшчэ раней эвакуявалі супрацоўнікаў расійскай амбасады.

Я ж заставаўся ў Беларусі больш за год пасля поўнамаштабнага ўварвання і быў у нейкай ступені гарантам таго, што ніякіх планаў нападу Украіны на вашу краіну не было», — успомніў Ігар Кізім падчас эфіру і нагадаў пра папулярны мем Лукашэнкі.

«Заявы аб тым, «адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад», не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Увогуле, думаю, калі б беларускія ўлады ведалі пра рашэнне атакаваць Украіну з тэрыторыі Беларусі, то свайго амбасадара з Кіева адклікалі б да ўварвання. Але тое, калі гэта адбылося, ускосна пацвярджае факт, што беларускія ўзброеныя сілы не планавалася выкарыстоўваць. І дагэтуль яны застаюцца не задзейнічанымі ў гэтай агрэсіі непасрэдна.

У тым ліку і праз гэта я так доўга знаходзіўся ў Мінску, мы спрабавалі стрымліваць магчымасць такой атакі.

Затым з боку рэжыму Лукашэнкі быў зроблены чарговы вельмі недружалюбны крок, і я быў адкліканы.

Але прысутнасць амбасадара ў краіне яшчэ раз пацвярджае, што ніякіх планаў атакі Беларусі з тэрыторыі Украіны не было і не магло быць. Тым больш я там быў не адзін, у нас было больш за 20 супрацоўнікаў дыпламатычнай місіі, з сем'ямі гэта каля 60 чалавек. Таму я настойваю на тым, што я працягваў знаходзіцца ў Мінску ў пэўнай ступені як гарант ненападу з боку Украіны».

Дыпламат расказаў пра тое, з якой рэакцыяй чыноўнікаў і звычайных людзей у Беларусі ён сутыкнуўся пасля ўварвання.

«Што тычыцца чыноўнікаў, то тое, што я ў першыя дні адчуў, гэта разгубленасць. Ад многіх зыходзіла насцярожанасць і, скажу больш, неразуменне дзеянняў беларускага кіраўніцтва. Я адчуваў нейкую салідарнасць з многімі з тых, з кім сустракаўся і працаваў. Гэты факт я пацвярджаю. Хтосьці ціснуў руку мацней, хтосьці казаў «трымайцеся».

Але значна большую падтрымку я атрымліваў ад людзей, якія мяне проста сустракалі на вуліцах або на нейкіх дыпламатычных мерапрыемствах. Яны падыходзілі да мяне і казалі: «Мы з вамі». І гэта было важна ў той момант.

Я ведаў Макея і бачыў, як яго светапогляд пасля 2020 года дрэйфаваў у іншы ад Украіны бок. Ён мяняўся ў апошнія гады, усё больш станавіўся чалавекам сістэмы, той, якая пачала стварацца ў Беларусі пасля 2020 года. Калі сустракаўся з вашымі дыпламатамі і казаў ім, што ж вы робіце, у адказ часта чуў адгаворкі накшталт «ну, вы ж разумееце». Шмат адказаў былі нейтральнымі, але ў той жа час адчувалася, што людзі не зусім разумеюць, што ім рабіць.

Былі і такія, хто проста казаў: вы самі вінаватыя. Але ў большасці адчувалася нейкая безвыходнасць, маўляў, зразумей, мы не можам не падтрымліваць афіцыйную палітыку, але, калі што, мы заўсёды за вас.

Кожнаму чыноўніку, які займае вышэйшую і сярэднюю пазіцыю, усё ж такі выгадна, каб усё заставалася як ёсць. Тады яму выразна гарантаванае працоўнае месца. Ён будзе працягваць заставацца лаяльным кіраўніцтву і, адпаведна, прасоўвацца па кар'ернай лесвіцы. Гэта менталітэт любога чыноўніка.

Паколькі ў Беларусі ўсе фактары залежаць ад аднаго чалавека, відавочна, што чыноўнікі будуць калі не маліцца на яго, то ва ўсякім разе старацца яму дагадзіць. Шчыра яны гэта робяць ці не — іншае пытанне.

Я ведаю, што сярод вашых чыноўнікаў шмат тых, хто нібыта падтрымлівае Лукашэнку публічна, але, паверце, пры першай магчымасці яны адразу пяройдуць у іншы лагер і будуць лаяць яго, можа, яшчэ больш, чым апазіцыя цяпер», — мяркуе Кізім.

Ён адказаў і на яшчэ адно пытанне, якое хвалюе беларусаў: чаму Украіна падтрымлівала адносіны з рэжымам Лукашэнкі пасля падзей 2020 года.

«Пасля тых падзей мы разарвалі палітычныя стасункі з рэжымам Лукашэнкі. Гэта праўда, там ніякай падтрымкі не было. Што тычыцца іншых адносін, то тут мы дзейнічалі, скажам, як любая дзяржава, якая перш за ўсё кіруецца сваімі ўласнымі інтарэсамі.

Супрацоўніцтва з Беларуссю ў некаторых сферах працягвалася аж да 2022 года. У той момант у нас былі чаканні, што Беларусь не будуць выкарыстоўваць для нападу на Украіну і дзейнічалі, зыходзячы з гэтага. І я дагэтуль не магу зразумець, як Лукашэнка мог пайсці на такі дурны крок і страціць для сваёй краіны рынак у 5,5 млрд даляраў.

Прычым робячы тое, што зрабіў 24 лютага 2022 года, ён выдатна ўсведамляў, што будзе далей у нашых адносінах. Пры гэтым яшчэ ў студзені 2022 года мы абмяркоўвалі гэтую тэму ў Беларусі і сышліся на тым, што лепш мець нават дрэнны мір паміж краінамі, чым вайну. І каб пазбегнуць таго развіцця падзей, якія адбыліся, мы спрабавалі рабіць усё магчымае.

Але гэта быў пралік. Хутчэй за ўсё ён быў у тым, што мы недаацанілі страх Лукашэнкі страціць сваю ўладу і такі ўплыў расійскага фактару», — кажа Кізім.

Правёўшы ў нашай краіне шмат часу, ён згаджаецца з тым, што звонку цяжка ўявіць узровень рэпрэсій унутры Беларусі, праз што нярэдка ўчынкі беларусаў недаацэньваюць.

«Цяпер зразумець тое, што адбываецца ў Беларусі, той узровень рэпрэсій, напэўна, можа не кожны. Я пра гэта ведаю, бо гэта бачыў. Людзі, якія назіраюць збоку, нават нашы дэпутаты, памыляюцца, думаючы, што ў Беларусі можна, як у нас, выйсці на вуліцу і выказаць усё, што думаеш пра любую палітыку.

І калі беларусы выйшлі на знак пратэсту супраць уварвання Расіі ва Украіну, трэба разумець, з якой гэта было спалучана рызыкай. І сістэма тады паказала, што яна вельмі спалохалася. Нават дэманстрацыя за мір выклікае ў яе страх. Страх страціць уладу.

І гэта цяпер дамінуючая тэндэнцыя ў палітычнай рэпрэсіўнай сістэме Беларусі. Лукашэнка проста баіцца страціць уладу. І негатыўнае стаўленне да беларусаў з боку ўкраінцаў цяпер у большасці выпадкаў — праз неразуменне таго, што адбываецца ўнутры вашай краіны», — падкрэсліў экс-амбасадар.

Ён упэўнены, што менавіта пазіцыя беларускага народа стала галоўнай прычынай няўдзелу арміі нашай краіны ў вайне.

«Калі пытаюцца, чаму Беларусь дагэтуль не ўступіла ў вайну, я прытрымліваюся думкі, што Лукашэнка тут наогул ні пры чым. Думаю, галоўны фактар — беларускі народ, які ніколі не пачне ваяваць супраць украінскага народа.

Я верыў у гэта, калі быў у вашай краіне, і дагэтуль веру, што большасць беларусаў супраць вайны, тым больш супраць вайны з Украінай. Беларусы — мірны народ, у якога ў менталітэце закладзены такі антываенны складнік, і ён вельмі моцна пераважае.

Акрамя гэтага, у нас па вялікім рахунку няма нічога, што магло б справакаваць такую вайну, у нас няма ні тэрытарыяльных, ні моўных, ні культурных прэтэнзій адзін да аднаго. Гэта факт, які нельга ігнараваць.

Калі ў замбаваных расейцаў ёсць вялікаімперскія думкі, пра спрадвечна рускія землі і іншую лухту, то ў беларусаў гэтага няма. І растлумачыць цяпер беларускаму абывацелю, навошта яму ісці ва Украіну, таму ж Лукашэнку будзе нашмат цяжэй, чым Пуціну засмечваць мазгі расейцам.

Лукашэнка не самазабойца, ён выдатна гэта разумее. Разумее і тое, што калі беларускае войска будзе ўцягнутае, яго зброя праз некалькі дзён можа быць павернутая супраць яго самога.

Беларусы не хочуць ні з кім ваяваць, тым больш захопліваць тэрыторыі. Але сваю тэрыторыю, калі хтосьці нападзе, яны будуць абараняць. Як мы цяпер абараняемся ад Расіі», — сказаў дыпламат.

Кізім выказаў асцярогі, што Расея можа без усялякага нападу анексаваць Беларусь.

«У вас іншая небяспека, якая цяпер адбываецца, гэта ціхая анексія, у прыватнасці тая самая Саюзная дзяржава. І з гэтым трэба цяпер працаваць беларускаму грамадству, каб захаваць свой суверэнітэт, сваю незалежнасць.

У той жа час, думаю, імгненнага паглынання Беларусі не адбылося дагэтуль менавіта праз супраціў Лукашэнкі. Але ў рэшце рэшт выбару ў яго не будзе і створаць «Савецкі Саюз 2.0», у якім вашай краіне будзе адведзена другарадная роля. Відавочна, што роўнымі партнёрамі Беларусь і Расія ніколі не будуць.

Я чуў ад некаторых экспертаў, што Беларусь знікне ўжо ў 2023 годзе. Думаю, хутка гэтага не можа адбыцца. 2024 год будзе цяжкім у гэтым плане, але не апошнім для незалежнай Беларусі.

Занадта вялікія механізмы запушчаныя, з пункту гледжання грамадзянскай супольнасці, палітычнай сістэмы і г.д. і, на маю думку, да канца гэтага года інтэграцыйныя працэсы будуць працягвацца. І гэты перыяд можа быць вельмі зацяжным.

Калі гаварыў пра гэта з вашымі чыноўнікамі, яны давалі зразумець, што іх планы — як мага даўжэй адцягваць і атрымаць з гэтага чакання найбольшыя выгады.

Насамрэч усе, не толькі беларускія чыноўнікі, чакаюць — не столькі таго, што Пуціна не стане, колькі таго, што мы пераможам у гэтай вайне і Расія пацерпіць паразу.

Гэта стане галоўным сігналам для вырашэння многіх пытанняў на тэрыторыі былога СССР, у тым ліку і ў Беларусі», — сказаў на заканчэнне экс-пасол.

Чытайце таксама:

Беларускую палітыку ва Украіне фармуе дарадца без палітычнай адказнасці — украінскі палітолаг

«Перад намі сядзелі людзі, якія ненавідзяць украінцаў». Былы пасол Украіны пра перамовы на пачатку вайны, страх беларусаў, міністра Макея і феномен Лукашэнкі

Пасол Кізім: Пра беларуска-ўкраінскія перамовы ў Львове я нічога не чуў. А Лукашэнка званіў Зяленскаму

Клас
41
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
5