Фота: av.by
З 2 верасня 2023 года, калі стала дзейнічаць новая сістэма міжнароднага аўтастрахавання «сіняя карта», на гэты момант беларускія кіроўцы атрымалі больш за 140 тысяч «сініх картаў» для паездак у Расію. У той жа час расійскім аўтамабілістам было выдадзена для паездак у Беларусь каля 150 тысяч такіх полісаў.
Да канца чэрвеня 2024 года беларусам можна ездзіць у Расію яшчэ і па міжнародных «зялёных картах», заключаных да лета 2023 года, тэрмін дзеяння якіх пакуль не скончыўся. На бланках «зялёнай карты» (зялёнага колеру), якія не паспелі рэалізаваць да выключэння з міжнароднай сістэмы, цяпер афармляецца і «сіняя карта».
Полісы страхавання на новых, сініх бланках беларускія аўтамабілісты будуць атрымліваць з 1 сакавіка 2024 года, а расійскія — з 1 красавіка.
Раней, з 30 чэрвеня 2023 года, беларусы і расіяне страцілі магчымасць афармляць міжнародныя полісы «Зялёная карта» праз тое, што было прыпынена сяброўства Расійскага саюза аўтастрахоўшчыкаў і Беларускага бюро па транспартным страхаванні ў адпаведным пагадненні.
Чытайце таксама:
Беларусь і Расія перайшлі з «Зялёнай карты» на «Сінюю»
Беларусы змогуць выкарыстоўваць «Зялёную карту» і пасля 30 чэрвеня. Але толькі для паездак у Расію
У снежні ў Беларусі было прададзена ўдвая больш легкавых аўтамабіляў, чым летась