«Я не хачу збочваць са сцежкі працы на карысць беларушчыны»

25 лістапада 2021 году Андрэй адпрацаваў змену і ўвечары паехаў на роварную прагулку. Каля пад’езду яго чакалі чацвёра сілавікоў у цывільным. На вачах у малых дзяцей правялі ператрус у кватэры, забралі тэхніку. І павезлі Андрэя ў пастарунак. Спачатку асудзілі на 10 дзён арышту, а праз месяц завялі крымінальную справу.

8 чэрвеня 2022 году Магілёўскі абласны суд у закрытым рэжыме прызнаў Андрэя Кузнечыка стваральнікам «экстрэмісцкага фармавання» і прысудзіў 6 гадоў турмы. Пакаранне Андрэй адбывае ў Наваполацкай калоніі №1. Працуе на лесапілцы 6 дзён на тыдзень. Праца цяжкая, Андрэй вельмі схуднеў.

Родам Андрэй Кузнечык з Віцебска. Як сам піша ў лісце, які пакінуў на выпадак, калі яго затрымаюць, беларушчынай ён зацікавіўся яшчэ падлеткам.

«Я з 13 гадоў жыву беларушчынай, паступіў на філфак дзеля яе, жыў і працаваў з арыентацыяй на яе, цяпер мне за 40, але справа ня ў тым, што позна пачынаць з нуля, справа ў тым, што я не хачу збочваць са сцежкі працы на карысць беларушчыны», — пісаў Андрэй увосень 2021 году.

Быў адзіным хлопцам у філалагічным класе сярод 20 дзяўчат

Пасля 9-га класа Андрэй паступіў у вельмі прэстыжны Ліцэй БДУ — бацькі адпусцілі 15-гадовага падлетка ў Менск, у інтэрнат. Дзяўчаты-аднакласніцы ўзгадваюць пра яго з цеплынёй і ўсмешкамі:

«Наш клас быў гуманітарнага напрамку, і Андрэй быў у нас адзіным хлопцам сярод 20 дзяўчат (у фізікаў была адваротная сітуацыя). Сядзеў ён на астатняй парце, але вучыўся заўсёды добра.

Мы былі вельмі ўражаныя, як Андрэй прадстаўляўся, калі трэба было сказаць пра сябе некалькі словаў новым людзям: «Я Андрэй Кузнечык, беларускі паэт».

Аднойчы хтосьці з дзяўчат замовіў яму верш на народзіны сяброўкі. Ён напісаў велічэзны, доўгі верш. Смешна было, калі Андрэй запытаўся ў імянінніцы: «Ну і як цябе ўгараздзіла нарадзіцца ў дзень Чарнобыльскай катастрофы?». Усе паселі на падлогу ад смеху!

Яшчэ са смешнага: як узгадвалася, Андрэй быў адзіны хлопец у класе, і часта здараліся сітуацыі, калі ён вымушаны быў слухаць нашыя дзявочыя размовы. Часам ён альбо саромеўся нас слухаць, альбо рабіў выгляд, што яго нашыя размовы не цікавяць, і хаваўся за газетай. І не за абы-якой, а за «Нашай Нівай»!

Андрэй размаўляў па-беларуску не толькі на занятках, але і ў штодзённым жыцці. Тады гэта трошкі здзівіла — не часта можна было сустрэць цалкам беларускамоўную асобу. Андрэй адным з першых паказаў, як гэта — мова кожны дзень.

А яшчэ ў нашым класе над дошкай вісеў бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Цяжка зараз паверыць, што такое было магчыма, але так было. Пасля рэферэндума 1995 года «Пагоню» загадалі прыбраць, але ён усё роўна на наступны дзень вяртаў яе на месца, і так доўжылася даволі доўга — Андрэй заўсёды быў упарты», — узгадваюць тры ліцэйскія сяброўкі, якія назвалі сябе X, Y і Z.

«Што наканавана, тое і наканавана»

Глеб таксама вучыўся з Андрэем у Ліцэі БДУ, але на іншым кірунку — з фізіка-матэматычным ухілам.

«Ён быў самым выбітным беларусам на нашай плыні, заўсёды размаўляў па-беларуску. Прасіў зваць яго «Андрусь». Ён жыў у інтэрнаце, а я менскі. Потым вучыліся ў БДУ на розных факультэтах: ён на філалагічным, а я на фізічным, таксама сябравалі, часта кантактавалі. 

Андрусь — вялікі патрыёт сваёй роднай Віцебшчыны. Мы былі агітатарамі беларушчыны ў ліцэі. Мы больш канцэрты-касеткі, а ён больш ідэйны: сябраваў з хлопцамі з Маладога Фронту, з Паўлам Севярынцам. Мы ўсе цікавіліся беларускім рокам. Андрусь знаёміў нас з віцебскім беларускамоўным гуртом «Грамада» — маўляў, «ён не горшы за вашы сталічныя «Мроі»».

Апошні раз мы з ім размаўлялі незадоўга да ягонага затрымання, увосень 2021-га. Размова была пра 25-ю гадавіну рэферэндуму 1996 году. Я быў ужо за мяжой, ён у Беларусі. Я асцярожна выказаўся, ці не апасаецца ён. Андрэй сказаў, што з'язджаць з Беларусі не збіраецца, і так фаталістычна дадаў: маўляў, «што наканавана, тое і наканавана», — узгадвае ліцэйскі сябар Кузнечыка Глеб.

У лісце, які Андрэй Кузнечык пакінуў на выпадак затрымання, ён тлумачыў, чаму не хоча з'язджаць:

«У цяперашніх умовах мне здаецца меншай пакутай адбыць у вязніцы прыдуманы тэрмін, чым развітацца з радзімай на няпэўны (аж да скону) час (хоць тут я магу фатальна памыляцца ў тым, наколькі далёка могуць зайсці рэпрэсіі).

Я лічу, што дзеці, узгадаваўшыся ў небеларускім асяроддзі, стануць носьбітамі каштоўнасцяў гэтага асяроддзя, а Беларусь — адзінае месца на Зямлі, дзе гэтае асяроддзе мы маем, можам ствараць і разлічваць на яго».

Апантанасць і ўпартасць

Фотажурналіст Андрэй Лянкевіч узгадвае, як працаваў з Андрэем Кузнечыкам на пачатку 2000-х у «Нашай Ніве», яны сябравалі і нават наймалі разам кватэру.

«Для мяне гэта было адкрыццё: я бачыў чалавека, які абсалютна пагружаны ў беларушчыну, чалавека, які размаўляе па-беларуску, піша па-беларуску, збірае вакол сябе людзей беларускай культуры, стварае вакол сябе беларускі свет. Больш за тое, Андрэй стаяў на пачатку стварэння артыкулаў у беларускай «Вікіпедыі», напісаў іх велізарную колькасць.

Для мяне гэта абсалютна рознабаковы чалавек, які яшчэ і любіць беларускую музыку, збірае яе. Напрыклад, першыя папулярныя беларускія песні.

Галоўныя рысы Андрэя — апантанасць, упартасць. А яшчэ ён велізарны рамантык. Усё, што ён робіць у жыцці, усё ідзе ад сэрца.

Па адукацыі ён ледзь не адзіны перакладчык (акрамя ягонага выкладчыка) са славенскай мовы на беларускую. Выбраць мову, якой амаль ніхто не карыстаецца, — гэта каханне, гэта ад сэрца, гэта не прагматызм і не разлік», — узгадваў Андрэй Лянкевіч пра Кузнечыка.

Колаўторквалка

Андрэй— заўзяты раварыст, аматар-валанцёр, рэдактар OpenStreetMap (адкрыты картаграфічны рэсурс у інтэрнэце, дзе кожны можа пазначаць аб’екты на агульнадаступнай мапе. — РС). З 2007 года вёў свой пазітыўны беларускамоўны блог, у якім прапагандаваў язду на ровары. Адзін з пачынальнікаў роварнага руху ў Беларусі: ездзіў, пракладаў маршруты, фатаграфаваў, рабіў відэа, дзе можна праехаць. Нават ездзіў на радзіму сваёй жонкі па полацкай трасе, у Бягомль. Мог спакойна 200 кіламетраў праехаць на ровары ў любое надвор’е.

Сябар Андрэя Кузнечыка Мікалай узгадвае, што той быў адным з пачынальнікаў роварнага руху ў Беларусі: ездзіў, пракладаў маршруты, фатаграфаваў, рабіў відэа, дзе можна праехаць.

«Андрэй вёў роварны блог, маляваў мапы зручных роварных маршрутаў. Ён склаў гумарыстычныя «Правілы выжывання пешаходаў». У 2008 ён падлічыў роварныя паркоўкі, іх было штук 10. На ягоныя заўвагі і рэкамендацыі гарадскія ўлады рэагавалі.

Была такая гульня спартовая па арыентаванні на роварах па Менску «Адрыў», дзе мы з ім даволі часта перасякаліся. Ён заўсёды быў нашым асноўным супернікам. Мы шпарка носімся па горадзе, толькі прыязджаем — а ён ужо адтуль з'яжджае і нікуды не спяшаецца. То бок ведаў, дзе кароткая дарога.

Андрэй прыдумаў слова «колаўторквалка», і ў раёне Куйбышава-Кульман на паркоўцы нават шыльдачка была з гэтай назвай.

Заўсёды было цікава чытаць, як ён вандраваў па Беларусі, гэта вельмі натхняла. Ролікі выкладваў, калі з'явілася першая роварная дарожка ўздоўж Свіслачы», — узгадвае Мікалай.

«Тата «на ўдалёнцы»»

За некалькі дзён да дня народзінаў Андрэя ў Наваполацкай калоніі адведала сям'я: жонка Алеся, 10-гадовая дачка Яніна і 4-гадовы сын Мацвей.

Раз на паўгода Андрэй мае шанец пачаставацца дамашняй ежай ды пагуляць трохі са сваімі дзецьмі… Мацвей спачатку адмовіўся ад роднасных сувязей з гэтым схуднелым лысым чалавекам, але пасля здаўся і весела гойсаў у таты на плячах. Тое, што дзіцячы давер трэба штораз заваёўваць наноў, было для Андрэя непрыемным сюрпрызам. Але ён сам прызнае, што тата на ўдалёнцы, які бачыць сына два дні на год у лепшым выпадку, не можа добра яго разумець.

Яніна пачала цікавіцца літаратурай, ёй тата раіць кнігі з нашай дамашняй бібліятэкі, якія ён сам набываў калісьці. Яго ўласная паэтычная творчасць была адзначана сёлета прэміяй, аднак самая лепшая ўзнагарода для яго — дружныя і вясёлыя дзеці, для сувязі з якімі ён і піша свае вершы, — так апісвае свае ўражанні ад доўгатэрміновага спаткання Андрэева жонка Алеся.

Выкладчыца славенскай мовы Інэса Кур'ян узгадвае, што тады былі лічаныя адзінкі студэнтаў, што абралі яе для вывучэння.

Дый сёння, мабыць 3-4 чалавекі на ўсю Беларусь яе ведаюць. Андрэй вельмі захапіўся тады, а я яе выкладала ў БДУ, і нас запрашаў Люблянскі ўніверсітэт на летні курс славенскай мовы.

Вось сапраўды даводзілася ездзіць на перакладных, часам на мясцовых электрычках. Але праз цудоўныя гарады — Варшаву, Будапешт! Чаму ж не любіць славенскую — вельмі цікавая мова і краіна! — кажа Інэса Кур'ян.

Чытайце таксама:

«Праца цяжкая, 6 дзён на тыдзень, моцна схуднеў». Два гады таму арыштавалі журналіста Андрэя Кузнечыка

«Праца на лесапілцы цяжкая, моцна схуднеў, куртка вісіць як парашут». Пра што палітзняволены журналіст Андрэй Кузнечык піша з калоніі

У лістах з-за кратаў палітзняволены журналіст Андрэй Кузнечык расказвае пра тое, як сніць Мінск

Клас
3
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
0