Відэасустрэча прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і старшыні КНР Сі Цьзінпіна. 15 лістапада 2021 года. Фота: Sarah Silbiger/UPI/Bloomberg via Getty Images

Відэасустрэча прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і старшыні КНР Сі Цьзінпіна. 15 лістапада 2021 года. Фота: Sarah Silbiger/UPI/Bloomberg via Getty Images

У апошнія гады ЦРУ ўсё больш канцэнтруецца на Кітаі, бачачы ў ім галоўнага стратэгічнага суперніка ЗША. Таму амерыканскія агенты шукаюць любыя магчымасці пранікнуць у вярхі кітайскай улады. Яны вярбуюць прадстаўнікоў эліт, здабываюць сакрэтныя звесткі.

Але ў Кітаі іх чакае моцны адпор. Кітайскія спецслужбы пільна сочаць за замежнымі агентамі і жорстка караюць здраднікаў. Так, у 2010-2012 гадах яны выкрылі і знішчылі маштабную сетку агентаў ЦРУ ў сваёй краіне: было пакарана смерцю і кінута ў турму шмат высокапастаўленых службоўцаў, піша The Wall Street Journal..

Гэта быў цяжкі ўдар па амерыканскай разведцы, якая з тых часоў змагаецца за аднаўленне сваіх разведвальных магчымасцяў у Кітаі.

Цяпер умацаванне шпіёнскай сеткі ў Кітаі з'яўляецца адной з асноўных мэтаў ЦРУ і роднасных яму шпіёнскіх спецслужбаў ЗША. Гэта адбываецца на фоне агульнай змены амерыканскай палітыкі бяспекі: адыходу ад барацьбы з тэрарыстамі па ўсім свеце і факусаванні на падрыхтоўцы да магчымага канфлікту «вялікай дзяржавы» з Кітаем і Расіяй.

Пасля двух дзесяцігоддзяў палявання на тэрарыстаў амерыканская разведвальная супольнасць, якая зарабляе 100 мільярдаў долараў у год, занялася перападрыхтоўкай персаналу, перанакіраваннем шматмільярдных бюджэтаў і пераабсталяваннем сваёй шпіёнскай машыны, каб засяродзіцца на гэтых двух патэнцыйных праціўніках.

Яшчэ ў пачатку 2000-х аналітыкі ЦРУ пачалі часта папярэджваць, што Кітай не дрэмле і мае вялікія амбіцыі на сусветнай арэне. Сакрэтныя даклады выведкі пра Паднябесную, якія падаваліся ў Белы дом, урадавыя інсайдары называлі паміж сабой не інакш як «страшылкі пра Кітай». У іх гаворка вялася пра запланаваную мадэрнізацыю кітайскай Народна-вызваленчай арміі, будучае пашырэнне вайскова-марскога флоту Кітая і мэты Пекіна па размяшчэнні замежных базаў.

Менавіта тады ЦРУ вырашылі, што час прыспеў і, скарыстаўшыся карупцыяй у вярхах Камуністычнай партыі Кітая і ўрадавых міністэрствах, цішком завербавалі дзясяткі чыноўнікаў у якасці платных агентаў. Але ў выніку катастрафічнай няўдачы гэтая шпіёнская сетка была знішчаная, калі кітайскія ўлады аднаго за адным вылавілі здраднікаў у сваім асяроддзі.

Дагэтуль невядома, што пайшло не так і чаму няўдалыя шпегі атрымалі кулі ў патыліцу. Некаторыя лічаць, што ЦРУ ўсё-такі не дастаткова добра наладзіла сувязь з кітайскімі агентамі.

Знішчэнне шпіёнскай сеткі ЦРУ ўнутры Кітая адбылося акурат тады, калі лідарам КПК у канцы 2012 года стаў Сі Цзіньпінь, які праз некалькі месяцаў зрабіўся і старшынёй КНР. У тагачаснай адміністрацыі прэзідэнта ЗША былі на яго спадзевы як на больш ліберальнага лідара. Аднак, як паказаў час, таварыш Сі аказаўся шчырым аўтакратам і прыхільнікам даўніх камуністычных традыцый.

Кітай пад кіраўніцтвам Сі Цзіньпіна паводзіў сябе досыць агрэсіўна, пасягаючы на чужыя марскія тэрыторыі, выкрадаючы асабістыя даныя чальцоў урада ЗША і ладзячы вайсковыя вучэнні пад носам у суседняга Тайваня.

Кітай таксама ўзмацніў шпіянаж за людзьмі, часта выкарыстоўваючы сацыяльныя сеткі, такія як LinkedIn, каб звязацца з былымі супрацоўнікамі разведкі ЗША і вербаваць іх. Ён завербаваў, сярод іншых, Кевіна Патрыка Мэлары, былога афіцэра ЦРУ, які моцна залез у даўгі і прадаваў таямніцы за наяўныя грошы, у тым ліку асобы афіцэраў разведкі ЗША, якія павінны былі ехаць у Кітай. Мэлары быў асуджаны ў 2018 годзе. Адным словам, паводзіны на двоечку.

Апошнія падзеі, такія як уварванне Расіі ва Украіну і канфлікт паміж Ізраілем і ХАМАСам, часова адцягнулі ўвагу ЦРУ ад Кітая.

Але нават нягледзячы на ​​гэтыя праблемы, адміністрацыя Байдэна вызначыла Кітай самай вялікай пагрозай амерыканскай бяспецы. Цяпер гэта негалосны вораг нумар адзін.

Адпаведна, ЦРУ павялічыла бюджэт і рэсурсы, выдзеленыя амерыканскай місіі ў Кітаі за апошнія тры гады. Быў створаны Цэнтр кітайскай місіі — а гэта адзіны цэнтр такога кшталту, створаны пад эгідай ЦРУ, што толькі падкрэслівае сур’ёзнасць намераў Штатаў.

Але ж, вядома, і Кітай не лыкам шыты: за апошнія дзесяць год ён зрабіў вялізны тэхналагічны і эканамічны скачок наперад.

У дзяржаве Сі Цзіньпіна дзейнічаюць ледзь не оруэлаўскія сістэмы сачэння, якія значна ўскладняюць жыццё Штатам і робяць шпіёнскія аперацыі ўнутры краіны амаль немагчымымі.

Тым не менш, аднаўленне шпіёнскага патэнцыялу і атрыманне інфармацыі пра планы кіраўніцтва Кітая застаюцца найважнейшымі мэтамі для ЦРУ.

Пачынаючы ад 2020 года, ЦРУ ды іншыя шпіёнскія агенцтвы ЗША скарацілі выдаткі на барацьбу з тэрарызмам і іншыя мэты, у тым ліку на Блізкім Усходзе, каб прафінансаваць праграмы па пранікненні ва ўрад Кітая.

Дакладныя лічбы засакрэчаныя, але чыноўнікі апісваюць бюджэтныя змены як значныя.

Чытайце таксама:

Экс-кіраўнік МЗС Кітая Цынь Ган памёр з-за катаванняў ці суіцыду ў вайсковым шпіталі Пекіна — Politico

Лукашэнка і Сі Цзіньпін абмяняліся падарункамі. Колю падарылі кітайскі спартыўны касцюм

Байдэн пасля сустрэчы з Сі Цзіньпінам назваў таго дыктатарам

Клас
22
Панылы сорам
3
Ха-ха
6
Ого
5
Сумна
7
Абуральна
7