Для прагляду ўкрытага кантэнту націсніце на яго.

Адзін з выпадкаў заражэння аленя «зомбі-хваробай» у ЗША. Фота: Mark Hirsch / Contributor Getty Images

Адзін з выпадкаў заражэння аленя «зомбі-хваробай» у ЗША. Фота: Mark Hirsch / Contributor Getty Images

Навукоўцы і чыноўнікі ў ЗША забілі трывогу з-за выяўлення сотняў выпадкаў хваробы «аленяў-зомбі» ў нацыянальным парку «Елаўстон», найбуйнейшым прыродным запаведніку краіны, які штогод наведваюць мільёны турыстаў.

Першы выпадак хваробы ў парку быў зафіксаваны яшчэ ў лістападзе, калі навукоўцы знайшлі заражаны труп дарослага самца аленя-мула. Пасля гэтага ўлады штата Ваёмінг, дзе знаходзіцца «Елаўстон», і некалькіх суседніх штатаў настойліва рэкамендавалі паляўнічым не ўжываць мяса жывёл, якія выглядаюць хворымі, перадае выданне The Guardian.

Хвароба «аленяў-зомбі», ці, па-навуковаму, хвароба хранічнага знясілення (Chronic Wasting Disease, CWD) — гэта вельмі заразнае, смяротнае і невылечнае захворванне, узбуджальнікам якога з'яўляюцца прыоны (анамальныя бялкі, якія раз'ядаюць мозг жывых істот).

«Лічыцца, што хвароба распаўсюджваецца толькі сярод жывёл сямейства аленевых, трапляючы да іх у мозг і павольна знішчаючы яго. У заражаных жывёл знікае страх перад людзьмі, а таксама з'яўляюцца «пусты позірк», млявасць, хударлявасць, празмернае слінавыдзяленне, дзіўныя хаатычныя рухі», — піша The Guardian са спасылкай на навукоўцаў.

Вось, як гэта выглядае. Відэа знята ў ЗША летам мінулага года.

Акрамя гэтага хвароба з'яўляецца вельмі ўстойлівай да дэзынфекцыйных сродкаў, радыяцыі і экстрэмальна высокіх тэмператур.

За апошнія гады патаген паспеў распаўсюдзіцца на 31 штат ЗША, Канаду, Нарвегію, Фінляндыю, Швецыю, Паўднёвую Карэю і Расію. 

З-за немагчымасці лячэння CWD любыя заражаныя асобіны забіваюцца, а іх целы спальваюцца. Перад гэтым зоны распаўсюджвання хваробы аператыўна лакалізуюцца, аднак не заўсёды атрымліваецца адсачыць выпадкі заражэння, бо сімптомы часта выяўляюцца толькі праз год пасля трапляння прыонаў у арганізм жывёл.

Пры гэтым, як адзначае The Guardian са спасылкай на навукоўцаў, існуе рызыка перадачы дадзенага захворвання ад жывёл да чалавека, бо яго масавае распаўсюджванне сярод жывёл можа прывесці да мутацый патагена.

Плюс да ўсяго, у лабараторных умовах CWD змог паспяхова перадацца грызунам і некаторым прыматам.

«Але ніхто не гаворыць, што перадача захворвання людзям абавязкова адбудзецца. Мы гаворым толькі пра патэнцыял чагосьці падобнага, і людзям важна быць гатовымі. Тым больш, што цяпер з прычыны распаўсюджвання патагена ў «Елаўстоне» людзі будуць часцей абмяркоўваць і сустракаць хваробу ў прыродзе, што зробіць стаўленне ўладаў да гэтай праблемы больш сур'ёзным і пільным», — мяркуюць навукоўцы.

Чытайце таксама:

«Я табе не дзяўчынка!» Жанчына перапужалася сустрэчы з аленем. Але гісторыя атрымала цікавы працяг

Дапамажыце чатыром чалавекам выратавацца ад зомбі-апакаліпсіса, вырашыўшы гэтую вясёлую задачу

У Марыянскай упадзіне знойдзены новы вірус. Ён можа аказацца самым глыбакаводным у свеце

Клас
5
Панылы сорам
8
Ха-ха
1
Ого
57
Сумна
10
Абуральна
12