Ілан Маск. Фота: Tolga Akmen / EPA /Bloomberg via Getty Images

Ілан Маск. Фота: Tolga Akmen / EPA /Bloomberg via Getty Images

Скандал разгарэўся, пасля таго як Маск публічна падтрымаў допіс аднаго з карыстальнікаў X, які заявіў у адпаведнасці з вядомай тэорыяй змовы, што габрэйскія супольнасці «распальваюць нянавісць да белых людзей». У сваім каментары пад допісам Маск напісаў: «Наогул ты сказаў праўду».

Неўзабаве пасля гэтага некамерцыйная арганізацыя Media Matters for America звярнула ўвагу, што рэклама буйных кампаній у X публікавалася ў адным шэрагу з пранацысцкімі допісамі. Напрыклад, рэклама тэхналагічнага гіганта IBM была размешчана побач з допісамі, якія ўслаўляюць Адольфа Гітлера і нацызм.

Прадстаўнік X паведаміў, што кампанія не размяшчала рэкламу «побач з такога роду кантэнтам» наўмысна, а платформа змагаецца з антысемітызмам.

Маск у суботу заявіў, што падасць супраць Media Matters «тэрмаядзерны» пазоў у тую ж секунду, як суды адкрыюцца ў панядзелак.

Ён дадаў, што справаздача групы скажае тое, як у рэальнасці працуе сацсетка, каб «падарваць свабоду слова і ўвесці ў зман рэкламадаўцаў».

Маск таксама адмаўляе, што прытрымліваецца антысеміцкіх поглядаў, і настойвае, што яго адказ пад скандальным допісам меў іншы сэнс.

Белы дом раней асудзіў каментар Маска, назваўшы публікацыю «агіднай прапагандай антысеміцкай і расісцкай нянавісці».

У чацвер IBM стала першай кампаніяй, якая вырашыла прыбраць сваю рэкламу з сайта X пасля расследавання Media Matters, заявіўшы, што з'яўленне яе рэкламы побач з нацысцкім кантэнтам «цалкам непрымальна». Еўрапейская камісія, Comcast, тэлекампанія Paramount і кінастудыя Lionsgate паследавалі за ёй.

У пятніцу ўвечары ADL (антыдыфамацыйная ліга — амерыканская габрэйская праваабарончая арганізацыя) — адзін з самых заўзятых крытыкаў X — нечакана пахваліла Маска за барацьбу з распальваннем нянавісці на платформе.

Дырэктар ADL Джонатан Грынблат назваў «важным і доўгачаканым крокам «пагрозу Маска блакаваць акаўнты за публікацыю лозунгаў «ад ракі да мора». Яго лічаць закадаваным заклікам да знішчэння Ізраіля.

Выканаўчы дырэктар X Лінда Якарына паведаміла ў пятніцу ўвечары, што платформа ясна дала зразумець, што прадпрымае «намаганні па барацьбе з антысемітызмам і дыскрымінацыяй». «Для гэтага няма месца нідзе ў свеце», — дадала яна.

Чытайце таксама:

Ракета Starship Ілана Маска зноў узарвалася пасля тэставага запуску

«Занадта нечакана». Кампанія OpenAI звольніла свайго кіраўніка, які быў сузаснавальнікам як самой кампаніі, так і нейрасеткі ChatGPT

Высветлілася, колькі будзе каштаваць ўстаноўка чыпа Neuralink ад Ілана Маска для звычайных людзей

Клас
17
Панылы сорам
4
Ха-ха
6
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
1