Здымак зубра ў Белавежскай пушчы, які атрымаў на Вікісховішчы найвышэйшыя адзнакі. Фота: Wikimedia Commons
Вікісховішча — гэта сховішча для малюнкаў, гуказапісаў, відэаролікаў і іншых мультымедыйных файлаў, якія выкарыстоўваюцца ў праектах Фонду Вікімедыя, найбольш вядомым з якіх з’яўляецца, вядома, Вікіпедыя, але існуюць таксама Вікіданыя, Віківерсітэт, Вікікрыніцы, Вікіцытатнік, Вікігід, Вікінавіны і іншыя не менш важныя праекты.
Сховішча пачало сваю працу ў верасні 2004 года. Пачынаючы з 2016 года, сярэдні рост праекта складаў 10 мільёнаў файлаў на год. Файлы з Вікісховішча можна свабодна распаўсюджваць, змяняць і выкарыстоўваць у любых, у тым ліку камерцыйных, мэтах.
Адзін з пераможцаў «Вікі любіць фальклор» у гэтым годзе. Фота: Wikimedia Commons
Дакладна высветліць, які канкрэтна файл стаў 100-мільённым, практычна немагчыма праз тое, што файлы не толькі няспынна дадаюцца ў праект, але і няспынна выдаляюцца тыя, што не адпавядаюць правілам — у першую чаргу, парушаюць аўтарскія правы.
Фонд Вікімедыя праводзіць шэраг штогадовых міжнародных фотаконкурсаў, каб папаўняць Вікісховішча найбольш запатрабаванымі, якаснымі і актуальнымі фотаздымкамі. Конкурс «Вікі любіць помнікі», у рамках якога ўдзельнікі загружаюць здымкі гістарычных будынкаў і мясцін, нават трапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса, як самы масавы ў свеце. На вялікі жаль, Беларусь удзельнічала ў ім усяго адзін раз у далёкім 2012 годзе.
Фота Polypodium aureum — адзін з пераможцаў леташняга конкурсу «Вікі любіць навуку». Фота: Wikimedia Commons
Сярод іншых важных конкурсаў — «Вікі любіць Зямлю», «Вікі любіць навуку» і «Вікі любіць фальклор», у рамках якіх удзельнікі загружаюць адпаведна здымкі прыроды, навуковыя фатаграфіі, матэрыялы пра мясцовую народную культуру.
Вялікі ўнёсак у папаўненне Вікісховішча робяць буйныя заходнія музеі, бібліятэкі ды архівы, якія алічбоўваюць свае фонды. У Беларусі ніякіх падобных высілкаў не прадпрымаецца.
Тым не менш, на сёння энтузіястамі загружана ўжо звыш 766 тысяч файлаў, прама ці ўскосна звязаных з Беларуссю.
Адны з апошніх здымкаў на Вікісховішчы па Беларусі — драўляныя хаты з разьбянымі ліштвамі па вуліцы Леванеўскага ў Гомелі. Фота: Wikimedia Commons
Але файлаў заўсёды мала, у гэтым можна пераканацца, паглядзеўшы артыкулы пра беларускія вёскі, рэкі, азёры, вуліцы гарадоў, пра культурных і грамадскіх дзеячаў. Дапамагчы выправіць гэта вельмі проста — дастаткова зарэгістравацца ў вікі і націснуць кнопку, каб загрузіць свае медыяфайлы.
«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ «НН»Чытайце таксама:
Распачаўся найбуйнейшы фотаконкурс. Удзельнічаць можа кожны, а здымкі пабачаць па ўсім свеце
Скандал у рускай «Вікіпедыі» можа быць прадвеснікам татальнай блакіроўкі свабоднай энцыклапедыі





