Візавы цэнтр у Брэсце. Фота: «Віртуальны Брэст»

Візавы цэнтр у Брэсце. Фота: «Віртуальны Брэст»

«Некаторых беларусаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах і потым спрабавалі з'ехаць у Польшчу, у візавых цэнтрах чакала пастка.

Здаралася так, што людзі прыходзілі па гатовыя візы і дакументы, і іх адразу затрымлівалі супрацоўнікі КДБ. Замест Польшчы гэтыя людзі ехалі ў турму», — прыводзіць Wyborcza словы сваіх суразмоўцаў. 

Як так выйшла? 

«Самы відавочны варыянт — гэтых людзей яшчэ раней пасіўна шукалі органы. Яны атрымалі інфармацыю, што такія і такія запісаліся на візу.

Далей было справай тэхнікі — прыехаць забраць пашпарт разам, таму што ў гэты дзень і час іх кліент гарантавана будзе ў візавым цэнтры і не трэба бегаць шукаць.

А за што шукалі — бог яго ведае, цяпер за што толькі не шукаюць. Можа, і палітыка, калі адправілі ўчастковага, потым пару разоў пазванілі — нічога, нікога. Вырашылі, што калі сам трапіцца недзе, то возьмем, паставілі на кантроль», — патлумачыў логіку супрацоўнік міліцыі. 

Польскія журналісты пішуць, што затрымалі менавіта тых беларусаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах. 

Значыць, гаворка пра выпадкі, калі чалавек, якому пагражае небяспека за ягоны ўдзел у руху за свабодныя выбары, не змог запісацца непасрэдна ў консульства і падаўся на гуманітарную візу праз візавы цэнтр. 

Трэба адзначыць, што з 2020 і да канца 2022 гадоў беларусы масава атрымлівалі гуманітарныя візы.

І не толькі таму, што актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах або ўдзельнічалі ўвогуле — часта гэта была самая простая дарога атрымаць візу. Часам прыкінуўшыся палітычным. 

Турыстычных візаў Польшча і Літва амаль не выдавалі, і тым, каму трэба было па справах або проста карцела вырвацца ў Еўропу, прасілі гуманітарныя візы, якія палякі выдавалі амаль што ўсім, хто звяртаўся. 

Потым ужо, у кулуарных размовах, польскія дыпламаты прыводзілі прыклады, якія іх абуралі: маўляў, консул ставіць беларусам гуманітарныя візы, яны па іх катаюцца па Еўропе на выхадных, а праз год, як нічога ніякага, прыходзяць прасіць наступную гуманітарную візу ў такіх жа турыстычных мэтах. 

Але цяпер рэаліі змяніліся, сышоў кавід. Іншыя еўрапейскія краіны сталі выдаваць беларусам візы, а палякі адкрылі прыём дакументаў на турыстычныя візы. На гуманітарныя візы часцей падаюцца ўжо па сапраўдных палітычных прычынах. 

І сёння падача на гуманітарную візу праз візавы цэнтр становіцца знакам для органаў, таму што ў гэтым выпадку заяўнік павінен пісьмова тлумачыць консулу, чаму і чаго ён баіцца.

Гэтыя дакументы потым трапляюць у рукі пасярэдніка VFS Global, у якога ёсць камп'ютарная база з данымі тых, хто і па якой прычыне падаецца на візу. 

Ці маюць сілавікі доступ да базаў VFS Global? Безумоўна, так.

У публічнай аферце кампаніі VFS Global, якой беларусы падаюць свае дакументы, ні разу не згадваецца слова «канфідэнцыйнасць», а ў пункце 5.1.3 проста гаворыцца, што даныя могуць перадавацца трэцім асобам «у тым ліку» з мэтай атрымання візы. 

«Тут нават не трэба шукаць доўгія фармулёўкі ў публічных афертах, а проста адкрыць Закон аб аператыўна-вышуковай дзейнасці. Абгрунтоўваеш патрэбу доступу да базы клопатам аб тым, што хтосьці з асоб, якія падаюцца на візы, хоча схавацца ад пераследу. Або нават гэта не пішаш, а банальна «ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі», без лішніх тлумачэнняў — усё, ты з доступам», — патлумачыў «Нашай Ніве» аператыўнік прычыну, па якой трэба заўсёды трымаць у галаве, што ў дыктатарскім рэжыме, у якім пануюць спецслужбы, наіўна спадзявацца на канфідэнцыйнасць інфармацыі, якую вы перадаяце праз візавых пасярэднікаў. 

Што рабіць, каб вас не затрымалі пры падачы на гуманітарную візу або любую іншую візу, калі вы «заляглі на дно»? 

Адказ тут просты — не карыстайцеся паслугамі пасярэднікаў у Беларусі, а рабіце візу проста праз консульства, кажа кіраўнік «Байсола» Андрэй Стрыжак. 

«Калі чалавек разумее, што ў яго ёсць гісторыя палітычнага актывізму, якая, магчыма, цягне пераслед, то ён можа звярнуцца да нас на гарачую лінію і пазбегнуць камунікацыі з лішнімі структурамі», — сказаў Стрыжак. 

Польскую візу таксама можна зрабіць, выехаўшы ў Грузію і Арменію — калі вы яшчэ не ў базе невыязных.

Клас
34
Панылы сорам
10
Ха-ха
7
Ого
13
Сумна
13
Абуральна
84