«Не хацелася таптацца на месцы»

Кацярыне Кашарнавай 30 гадоў. Яна паспяхова скончыла Баранавіцкі ўніверсітэт і яшчэ зусім нядаўна працавала звычайнай настаўніцай замежнай мовы ў самай звычайнай беларускай школе.

У дзяўчыны было ўсё, што ў Беларусі лічыцца паказчыкам паспяховага жыцця: сям'я, уласнае жыллё, машына, стабільная праца. Але ёй трэба было нешта большае.

«Мне не хацелася таптацца на месцы. Хацелася развіцця і руху наперад. Працуючы ж настаўніцай у школе, я разумела, што ні пра які рост гаворкі ісці не можа», — расказвае Кацярына.

І дзяўчына стала шукаць варыянты для такога развіцця. Перш за ўсё працу, у якой яна змагла б прымяніць свае веды англійскай мовы.

Каця з сынам. Фота: BAR24

Каця з сынам. Фота: BAR24

«У інтэрнэце мне часта трапляліся на вочы аб'явы з вакансіямі для настаўнікаў у Кітаі. Ды і ад знаёмых даводзілася чуць, што ў гэтай краіне можна нядрэнна зарабіць, выкладаючы англійскую», — распавядае Каця.

Дзяўчыну прыцягвала праца настаўніцай англійскай мовы ў кітайскім дзіцячым садзе. Так яна і сама змагла б рэалізавацца, і за яе трохгадовае дзіця не прыйшлося б турбавацца: яно было б увесь час побач.

«Па сутнасці, мы з сынам адправіліся ў нікуды»

Нядоўга думаючы, дзяўчына вырашыла: «Жыццё адно, трэба спрабаваць». Звярнулася ў агенцтва, дзе ёй расказалі пра спецыфіку і прынцыпы працы ды звязалі з працадаўцам.

«Мне прапанавалі працу ў горадзе Ханчжоу — адным з самых прыгожых гарадоў Кітая. Я была страшна задаволеная. Мы абгаварылі пытанні адносна заробку і жылля, мяне ўсё задавальняла», — расказвае дзяўчына.

Каб адправіцца ў Кітай, патрэбныя былі немалыя сродкі. Таму Каця прадала машыну і ўзяла крэдыт пад вялікі працэнт у банку. Яна ўжо сабрала ўсе неабходныя дакументы і была гатовая да пералёту. Але здарылася тое, што за секунду разбурыла ўсе планы.

«Калі з'явіліся навіны пра пандэмію каранавіруса, я не магла знайсці сабе месца! Усе пералёты ў Кітай па працоўных візах рэзка спыніліся. Я не была гатовая да такой сітуацыі і не ведала, як змірыцца з тым, што ўзяла вялікую суму грошай у доўг. Пачалося чаканне», — успамінае Кацярына.

Аднак праз пару месяцаў ёй усміхнулася ўдача. Знаёмая напісала, што ў дзіцячым садзе горада Фашань, дзе яна працавала, з'явілася вакансія для настаўніка англійскай. Каця адразу ж купіла квіткі на самалёт за 6000 даляраў, хоць разумела, што абмежаванні на ўезд у Кітай не знятыя і ў яе могуць узнікнуць праблемы.

«Было страшна, бо, па сутнасці, мы з сынам адправіліся ў нікуды. Ніякай візы ў пашпарце ў мяне не было. Падставай для майго наведвання Кітая, па сутнасці, была толькі дамоўленасць са знаёмай», — успамінае дзяўчына.

«Не ўбачыла ні хмарачосаў, ні прыгожых храмаў»

Усё склалася ўдала, мама з сынам прыляцелі ў Кітай. Неабходна было адбыць двухтыднёвы каранцін у гатэлі, за які давялося заплаціць яшчэ 1000 даляраў. І вось, нарэшце, Кацярына змагла адправіцца да свайго новага месца працы.

«Перад пераездам я нагледзелася відэа, у якіх распавядаюць пра гарады Кітая, іх прыгажосць. Але па прыбыцці да месца маёй працы я не ўбачыла ні хмарачосаў, ні прыгожых храмаў. Дзіцячы сад размяшчаўся на тэрыторыі старой вёскі, якая была ну зусім не маляўнічай. Я была, мякка кажучы, шакаваная», — распавядае Каця.

Брудная рэчка, напаўразбураныя дамы, рынкі, на якіх пануе антысанітарыя… Убачыўшы вёску, дзе ёй трэба будзе працаваць, дзяўчына спачатку нават расплакалася. Але, успомніўшы, які шлях яна зрабіла, узяла сябе ў рукі. Тым больш, што дзіцячы сад, у якім ёй трэба было працаваць, аказаўся «класным і сучасным».

«Вывучалі сына, нібы іншапланецяніна»

Праца Кацярыны была ў тым, каб у гульнявой форме выкладаць англійскую мову дзецям 3-6 гадоў у «міжнародных групах». У такія групы кітайскія бацькі аддаюць малых, каб тыя з ранніх гадоў вывучалі замежную мову.

Працоўны дзень доўжыўся з 7:30 да 17:30. За дзень трэба было правесці 4-5 урокаў працягласцю 20-30 хвілін. Заробак са старту паабяцалі ў 10000 юаняў (1500 даляраў па курсе на той момант).

Умовы для працы ў Кітаі, па словах Кацярыны, былі больш чым добрымі: бясплатныя ежа і жыллё, кампенсацыя выхадных і іншыя бонусы. Напрыклад, сыну Каці далі 50% зніжку на наведванне сада.

«Усё было добра, я прайшла выпрабавальны тэрмін і спакойна праводзіла ўрокі англійскай. Але была адна праблема — адаптацыя майго трохгадовага сына. Я і падумаць не магла, што хлопчык з еўрапеоіднай знешнасцю стане такім дзівам для кітайцаў!» — расказвае дзяўчына.

Кітайскія дзеці, па словах Каці, вывучалі яе сына «нібы іншапланецяніна». Дакраналіся да яго вачэй, носа, даймалі сваёй падвышанай увагай. Дадатковым стрэсам для хлопчыка стала тое, што ён зусім не разумеў іншых дзяцей, бо ўсе яны гаварылі на кітайскай.

«Я ўвесь час падбадзёрвала і супакойвала сына. Тлумачыла яму, што кітайскім дзецям проста цікава, бо яны рэдка бачаць замежнікаў. Кітайскія настаўнікі таксама прасілі дзяцей не звяртаць на маё дзіця такой пільнай увагі. Што гэта некарэктна і няправільна», — распавядае Каця.

Праз два месяцы ў садзе сын Кацярыны адаптаваўся. Больш за тое, у яго з'явіліся сябры сярод кітайскіх дзяцей, якія вывучаюць англійскую мову.

У садзе ёсць свая ферма, а дзеці смажаць шашлыкі

Кітайскія дзіцячыя сады, са слоў Кацярыны, кардынальна адрозніваюцца ад беларускіх. Да прыкладу, у групе з 25 дзяцей у Кітаі працуе тры выхавацелькі, а не адна, як у Беларусі. Па ўсёй тэрыторыі ў мэтах бяспекі дзяцей устаноўлены відэакамеры. Яны літаральна ўсюды, хіба што ў туалетах не стаяць.

У дзіцячым садзе, дзе працуе Каця, ёсць свая ферма. Там вырошчваюць садавіну і гародніну. Побач з фермай размешчаны мангалы, на якіх дзеці смажаць курыныя крылцы, якія прыносяць з дому.

У кітайскіх садах, як і ў беларускіх, ёсць урокі фізкультуры. Але іх складана назваць традыцыйнымі. На фізкультуры дзятва проста падымаецца і спускаецца ўніз па прыступках лесвіцы. Так, на думку дзяўчыны, дзяцей рыхтуюць да нестандартных сітуацый, якія патрабуюць экстраннай эвакуацыі: тайфуну або пажару.

«За тры гады маёй працы дзіцячы сад вельмі мадэрнізаваўся. У ім пастаянна ідзе рамонт, укараняюцца новыя і новыя прасторы для дзяцей. Прыкметна, што кіраўніцтва зацікаўленае ў тым, каб развіваць установу», — адзначае дзяўчына.

Пры гэтым Каця ні разу не чула, каб грошы на рамонт сада збіралі з бацькоў выхаванцаў. Мамы і таты ў Кітаі абавязаныя толькі штомесяц плаціць за сад, навучальныя дапаможнікі, пасцель і форму для дзяцей. А купляць выхавацелям падарункі да святаў і зусім забаронена на заканадаўчым узроўні.

«Калі расказвала, што ў Беларусі тры месяцы вакацый, не маглі паверыць»

Кітайскія дзеці, па словах Кацярыны, таксама вельмі моцна адрозніваюцца ад беларускіх.

«Дзеці часта абдымаюць мяне, нешта дораць і прызнаюцца ў любові. Хоць маленькія, яны вельмі культурныя і стрыманыя. Гэта тычыцца дзяцей, з якімі я працую, — адзначае Каця. — У Беларусі ж дзеці часцей маніпулююць дарослымі. Яны больш распешчаныя, любяць «качаць свае правы».

Дарослыя ў Кітаі, у сваю чаргу, максімальна імкнуцца заняць сваіх дзяцей.

«У дзяцей абсалютна няма адпачынку. Яны заўсёды чымсьці занятыя, хай гэта будзе фехтаванне, маляванне або тая ж англійская. Да прыкладу, калі я распавядала кітайцам, што ў Беларусі летам тры месяцы вакацый, яны не маглі ў гэта паверыць!» — расказвае выкладчыца.

За тры гады працы настаўніцай англійскай мовы ў Кітаі Кацярына ні разу не пашкадавала аб тым, што ў свой час наважылася на пераезд. За гэты час яна змагла цалкам разлічыцца з усімі абавязкамі.

Каця шмат займаецца самаразвіццём, будуе кар'еру, падарожнічае ў вольны ад працы час. Адчувае сябе шчаслівай і незалежнай.

«Я ўдзячная сабе за тое, што наважылася. Цяпер мае бацькі падтрымліваюць мяне і задаволеныя тым, як усё склалася. Ганарацца мной.

Але калі б я паслухалася іх і засталася дома, усіх гэтых яркіх эмоцый і падзей у маім жыцці проста не адбылося б! Хай кожны, хто хоча змяніць сваё жыццё, наважваецца. Гэта таго варта», — робіць выснову Каця.

Чытайце таксама:

Краіна «акуна мататы» і творчых людзей. Як беларускі айцішнік працаваў у Танзаніі

Бойкі «раён на раён» і моцная класавасць. Як беларус паўгода працаваў у Папуа — Новай Гвінеі

«Тут ёсць увогуле ўсё — і наогул нічога не трэба». Беларуска пераехала ў Тайланд і расказвае, як казачна там жывецца

Клас
17
Панылы сорам
6
Ха-ха
7
Ого
4
Сумна
6
Абуральна
2