Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Анатоль Кляшчук нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Вынісцы на Случчыне. Сёння яна ўжо носіць назву Вынішчы. Жыла сям'я, праўда, пасля на ўскраіне Слуцка.

Бацька быў простым будаўніком-электрыкам, але меў свой фотаапарат, якім вельмі ганарыўся. Менавіта бацька даў Анатолю першы штуршок прысвяціць сваё жыццё фатаграфіі, але сапраўды заразіў яго бацькаў сябар — фотамастак Вячаслаў Дубінка, які працаваў у слуцкай газеце і належаў да кола, якое выношвала ідэю незалежнасці Беларусі.

Ужо ў дзяцінстве Анатоль здымаў адну-дзве стужкі за год.

У Слуцку будучы фатограф скончыў школу № 9, а пасля службы ў войску ў канцы 1970-х паехаў у сталіцу. Тут ён працаваў на 407-м авіярамонтным заводзе. Хацеў паступаць у Палітэхнікум, нават хадзіў на падрыхтоўчыя курсы, але хутка зразумеў, што не хоча займацца будаўніцтвам.

У такім нявызначаным становішчы ён працягваў фатаграфаваць на бацькаў фотаапарат «Масква-5», бо фатаграфія была адзіным сродкам выявіць сябе.

У Мінску ў той момант, як ён успамінаў, быў дэфіцыт усяго. У ГУМе толькі пад самы Новы год «выкідвалі» ў продаж фотаапараты. На новенькі «Зеніт», які каштаваў 100 рублёў, ён аддаў амаль увесь свой заробак.

Фатаграфія з цыкла «Квецень» літоўскага фотамастака Рамуальдаса Ракаўскаса, які аказаў моцны ўплыў на Анатоля Клешчука. 

Фатаграфія з цыкла «Квецень» літоўскага фотамастака Рамуальдаса Ракаўскаса, які аказаў моцны ўплыў на Анатоля Клешчука. 

Гэты набытак прадвызначыў далейшы лёс Клешчука. Ён пачаў наведваць на фотавыстаўкі.

Найперш яго ўразіла выстаўка «Квецень», якую ў Мінск прывёз літоўскі фатограф Рамуальдас Ракаўскас. Праца над ёй працягвалася на працягу 10 гадоў і пачыналася з фатаграфіі для вокладкі часопіса. Фатограф ездзіў па вёсках у пошуках цікавых кадраў. Многія здымкі ў цыкле былі вынікам таленавітай рэжысуры.

«Разы тры хадзіў. Я тады думаў, чаму я не бачу таго, што бачыць ён?» — успамінаў Анатоль Кляшчук.

Але, азіраючыся з сённяшняга дня на творчасць беларускага фотамайстра, можна ўпэўнена казаць, што Кляшчук таксама бачыў тое, чаго іншыя не бачаць.

Анатоль вырашыў далучыцца да мясцовага фотаклуба. Патаемна збягаў у абед з завода, каб аддаць свае фотаздымкі ў «Вячорку». У 1981 годзе звольніўся з завода, каб цалкам прысвяціць сябе захапленню, уладкаваўся ў фоталабараторыю БДУ.

Пётр Карэнік — майстар саломапляцення з вёскі Слабодка Браслаўскага раёна. 1983 год. Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Пётр Карэнік — майстар саломапляцення з вёскі Слабодка Браслаўскага раёна. 1983 год. Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Друкаваўся ў «Мінскай праўдзе» — цяпер гэта фашызоідная газецінка, а тады было нармальнае, запатрабаванае людзьмі выданне, — супрацоўнічаў і з «Чырвонай зменай», якая пісала для моладзі па-беларуску. Урэшце паступіў на журфак БДУ. Яшчэ ў час вучобы хлопца ўзялі на працу ў «Сельскую газету». Для яго гэта быў рай. На сяле журналістаў прымалі па найвышэйшым разрадзе, вазілі на машыне, частавалі. Але не ў тым была яго радасць.

«Менавіта вёска была маёй стыхіяй. Усё жыццё вёска вабіць», — прызнаваўся фатограф. Ëн сапраўды, як ніхто, вычуваў вёску і сялян і ўмеў спыняць імгненні іх жыцця і вечнасці.

Росквіт Анатоля Клешчука трапіў на часы «перабудовы». Кляшчук не толькі фатаграфаваў, але і пісаў — не ўсе фатографы так умелі. Рэдактару газеты ж з ЦК перыядычна раілі, як правільна паказваць савецкае жыццё, заварочвалі вострасацыяльныя матэрыялы. 

Фота: znyata

Фота: znyata

У 1986 годзе скончыў факультэт журналістыкі БДУ, у гэты ж час выбухнуў Чарнобыль. Катастрофу на АЭС фотамастак заспеў у Гомельскай вобласці.

«Гэта быў такі змрок! Катастрофа здарылася, а ўлада нічога не казала да 4 мая… […] Там было ўжо шмат аўтобусаў — дзяцей вывозілі з зоны. […] Было ўражанне, што ідзе вайна», — успамінаў Кляшчук.

«Я люблю, каб у журналісцкай фатаграфіі сацыяльнасць выходзіла на першы план. Адчуваў, што трэба здымаць тых людзей, якія сапраўды пацярпелі ад катастрофы. Якія захварэлі».

Анатоль Кляшчук здымаў анкахворых дзяцей Чарнобыля. Гэты цыкл аб'ехаў планету, выстаўляўся ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і дапамог мабілізаваць свет на дапамогу Беларусі ў ліквідацыі наступстваў атамнай катастрофы.

Анатоль Кляшчук здымаў анкахворых дзяцей Чарнобыля. Гэты цыкл аб'ехаў планету, выстаўляўся ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і дапамог мабілізаваць свет на дапамогу Беларусі ў ліквідацыі наступстваў атамнай катастрофы.

Пра тое, што адбывалася ў той момант у шпіталях, гаварылі мала. Было няпроста туды патрапіць і здымаць, але Клешчуку гэта ўдалося. На працягу сямі год ён хадзіў па шпіталях. Ён імкнуўся пазбягаць відавочных пакут на дзіцячых тварах. Гэтыя здымкі патрапілі ў нямецкі фотаальбом «Чарнобыль 1986—2006. Жыць з трагедыяй». У Беларусі такую фатаграфію пусцілі ў музеі толькі праз 20 гадоў пасля катастрофы.

У час распаду савецкай імперыі ў 1991 годзе яго перацягнулі ў новае выданне — урадавую газету «Рэспубліка». Гэта цяпер яна ператварылася ў афіцыёзнае, бяздушнае выданне, а тады ў ёй было жыццё.

У гэты час палітычнае жыццё краіны віравала, Кляшчук меў натуральную патрэбу адлюстроўваць рэчаіснасць праз свой талент фатографа, але ў «Сельскай газеце» паказваць мітынгі было нельга, а беларуская мова не ўспрымалася.

Лета, канец 90-ых. Фота Анатоля Клешчука.

Лета, канец 90-ых. Фота Анатоля Клешчука.

Рабочы. Фота Анатоля Клешчука

Рабочы. Фота Анатоля Клешчука

Для «Рэспублікі» ён здымаў без прыкрас чорных ды мурзатых рабочых. Шукаў незвычайных людзей, здымаў, пісаў пра іх у персанальнай рубрыцы «Землякі», якую яму далі ў часопісе «Беларусь».

«Я не любіў, калі мне казалі: здымі вось гэта альбо вось гэта. Вядома, выконваў загады рэдакцыі, здымаў па заданні…

Але тое, што прывозіў з глыбінкі, было куды цікавейшым і сабе, і іншым. Здымаць вольна ў глыбінцы было бальзамам для душы».

Бюракратыя ў «Рэспубліцы» вымусіла праз пару год перайсці ў «Звязду», якая раней заставалася для яго толькі марай. Сюды яго вабіла вялікая колькасць таленавітых беларускамоўных людзей, там працавалі фотакарамі Мікалай Амельчанка і Яўген Пясецкі, якія мелі выключныя кампазіцыі і друкаваліся таксама ў саюзных «Правде» і «Ізвестіях». 

«Калі прыйшоў у «Звязду» — быў 93—94 год. Першыя выбары прэзідэнта! Лукашэнка, Шушкевіч, Пазняк як кандыдаты прыходзілі на наш пяты паверх. Жыццё кіпела. Гэта было цікава!»

Мноства ягоных фотаздымкаў было надрукавана ў персанальных фотаальбомах. Так адгукалася «Наша Ніва» на ягоны самы вядомы альбом «Пад небам Беларусі», які пабачыў свет у 2003 годзе: 

«У 90-х адбылося першаадкрыццё беларускага краявіду, іншага — больш камернага, прыватнага, антрапагеннага, з заўважнымі каранямі й межамі, правінцыйна элегантнага, без шалу постмадэрнізму — ландшафту азёрнага, узгорыстага, з двухвежавымі сілуэтамі, фундаментальнага, які не зблытаеш з краявідамі ніякай іншай краіны. І зрабіў гэтае першаадкрыццё сярод іншых фатограф Анатоль Кляшчук». 

Кляшчук меў уласныя фотавыстаўкі як у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, так і ў штаб-кватэры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, і ў Палацы нацый у Жэневе, і ў будынку Еўрапарламента, і яшчэ ў дзясятках краін свету.

Не заставаўся ўбаку ад грамадскага жыцця: у 2003 годзе стаў адным з заснавальнікаў і сябрам Беларускага грамадскага аб'яднання фатографаў.

Найбольш вядомыя ягоныя цыклы фота аб наступствах Чарнобыля, ахвярах Халакосту і аб беларускай народнай культуры. Яе ён зафіксаваў напярэдадні яе фактычнага вынішчэння пры лукашызме, для якога ўсё гэта — вясковыя скульптары, скрыпачы, арганісты — чужое і няважнае.

Клешчуковы фотаздымкі вёскі, беларускай прыроды, народных святаў ды тутэйшых людзей разам быццам ажыўляюць, рэканструююць страчаную для гараджан тую Беларусь, з якой яны знаёмыя з кніг, вершаў, песень беларускіх класікаў. І Кляшчук сам становіцца для нас такім класікам фатаграфічнай беларушчыны. 

Напрадвесні. У музеі архітэктуры і побыту. Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Напрадвесні. У музеі архітэктуры і побыту. Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Прыйшла Піліпаўка. Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Прыйшла Піліпаўка. Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Па журавіны. Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Па журавіны. Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Напамінак пра камуністычную эру — хлеб. Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Напамінак пра камуністычную эру — хлеб. Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Дзіця старажытнага Турава. Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Дзіця старажытнага Турава. Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Настальгія па Неглюбцы… Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Настальгія па Неглюбцы… Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Фота: znyata

Фота: znyata

Завея ў горадзе N. Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Завея ў горадзе N. Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Гайненскія дахі. Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Гайненскія дахі. Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Асабліва выразнымі з’яўляюцца ягоныя зімовыя пейзажы, у якіх ён дакладна перадае графічнасць наваколля ў гэты суровы час. Многія ягоныя чорна-белыя фотаздымкі дасягаюць успрымання блізкага да гравюры. Гледзячы на іх, немагчыма не прыгадаць зімовыя гравюрныя пейзажы Аркадзя Астаповіча, якія, таксама амаль пазбаўленыя колеру, чорнымі контурамі і плямамі здольныя перадаць і глыбіню вёскі з лесам за замеценымі хатамі, і шчыльную гарадскую забудову.

У чорна-белай фатаграфіі, што пазбаўлена лішняга і пакідае пэўную недасказанасць, вольнае месца для роздумаў, ён дасягае таго эмацыйнага нерва, якога немагчыма дасягнуць іншымі сродкамі выразнасці.

Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Фота: znyata

Фота: znyata

Фота: znyata

Фота: znyata

Асвейскі рыбак. Верхнядзвінскі раён. Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Асвейскі рыбак. Верхнядзвінскі раён. Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Вясковыя людзі, у першую чаргу старыя, на фотаздымках Клешчука неадрозныя ад тых, што малявалі пасляваенныя рэалісты, якія адышлі ад ідэалагічнага праслаўлення савецкага ладу да лірызму паўсядзённасці, настальгічна ўспаміналі сваё сельскае мінулае.

У сваіх інтэрв’ю Анатоль Кляшчук казаў так: 

«У мяне ёсць свой унутраны закон: кожны чалавек мае адно жыццё і яно, вядома, самае прыгожае. І кожны чалавек лічыць, што ён самы лепшы. Калі я бачу чалавека, я імкнуся ўбачыць у ім толькі найлепшыя рысы. Калі я зраблю дрэнны альбо нецікавы здымак, я быццам яго крытыкую ці зневажаю. Хачу ў чалавеку бачыць толькі чалавека».

Менавіта гэта ён шукаў і паказваў не толькі ў вяскоўцах, але і ў сталічнай інтэлігенцыі. Кляшчук выдатна ведаў нацыянальную культуру, асабіста быў знаёмы з усімі значнымі постацямі, ведаў тонкасці натуры іх.

Ягоныя фотаздымкі абсалютна па-рознаму раскрываюць кожнага з творцаў. Глыбокія, ледзь не пакутлівыя роздумы ён ухапіў у серыі партрэтаў культавага беларускага паэта Анатоля Сыса — гэтыя здымкі і самі ўжо сталі культавымі пасля ягонай заўчаснай смерці. 

Мастак Віктар Маркавец. Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Мастак Віктар Маркавец. Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Беларускі скульптар Алесь Шатэрнік. Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Беларускі скульптар Алесь Шатэрнік. Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Вясковы інтэлігент Міхал Ляпеха — руплівы захавальнік і нястомны абаронца сядзібы Багушэвіча ў Кушлянах. Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Вясковы інтэлігент Міхал Ляпеха — руплівы захавальнік і нястомны абаронца сядзібы Багушэвіча ў Кушлянах. Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Паэт Анатоль Сыс. Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Паэт Анатоль Сыс. Фота: фэйсбук Анатоля Клешчука

Распавядаючы пра свае прынцыпы, Кляшчук адзначаў, што галоўнае ў фатаграфіі імкнуцца да сутнасці, а не да вонкавай прыгажосці:

«Я лічу, што той, хто не здымае трагедыю і боль, — той не адчувае жыцця».

Анатоль Кляшчук памёр на 66 годзе свайго жыцця пасля працяглай анкалагічнай хваробы. Але яго бязмерна вялікая спадчына назаўжды застанецца ў беларускага народа.

Развітанне з Анатолем Клешчуком пройдзе ў сераду 6 верасня з 10 па 12 гадзіну па адрасе вуліца Сямашкі, 8, корпус 8, у вялікай зале.

Чытайце таксама:

Памёр Анатоль Кляшчук

Жанчыны свайго часу. Рэтраспектыўная падборка фатаграфій Анатоля Кляшчука

Японец Кляшчук

Клас
31
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
41
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?