«Ліцвінізм — гэта радыкальнае адгалінаванне беларускага нацыяналізму, адным з асноўных ідэалагічных палажэнняў якога з'яўляецца адмаўленне балцкага паходжання Вялікага Княства Літоўскага і княскіх дынастый, што ім кіравалі, а таксама аспрэчванне прыналежнасці вялікай часткі тэрыторыі Літоўскай Рэспубліцы, уключаючы сталіцу Вільню.

Прыхільнікі ліцвінізму выказваюць тэрытарыяльныя прэтэнзіі і да іншых дзяржаў, што мяжуюць з Беларуссю.

Ліцвіністы маюць адмоўнае стаўленне да маскоўскага і мінскага кіроўных рэжымаў і адпрэчваюць іх афіцыйны гістарычны наратыў, у якім сцвярджаецца, што рускія і беларусы — гэта «адзін народ». Праз такую пазіцыю найактыўнейшыя прыхільнікі гэтай ідэалогіі зазнаюць рэпрэсіі мінскага рэжыму і нярэдка бываюць змушаныя ўцякаць у дзяржавы Еўрапейскага саюза, сярод якіх і Літва, дзе яны ўтвараюць частку актыўнай апазіцыі.

Ідэалагічная канфрантацыя паміж літоўцамі і тымі, на каго паўплывала ідэалогія ліцвінізму, на беларускіх нішавых, прысвечаных гісторыі інтэрнэт-рэсурсах працягваецца ўжо больш як два дзесяцігоддзі.

Не заўважаецца, каб у апошнія месяцы распаўсюд ідэалагічных палажэнняў ліцвінізму павялічваўся значна, але некаторыя выкліканыя прыхільнікамі ідэалогіі інцыдэнты ці выказванні ў сацыяльных сетках выклікалі рэзананс у інфармацыйнай прасторы Літвы і заахвоцілі дыскусіі пра рызыку, звязаную з дзейнасцю такога характару.

Паводле ацэнкі Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі, дзейнасць прыхільнікаў ідэалогіі ліцвінізму на гэты момант не ўяўляе рэальнай небяспекі суверэнітэту Літоўскай Рэспублікі, канстытуцыйнаму ладу і тэрытарыяльнаму адзінству, але ідэалагічныя палажэнні, якія яны пашыраюць, могуць павялічваць міжэтнічнае напружанне ў дзяржаве і актывізуюць адмоўнае стаўленне да [Літоўскай] дзяржавы і ў лаяльнай часткі супольнасці беларусаў у Літве.

Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі збірае інфармацыю пра пагрозы і фактары рызыкі, звязаныя з новай дыяспарай беларускіх мігрантаў, і ва ўстаноўленым законамі парадку перадае яе заканадаўцам.

Таксама дэпартамент падае рэкамендацыі дзяржаўным інстытуцыям наконт нявыдачы або скасавання дазволаў на пражыванне ў Літоўскай Рэспубліцы асобам, што выклікаюць пагрозу бяспецы дзяржавы», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі. 

Чытайце таксама:

Літоўская міністарка заступілася за беларусаў: Не варта гнаць іх з краіны

Шляхта ВКЛ паміж русінствам і польскасцю

Літвіны ці русіны? Кім былі продкі беларусаў

«Як зразумець беларуса, калі ён такі складаны». Гутарка з аўтарам першай гісторыі Беларусі на літоўскай мове

Клас
21
Панылы сорам
61
Ха-ха
20
Ого
5
Сумна
3
Абуральна
15