Пасля сутыкнення Дыморф нечакана «адгадаваў хвост» і стаў больш нагадваць камету. Фота: NASA

Пасля сутыкнення Дыморф нечакана «адгадаваў хвост» і стаў больш нагадваць камету. Фота: NASA

Астраномы працягваюць сачыць за лёсам астэроіда Дыморфа, які летась інжынерам NASA ўдалося скінуць са звыклай арбіты, дашчэнту разбіўшы аб яго касмічны карабель коштам амаль траціну мільярда даляраў, піша Бі-бі-сі.

Зрэшты, аварыя зусім не была выпадковай. Роўна наадварот: навукоўцам прыйшлося добра папрацаваць, каб як след спланаваць і арганізаваць «аварыю» на адлегласці каля 11 млн кіламетраў ад нашай планеты (для параўнання: гэта прыкладна ў 25 разоў далей, чым да Месяца).

Цяпер NASA апублікавала чарговы здымак Дыморфа, зроблены тэлескопам «Хабл» яшчэ ў снежні мінулага года, праз тры месяцы пасля ўдару, але перададзены на Зямлю і апрацаваны толькі цяпер.

На фота можна ўбачыць, што «падбіты» астэроід абзавёўся ўласнымі спадарожнікамі. Яго атачаюць не менш за тры дзясяткі разнастайных каменных фрагментаў, што адкалоліся ад асноўнага цела Дыморфа пасля (і хутчэй за ўсё ў выніку) прыцэльнага лабавога ўдару.

Фота: NASA

Фота: NASA

Падлічыць дакладную колькасць аскепкаў не ўяўляецца магчымым з-за дрэннай бачнасці: гэта адзін з самых цьмяных аб'ектаў, калі-небудзь сфатаграфаваных «Хаблам».

Затое супрацоўнікі Еўрапейскай касмічнай абсерваторыі даволі дакладна вызначылі памер касмічных камянёў. Паводле іх даных, самыя буйныя аскепкі перавышаюць у дыяметры 6,5 м; самыя дробныя — каля 1 м.

Спецыяльна для тэставага сутыкнення NASA сумесна з Еўрапейскім касмічным агенцтвам распрацавалі і сканструявалі беспілотны апарат DART — першы ў гісторыі касмічны карабель-камікадзэ.

Стартаваўшы з вайсковага касмадрома ў Каліфорніі яшчэ ў лістападзе 2021-га, толькі да месца прызначэння апарат дабіраўся амаль 10 месяцаў.

Адзінай задачай місіі было на поўнай хуткасці ўрэзацца ў зусім бяскрыўдны (ён ніяк не пагражаў нашай планеце) 160-метровы астэроід пад назвай Дыморф, паспрабаваўшы змяніць яго траекторыю.

Такім чынам навукоўцы хацелі на практыцы праверыць, ці магчыма гэта наогул — і ці варта сур'ёзна разлічваць на гэты спосаб абароны планеты ў выпадку рэальнай пагрозы з космасу.

Са сваёй задачай DART справіўся бліскуча — нягледзячы на каласальную розніцу ў памерах.

Разагнаўшыся да хуткасці парадку 24 000 км/г (6,5 км/с), апарат вагой крыху большай за 600 кг урэзаўся ў велічэзную каменную глыбу, у тысячы разоў цяжэйшую.

Правёўшы неабходныя разлікі, у NASA пацвердзілі, што місія ўвянчалася поспехам: у выніку ўдару Дыморф зрушыўся з месца і стаў хутчэй круціцца вакол мацярынскага астэроіда Дзідзім.

Праз месяц стала вядома, што ў выніку ўдару Дзідзім яшчэ і абзавёўся доўгім «хвастом», які расцягнуўся на тысячы кіламетраў, зрабіўшы астэроід больш падобным да каметы.

Клас
30
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
8
Сумна
4
Абуральна
1