выдаленне валасоў з грудзі мужчыны удаление волос с груди мужчины removing hair from a man's chest

Працэдура лазернай эпіляцыі на грудзях мужчыны. Фота: Getty Images

Дагляд валасоў мае даўнюю гісторыю. Навукоўцы сцвярджаюць, што ўжо 30 тысяч гадоў таму чалавек разумны выкарыстоўваў завостраныя ракавінкі для выдалення валасоў.

Старажытны Егіпет

Значна больш інфармацыі могуць даць знаходкі на тэрыторыі Егіпта. Лічыцца, што старажытныя егіпцяне ўвялі ў моду дэпіляцыю. Яе практыкавалі як жанчыны, гэтак і мужчыны. Для гэтага выкарыстоўвалі бронзавыя брытвы, пчаліны воск і пемзу.

Жанчыны выдалялі валасы ў зоне бікіні. Усё свабоднае насельніцтва Егіпта незалежна ад полу галіла валасы на галаве і насіла парыкі. Іх форма, памер і матэрыял сведчылі пра сацыяльнае становішча ўладальнікаў.

Дочкі фараона Аменхатэпа IV Daughters of Pharaoh Amenhotep IV Дочери фараона Аменхотепа IV

Дочкі фараона Аменхатэпа IV (Эхнатона). Фрагмент роспісу палаца ў Ахетатоне (Амарне). XIV ст. да н. э. Фота: Wikimedia Commons

Дзецям — хлопчыкам і дзяўчаткам — галілі валасы, пакідаючы адну або некалькі пасмаў (дзяўчаткам — на цемі, хлопчыкам — па баках галавы). Гэтыя пасмы закручвалі ў завіток (такая прычоска звалася «завіток юнацтва») або запляталі ў касу на левай скроні.

Адной з царскіх рэгалій, якая сімвалізавала мужнасць і сілу, была накладная цыліндрычная бародка фараона.

Старажытны Усход

Раскопкі на тэрыторыі старажытнага Ура — горада-дзяржавы Месапатаміі — выявілі грабніцу прыкладна 3500 года да н. э. У ёй быў знойдзены пінцэт для выдалення валасоў. А вось у Шумеры эпіляцыя была строга пад забаронай. Жыхары верылі ў прыкмету, што калі выдаліць валасы з нейкай часткі цела, то багі пазбавяць поспеху на сем гадоў.

Практыка выдалення валасоў была распаўсюджаная на Блізкім Усходзе. Там для гэтага пачынаючы з IV тысячагоддзя да н. э. сталі выкарыстоўваць спецыяльную пасту з сумесі сульфіду мыш'яку, гашанай вапны і крухмалу.

Старажытная Грэцыя

Практыку дэпіляцыі ў егіпцян і жыхароў Блізкага Усходу перанялі старажытныя грэкі і рымляне. У абедзвюх культурах яна была прыкметай прыналежнасці да прывілеяваных класаў.

У Старажытнай Грэцыі валасы з цела выдалялі як жанчыны, гэтак і мужчыны. У мужчын, якія адносіліся да найвышэйшых пластоў грамадства, лічылася прыстойным мець валасы толькі на галаве. У іншых месцах (грудзі, рукі, ногі, падпахі, лабок) яны старанна знішчаліся. 

Zeus and Ganymede Зевс и Ганимед Зеўс і Ганімед

Зеўс і Ганімед. Мастак Пентэсілеі. 470 год да н.э. Археалагічны музей Ферары. Фота: Wikimedia Commons

Густыя валасы і дагледжаная барада служылі найлепшым упрыгажэннем вольнанароджанага эліна. Барада сімвалізавала мужнасць, яе запускалі пасля дваццаці гадоў, папярэдне прысвяціўшы першы юнацкі пушок багам.

Толькі Аляксандр Македонскі змог пераканаць сваё войска стрыгчы бароды, убачыўшы, што з доўгай барадой нязручна ў баі. Уплыў Аляксандра прывёў да таго, што галенне стала больш модным.

Старажытны Рым

У Старажытным Рыме галенне мела культурнае значэнне. Першае галенне маладога рымляніна было «ўступленнем у дарослае жыццё». Рымскія цырульні былі месцамі сустрэчы. Валасы на целе (і іх выдаленне) сталі сімвалам статусу.

У рымскія часы чым больш знатным быў чалавек, тым менш ён меў валасоў на целе. Вядома, што Юлію Цэзару штодня пінцэтам вышчыпвалі бараду. Праўда, багатыя мужчыны ў Старажытным Рыме перасталі выдаляць валасы з лабка. Багатыя жанчыны таксама часам пакідалі валасы ў зоне бікіні.

Вяртанне рымлян да барод адбылося ў II стагоддзі н. э., калі рымскі імператар Адрыян адпусціў бараду, каб схаваць шнары і бародаўкі на твары. Рымляне рушылі ўслед за яго прыкладам.

Рэлігія і выдаленне валасоў

Практыка дэпіляцыі звязаная з рэлігіяй. Так, у Старажытным Егіпце першымі пачалі выдаляць валасы жрацы. Паводле Герадота, «у іншых краінах жрацы багоў носяць доўгія валасы, а ў Егіпце яны стрыгуцца… Кожныя тры дні жрацы голяць валасы на сваім целе, каб пры богаслужэнні ў іх не з'явіліся вошы ці іншыя паразіты».

Танзура, якая патрабуе частковага ці поўнага галення валасоў на галаве, вядомая ў індуізме, будызме і хрысціянстве.

У індуізме гігіена лічылася рэлігійным абавязкам. Ад прыхільнікаў індуізму патрабавалася выдаляць валасы на грудзях і лабку. Адносна валасоў на падбародку і над верхняй губой працэдура галення павінна была праводзіцца кожны чацвёрты дзень.

Згодна з патрабаваннямі ісламу, мусульманін павінен рэгулярна выдаляць валасы з падпах і лабка. Спачатку для гэтага выкарыстоўвалі традыцыйныя метады (брытва, пінцэт, нітка), але ў VII стагоддзі на Блізкі Усход з Індыі прыйшоў цукар. Арабы прыстасаваліся рабіць з яго пасту для выдалення валасоў.

Сярэднявечная Еўропа

У Сярэднія вякі рымскія традыцыі галення былі адноўленыя падчас крыжовых паходаў, калі крыжакі сутыкнуліся з гігіенічнымі звычкамі рэгулярнага галення (і купання), якія захаваліся на Блізкім Усходзе.

У шматлікіх кнігах сярэднявечных аўтараў згадваюцца маленькія шчыпчыкі з медзі ці срэбра як неад'емны атрыбут жаночага туалету. У жывапісе эпохі Адраджэння аголенае жаночае цела адлюстроўвалася безвалосым, што можа сведчыць аб тым, што жанчыны змагаліся з валасамі таксама і ў інтымных месцах.

У тую эпоху валасы на твары або целе з розных прычын (гігіенічных, рэлігійных, эстэтычных або прафесійных) выдалялі і мужчыны. Напрыклад, манахі галілі патыліцу, рыцары галілі бараду і вусы дзеля зручнасці нашэння шлема, а мастакі і скульптары эпохі Адраджэння імкнуліся да гладкасці скуры як прыкметы маладосці і прыгажосці.

Новы час

Англійская каралева Лізавета I (1533—1603) дала штуршок развіццю культуры выдалення валасоў на твары. Прыгажуні таго часу вышчыпвалі або галілі бровы і выгольвалі валасы высока над ілбом, каб ён здаваўся візуальна больш высокім. Гэта лічылася прыкметай арыстакратызму і вытанчанасці.

Nicholas Hilliard Elizabeth I Ніколас Хіліярд Елізавета I Николас Хиллиард Елизавета I

Партрэт Лізаветы I (1573—1575). Нікалас Хіліярд. Фота: Wikimedia Commons

У зборніку Алесіа П'емантэзэ, які перавыдаваўся некалькі разоў у XVI стагоддзі, падрабязна апісваецца «цудоўны сакрэт, якім карыстаюцца знатныя маўрытанскія дамы, дзякуючы якому яны робяць сваіх дачок безвалосымі пад пахамі і ў іншых месцах».

Аднак гісторыкі лічаць, што ў той час дэпіляцыя не была распаўсюджанай з'явай. Валасатыя інтымныя месцы лічыліся гігіенічнымі і здаровымі, тады як дэпіляцыя магла сведчыць пра хваробу.

Яшчэ ў сярэдзіне XV стагоддзя ў Еўропе былі вынайдзеныя так званыя парыкі з лабковых валасоў. Іх насілі, у прыватнасці, прастытуткі, якія пакутавалі ад вошай у інтымных месцах і таму павінны былі цалкам дэпіляваць валасы. Парыкі дапамагалі гэтым жанчынам схаваць свой сорам.

Як бы там ні было, але ў XVII стагоддзі парады па выдаленні валасоў трапілі нават у кнігі, якія былі прызначаныя для хатняга чытання і навучання, якімі карысталася і простае насельніцтва.

Так, у кнізе Іагана Колера (Johannes Coler) «Oeconomia ruralis et domestika», якая на працягу стагоддзя выдавалася 14 разоў, утрымліваюцца звесткі пра 19 розных спосабаў выдалення валасоў.

Гісторыкі моды пішуць пра тое, што ў XVIII стагоддзі еўрапейскія прыгажуні сталі масава выкарыстоўваць крэмы для дэпіляцыі.

Геаграфічныя адрозненні

Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, валасы на целе размеркаваныя па планеце нераўнамерна. 

У народаў, якія жывуць ва ўмовах палярнай ночы і нізкай сонечнай актыўнасці, валасоў на целе і канечнасцях вельмі мала. А бліжэй да поўдня павялічваецца не толькі працягласць светлавога дня, але і колькасць валасоў на целе мясцовых народаў.

Самае густое валасяное покрыва ў жыхароў Міжземнамор'я: італьянцаў, іспанцаў, грэкаў, армян, арабаў. Але па меры набліжэння да экватара валасоў зноў паступова становіцца менш, і ўжо ў экватарыяльных афрыканцаў знікае практычна цалкам. У мужчын экватарыяльнай Афрыкі няма нават барады і вусоў.

Самымі валасатымі людзьмі ў свеце лічацца айны, якія жывуць на тэрыторыі вострава Хакайда, і ніўхі Прыамур'я і Сахаліна. Айны традыцыйна пакланяліся валасам, настолькі, што жанчыны наносілі вакол верхняй губы татуіроўку, каб намаляваць падабенства вусоў.

Женщина народности айнов с татуировкой над верхней губой. Ainu woman with a tattoo above her upper lip Жанчына народнасці айнаў з татуіроўкай над верхняй губой

Жанчына народнасці айнаў з татуіроўкай над верхняй губой. Фота: Wikimedia Commons

У карэннага насельніцтва Амерыкі ад прыроды няма густых валасоў на твары. Да ўсяго іншага традыцыі большасці індзейскіх народаў патрабуюць выдалення валасоў з цела і твару, прычым не галеннем, а эпіляцыяй у падлеткавым узросце.

Затое індзейцы часта адгадоўвалі доўгія валасы на галаве, што было сімвалам свабоды. Праўда, ёсць выключэнне. Некаторыя індзейскія плямёны, напрыклад, тлінкіты на паўднёвым усходзе Аляскі і захадзе Канады, насілі вусы і бароды.

Цікава, што да вусатых і барадатых еўрапейцаў-заваёўнікаў індзейцы ставіліся з вялікім падазрэннем і звалі іх «сабачымі мордамі». А еўрапейцы бязвусых індзейцаў спачатку прымалі за слабых, як жанчын, праціўнікаў.

Depilation Дэпіляцыя Депиляция

Сёння валасы на розных участках цела выдаляюць як жанчыны, гэтак і мужчыны. Гэтая практыка мае даўнюю гісторыю. Фота: Getty Images

XX стагоддзе

Пераварот у галенні адбыўся ў пачатку XX стагоддзя з пачаткам прамысловай вытворчасці ў 1903 годзе амерыканцам Кэмпам Джылетам аднаразовай бяспечнай брытвы. У 1915 годзе была выпушчана першая брытва спецыяльна для слабага полу. Жанчыны іх выкарыстоўвалі для галення падпах. Затым, калі сукенкі сталі карацейшымі, яны звярнулі ўвагу на ногі.

Гэтая тэндэнцыя праз амерыканскае кіно перанеслася ў Еўропу. Затым з'явіліся купальнікі бікіні.

Быў, праўда, і перыяд, калі аднавілася мода на «натуральнасць». Ён быў звязаны з рухам хіпі (1960—1970-я гады). З яго аслабленнем сталі знікаць і валасы на целе.

Сучаснасць

У сучасным еўрапейскім і амерыканскім грамадстве назіраюцца супярэчлівыя тэндэнцыі. З аднаго боку, нядаўна папулярны рух метрасэксуалаў прывёў да шырокага распаўсюджвання сярод мужчын практыкі выдалення валасоў з розных зон цела.

Напрыклад, у 2019 годзе ў Вялікабрытаніі 13% мужчын ва ўзросце да 30 гадоў галілі грудзі, 12% — падпахі, 5% — рукі, 4% — ногі. Кожны чацвёрты вышчыпваў бровы, а 29% галілі валасы на лабку.

З другога боку, жанчыны ўсё больш заяўляюць аб тым, што стаміліся ад залішняй увагі з боку мужчын да свайго безвалосага цела. Згодна з апытаннем, праведзеным у Францыі, за перыяд з 2013 па 2021 год колькасць жанчын, якія не выдаляюць валасоў у зоне бікіні павялічылася амаль удвая (з 15 да 28%). Вяртаюцца да большай натуральнасці валасянога покрыва і мужчыны.

Усё больш жанчын і мужчын вяртаюцца да натуральнага валасянога покрыва. Фота: Getty Images

Усё больш жанчын і мужчын вяртаюцца да натуральнага валасянога покрыва. Фота: Getty Images

Чытайце яшчэ:

Пот прадстаўнікоў гэтага народа зусім не мае паху. А самая страшная лаянка ў іх: «Ты зусім ні да чога не падобны»

Булён на вадзе з нябожчыка і плявок у знак павагі: дзіўныя афрыканскія традыцыі

«Калі я чую пра натуральную прыгажосць, я смяюся ўголас і падаю ў банку з крэмам» — дзёрзкае выказванне драматурга Дзіяны Балыка

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?