DEPOSITPHOTOS.COM, BY LOGOFF

 DEPOSITPHOTOS.COM, BY LOGOFF

Многія з вас ніколі не чулі, што ёсць такая краіна. Але пры гэтым ведаюць лікёр з такой назвай — непаўторна сіні.

Няхай вас не ўводзіць у зман, што Кюрасаа — астраўная дзяржава з ліку былых калоній, а большасць насельніцтва тут — нашчадкі былых рабоў. Гэта адна з самых заможных краін свету.

Так, сёння 84% бюджэту краіны прыносіць турызм. Але кожны чалавек тут, хай сабе ён носіць расцягнутую футболку і сярод ночы вязе вашай кампаніі кантрабандныя кубінскія цыгары, запраста можа аказацца ўласнікам дарагога рэстарана. А пышная чарнаскурая жанчына, што змахвае падолам пыл з лавы і мосціцца на ёй спаць, — нават у гэтай сітуацыі застаецца лэдзі.

Кюрасаа

выспа ў паўднёвай частцы Карыбскага мора, разам з ненаселеным востравам Малы Кюрасаа складае аўтаномію ў складзе Каралеўства Нідэрланды.
Плошча краіны: 444 кв. км.
Насельніцтва: 155 000 жыхароў (прыкладна як у Баранавічах).
Валюта: антыльскі гульдэн.
Сталіца: Вілемстад.

Прышчэплены атожылак

Іспанцы «адкрылі» Кюрасаа ў 1499 годзе. На востраве яны сустрэлі індзейцаў аравакаў і какеціа — апошнія вылучыліся высокім ростам. Практычна ўсіх карэнных жыхароў іспанцы вывезлі на Гаіці ў якасці рабоў. На нейкі час востраў пераўтварыўся ў адну вялікую ферму: сваіх буйных жывёл на ім не было, але іспанцы прывезлі і пусцілі вольна пасвіцца мноства коз, авечак, кароў.

Так перавозілі рабоў. VIRGIN-ISLANDS-HISTORY.ORG

Так перавозілі рабоў. VIRGIN-ISLANDS-HISTORY.ORG

Бліжэй да сярэдзіны XVII стагоддзя востраў адваявалі галандцы, што акурат дабіліся незалежнасці ад Іспаніі.

Галандская Вест-Індская кампанія ўпадабала зручную гавань Кюрасаа для мараходства, пірацтва і гандлю, у тым ліку рабамі. Ролю гандляроў жывым таварам можна з горкай усмешкай назваць нацыяўтваральнай: сёння чарнаскурыя — карэнныя жыхары і гаспадары вострава. І галоўны музей краіны прысвечаны менавіта гандлю рабамі, а ў сем’ях ведаюць, з якой часткі Афрыкі прывезлі некалі іх продкаў.

Музей рабства Kura Hulanda. WIKIMEDIA COMMONS

Музей рабства Kura Hulanda. WIKIMEDIA COMMONS

Нацыянальны герой Кюрасаа — таксама раб.

Тула, лідар паўстання рабоў на Кюрасаа ў 1795 годзе, быў значна больш адукаваным, чым мы можам сабе ўявіць: ведаў пра скасаванне рабства ў французскіх калоніях і гарачы поступ Вялікай Французскай рэвалюцыі, гаварыў на некалькіх мовах, цытаваў Біблію — і быў выдатным аратарам. Ён прыйшоў да свайго ўласніка не як бунтар, але як роўны: са словамі пра справядлівасць і права на свабоду незалежна ад колеру скуры. Гаспадар плантацыі, галандзец ван Утрэхт, пераклаў адказнасць на губернатара вострава.

Тула, нацыянальны герой Кюрасаа. Карціна работы Эдселя Селберы, 2012 год. WIKIMEDIA COMMONS

Тула, нацыянальны герой Кюрасаа. Карціна работы Эдселя Селберы, 2012 год. WIKIMEDIA COMMONS

Пакуль Тула дайшоў да губернатара ў сталіцу Вілемстад, вакол яго згуртаваліся 2 000 чалавек. Вядома, хадакоў назвалі экстрэмістамі, мяцеж быў задушаны, а памяць пра завадатараў пастараліся сцерці і перайначыць так, каб нават такія ж рабы казалі: не, ну ён быў занадта жорсткі і радыкальны.

Рабства на Кюрасаа было скасавана толькі ў 1863 годзе. А ў канцы 1960- х былі перапрачытаныя архівы «белых», якія захавалі памяць пра Тулу, патлумачаныя з папраўкай на час, — і сёння ён нацыянальны герой краіны, а на востраве стаіць 7 помнікаў паўстанню.

  Помнік паўстанню Тулы 1795 года. WIKIMEDIA COMMONS

Помнік паўстанню Тулы 1795 года. WIKIMEDIA COMMONS

Мова рабоў, але не рабская

Астравы ABC (Аруба, Банайрэ, Кюрасаа) — так яшчэ называюць Нідэрландскія Антыльскія астравы, самыя заходнія (падветраныя) астравы ў Карыбскім моры. Лучыць іх падобная гісторыя і супольная мова: пап’ямента.

Яна ўтварылася ў асяродку рабоў на базе партугальскай (сама назва пайшла ад партугальскага слова papear — балбатаць, гаварыць). Але разам з тым у гэтай мове шмат ад іспанскай, нідэрландскай, англійскай, а таксама нямецкай і італьянскай.

Сёння на пап’ямента гавораць дома, на вуліцы, у царкве, у судзе і парламенце. Гэтай мовай друкуюцца кнігі і газеты, ствараюцца сайты, вядуцца тэлешоу. Гэта ўнікальная крэольская мова, бо колькасць яе носьбітаў расце: лацінаамерыканцам, якія ў апошні час актыўна эмігруюць на Кюрасаа, прасцей вывучыць пап’ямента, чым галандскую. А эмігруюць сюды з Венесуэлы і Калумбіі ахвотна: тут багацце і парадак.

У цэнтры Вілемстада, сталіцы Кюрасаа, стаяць вялікія чырвоныя літары: DUSHI. На пап’ямента гэтае слова мае некалькі значэнняў:— смачны, вельмі смачны;— «бэйба», «дзетка»;— мілы, даражэнькі;— сэксуальны;— цудоўны. GEOGRAPHICALLYYOURS.BLOGSPOT.COM/

У цэнтры Вілемстада, сталіцы Кюрасаа, стаяць вялікія чырвоныя літары: DUSHI. На пап’ямента гэтае слова мае некалькі значэнняў:
— смачны, вельмі смачны;
— «бэйба», «дзетка»;
— мілы, даражэнькі;
— сэксуальны;
— цудоўны. 
GEOGRAPHICALLYYOURS.BLOGSPOT.COM/

З 2007 года пап’ямента — дзяржаўная мова Кюрасаа. Разам з нідэрландскай і англійскай.

Шмат гадоў жыхары Кюрасаа патрабавалі, каб іх дзяцей вучылі на пап’ямента. Не было слоўнікаў, падручнікаў, праграм, усё гэта стваралася актывістамі наноў. Цікава, што два з трох астравоў ABC, Кюрасаа і Банайрэ, абралі фанетычны прынцып напісання, а Аруба — этымалагічны. Зрэшты, гэта не замінае тром астравам мець супольную акадэмічную прастору.

І вось калі ўсё ўжо было падрыхтавана і ўлады пастанавілі перавесці большасць пачатковых школ на родную мову — у школы з нідэрландскай мовай навучання вырасла чарга. Прэстыж мовы — штука глыбейшая за этнічныя і нават расавыя адрозненні.

Нідэрландскія Антыльскія астравы

гэта Кюрасаа (160 тысяч жыхароў), Аруба (120 тысяч) і Банайрэ (20 тысяч). Усе тры гэтыя былыя нідэрландскія ўладанні багацейшыя, чым былыя ці цяперашнія французскія і англійскія антыльскія калоніі і тэрыторыі. Нагадаем, што сярод іншых Падветраных і Наветраных малых антыльскіх астравоў — Трынідад і Табага, Марцініка, Гвадэлупа, Барбадос, Грэнада, Дамініка, Сэнт-Люсія, Сэнт— Вінсэнт і Грэнадзіны ды іншыя. Амаль усе яны жывуць з турызму.

Каштоўнае сваё

Кюрасаа не надта прыдатнае месца для земляробства: не глеба, а суцэльны камень. Ежа — адзін з важных артыкулаў імпарту для гэтай маленькай краіны. Баржы з садавіной штодзённа прыбываюць сюды. Выбіраеш на пірсе ананас — і яго тут жа, на баржы, пачысцяць, разрэжуць і скінуць у рукі ў пакеце гатовым для спажывання.

Сімвал Падветраных астравоў — дрэва дзіві-дзіві (Caesalpinia coriaria), якое ад заўсёдных вятроў з усходу абавязкова нахіленае на захад. DEPOSITPHOTOS.COM, BY NILAYA

Сімвал Падветраных астравоў — дрэва дзіві-дзіві (Caesalpinia coriaria), якое ад заўсёдных вятроў з усходу абавязкова нахіленае на захад. DEPOSITPHOTOS.COM, BY NILAYA

Тым не менш на кожным кроку ў Вілемстадзе растуць пальмы, бананы і цвіце бугенвілея. Але каб зразумець прыроду Кюрасаа, варта паехаць у Нацыянальны запаведнік Крыстофельпарк, адкрыты ў 1978 годзе на паўночным захадзе вострава.

Бугенвілеі на Кюрасаа цвітуць круглы год. SIR-ABCISLANDS.COM

Бугенвілеі на Кюрасаа цвітуць круглы год. SIR-ABCISLANDS.COM

Нам, еўрапейцам, запаведнік уяўляецца хутчэй як непралазныя зараснікі, нейкія некранутыя джунглі. На Кюрасаа ўсё наадварот: ад прывезеных раслін тут зберагаюць натуральны ландшафт вострава. Вулканічныя пароды і сціплыя сукуленты — вось сапраўдны краявід Кюрасаа. Абыякавыя да ўсяго ігуаны. І мора вакол, канечне.

А разнастайныя пальмы, высаджаныя на ўзбярэжжы і па ўсёй сталіцы на пацеху турыстам, і нават апельсінавае дрэва, што трапіла на герб Кюрасаа, — прывезеныя ў XVI стагоддзі іспанцамі.

Сваіх памерлых жыхары Кюрасаа не закопваюць: няма ў што, суцэльны камень. Для пахаванняў будуюцца сямейныя крыпты. Цела памерлага замуроўваюць у бетон.

Завод, які зрабіў Кюрасаа прамысловым гігантам

Калі ў 1863 годзе на Кюрасаа скасавалі рабства, многія рабы ўцяклі на цукровыя плантацыі Кубы. Тыя, што засталіся, аддавалі за права карыстацца зямлёй большую частку свайго ўраджаю арахісу, кукурузы, садавіны.

У 1914 годзе ў Венесуэле знайшлі нафту, а на Кюрасаа брытанска-нідэрландская кампанія Shell пабудавала нафтаперапрацоўчы завод, якому спатрэбіліся рабочыя. Некалькі дзесяцігоддзяў эканамічнага росту далі магчымасць задумацца і пра грамадзянскія правы.

У маі 1969-га выбухнуў пратэст: рабочыя НПЗ патрабавалі ўдзелу ў кіраванні краінай і расавага раўнапраўя. Два пратэстоўцы загінулі, 22 паліцэйскія пацярпелі, аднак рэакцыяй на пратэсты сталі рэформы. Пасля паўстання быў упершыню выбраны цемнаскуры прэм’ер-міністр. Больш аддаленым наступствам паўстання стаў рост нацыянальнай ідэнтычнасці, а яе цэнтральным элементам стала мова пап’ямента.

Вілемстад, 1969 год. Рэакцыяй на пратэсты сталі дэмакратычныя рэформы. CURACAOCHRONICLE.COM

Вілемстад, 1969 год. Рэакцыяй на пратэсты сталі дэмакратычныя рэформы. CURACAOCHRONICLE.COM

У цэлым працэс дэкаланізацыі Нідэрландскіх Антыльскіх астравоў ішоў паступова і амаль бяскроўна. Пасля 1960-х Нідэрланды зразумелі, што пара каланіяльных адносін мінула і трэба будаваць адносіны на іншых асновах.

Энергетычныя крызісы 1973 і 1979—1980 гадоў негатыўна адбіліся на галіне, нафтаперапрацоўка на Кюрасаа стала стратнай — і Shell прадаў завод мясцоваму ўраду за сімвалічны 1 гульдэн. Гэта быў цяжкі час для краю: абвалілася таксама і эканоміка Венесуэлы, а з ёй упаў турызм, да ўсяго ЗША абнавілі падатковае заканадаўства — прыбыткі ад афшорных фінансавых паслуг зменшыліся.

Бэтыка Крус — лідар незалежніцкага руху на востраве Аруба, дзякуючы смеласці якога Нідэрландскія Антыльскія астравы дабіліся поўнага самакіравання. WIKIMEDIA COMMONS

Бэтыка Крус — лідар незалежніцкага руху на востраве Аруба, дзякуючы смеласці якога Нідэрландскія Антыльскія астравы дабіліся поўнага самакіравання. WIKIMEDIA COMMONS

Апошнім часам дзяржава шукае, каму б прадаць стары нафтавы завод, бо Венесуэла, якая шмат гадоў брала яго ў канцэсію, не выплаціла нават тыя заніжаныя сумы, што мела плаціць паводле кантракта. Аднак з прычыны кепскага ўздзеяння на экалогію рэгулярна ўздымаецца пытанне пра яго мадэрнізацыю ці нават закрыццё. Па дадзеных за 2018 год, Кюрасаа займала другое месца ў свеце па выкідах вуглякіслага газу ў атмасферу — і прычына менавіта ў нафтаперапрацоўцы.

Згубіць 8% ВУП, якія дае нафтаперапрацоўка, — вельмі страшна. Аднак на парадак большую долю бюджэту прыносіць турызм. Кіроўца аўтобуса тут атрымлівае каля 2000 долараў ЗША, прафесар універсітэта — каля 5500 долараў.

  Нафтаперапрацоўчы завод на Кюрасаа з крыніцы прыбыткаў ператварыўся ў крыніцу галаўнога болю. Венесуэла, якая брала яго ў канцэсію, у апошнія гады стала краінай-банкрутам. DEPOSITPHOTOS.COM, BY DBVIRAGO

Нафтаперапрацоўчы завод на Кюрасаа з крыніцы прыбыткаў ператварыўся ў крыніцу галаўнога болю. Венесуэла, якая брала яго ў канцэсію, у апошнія гады стала краінай-банкрутам. DEPOSITPHOTOS.COM, BY DBVIRAGO

І выбіраюць у Еўрапарламент

Нягледзячы на пратэсты 1969 года, краіна і сёння застаецца часткай Каралеўства Нідэрланды. Але востраў мае ўласны парламент з 21 прадстаўніка і ўласнага прэм’ер-міністра.

Кюрасаа мае досыць шырокую аўтаномію. Яе грамадзяне галасуюць на выбарах у Еўрапарламент, краіна бярэ ўдзел у інвестыцыйных праграмах Еўрасаюза, студэнты могуць удзельнічаць у праграме акадэмічных абменаў Erasmus. Але калі спытаць у мясцовага, чаму краіна не ўводзіць еўра, той здзіўлена ўздыме бровы: навошта? Нідэрландам аддалі пытанні замежнай палітыкі і абароны, іх меркаванне ўлічваецца пры планаванні бюджэту, але за права самім кіраваць краінай было заплачана досыць дорага, і яго цэняць.

  Адміністрацыйны цэнтр Кюрасаа, горад Вілемстад, выглядае як маленькі Амстэрдам.WIKIMEDIA COMMONS

Адміністрацыйны цэнтр Кюрасаа, горад Вілемстад, выглядае як маленькі Амстэрдам.WIKIMEDIA COMMONS

Уезд па Шэнгенскай візе

Каб паляцець на Кюрасаа, не патрэбна асобная віза, дастаткова турыстычнага шэнгену.

Самы танны маршрут на Кюрасаа — праз Амстэрдам.

Самы танны абед на адну асобу абыдзецца ў 10 долараў, 50 долараў за ланч тут — самая звычайная цана. Найхутчэй, вам пададуць кавалачак рыбы, курыцы або ялавічыны, а да яго — салату. Практычна нідзе вам не прапануюць да ежы хлеб, на гарнір вы можаце атрымаць гародніну: спаржавую фасолю, бульбу і смажаныя бананы. Свініна тут лічыцца ежай для беднякоў.

Пляжы на Кюрасаа паўсюдна платныя, а там, дзе плаціць не трэба, няма і ахоўных сетак у вадзе — ад акул. Уваход на пляж каштуе каля 3,5 долара, карыстанне парасонам з трыснягу ці шэзлонгам — за асобную плату. 

Пляжы на Кюрасаа паўсюдна платныя, а там, дзе плаціць не трэба, няма і ахоўных сетак у вадзе — ад акул. Уваход на пляж каштуе каля 3,5 долара, карыстанне парасонам з трыснягу ці шэзлонгам — за асобную плату. 

Грамадскага транспарту на востраве няма, толькі нешматлікія маршруткі. Пры гэтым турыста заўсёды падвязуць, нават калі для гэтага трэба зрабіць круг і змяніць звыклы для астатніх пасажыраў маршрут.

Кюрасаа — бяспечная краіна. Самы жудасны кашмар для кожнага датычнага да турбізнэсу (а тут усе да яго маюць дачыненне) — калі з турыстам нешта здарыцца. Калі ўласніку турыстычнага аўтобуса паведамілі, што яго кіроўца збіў лэдзі, адзінае, пра што ён марыў, — каб лэдзі была мясцовая. Таксама кепска, але падставаў для хвалявання значна меней.

Па шмат дзён, як правіла, тут не адпачываюць. Турысты з Канады і ЗША звычайна прыплываюць на лайнеры, цешацца з чыстай вады і багатай падводнай фаўны, гуляюць вечар-другі на закрытых вечарынках (з вуліцы іх не ўбачыш, бо ўсё адбываецца ва ўнутраных дворыках за спакойнымі і чапурыстымі галандскімі фасадамі) — і рушаць далей. А кюрасаанцы застаюцца жыць у невялічкіх вілах ля мора, пад ветрам, які тут заўсёды дзьме з усходу.

Смажаныя бананы — тыповая мясцовая страва

Надта дзіўна бачыць у крамах трапічнай краіны зеленаватыя бананы. Ну ў іх жа ўжо няма неабходнасці зрываць садавіну няспелай, каб давезці праз акіян! Але менавіта зеленаватыя бананы патрэбныя для прыгатавання папулярнага на Кюрасаа гарніру.

У Беларусі смела набывайце для смажання недаспелыя бананы: абавязкова без цёмных плям!

Іх трэба нарэзаць на кружкі або авальныя лустачкі таўшчынёй 1—1,5 см.

На патэльні растапіце масла (можна на алеі, але з маслам смачней), пакладзіце бананы і пару хвілін не чапайце, каб утварылася хрусткая скарынка. Пераварочваем — і яшчэ пару хвілін. Пасля ўсяго бананы варта адкінуць на друшляк. Усярэдзіне бананы мусяць застацца мяккімі і вязкімі.

Калі гэта гарнір — падсаліце, калі дэсерт — дадайце мёд, арэхі, рыкоту, марозіва і можна кропельку рому.

Фірмовы лікёр «Кюрасаа»

Лікёр «Кюрасаа». DEPOSITPHOTOS.COM, BY LOGOFF

Лікёр «Кюрасаа». DEPOSITPHOTOS.COM, BY LOGOFF

Апельсінавыя дрэвы з Севільі, прывезеныя ў 1527 годзе іспанцамі, на камяністай глебе Кюрасаа здзічэлі, раслі кепска і давалі занадта горкія і валакністыя плады, непрыдатныя для ежы. Здзічэлыя цытрусавыя атрымалі назву ларáха, а з лупінаў іх няспелых пладоў сталі атрымліваць духмяны алей, які стаў асновай фірмовага лікёру «Кюрасаа».

Прыдумаў гэты напой Лукас Болс (1652—1719), ён жа надаў яму сіні колер як намёк на своеасаблівую алхімічную таямніцу. У якасці асновы для класічнага лікёру «Кюрасаа» выкарыстоўваюць спірт з цукровага трыснягу, мацунак напою можа быць ад 15° да 40°.

Dushi!

label.reaction.like
39
label.reaction.facepalm
2
label.reaction.smile
2
label.reaction.omg
3
label.reaction.sad
3
label.reaction.anger
4