Забруджаная спадчына Беларусі. Ці можна яе ўбачыць і наколькі гэта бяспечна?

Калі гаворка ідзе пра Чарнобыльскую зону, то першае, што прыходзіць у галаву — гэта гарады-прывіды, занядбаныя садочкі і лякарні, могілкі караблёў і падобныя постапакаліптычныя краявіды з гульні «Сталкер». Але не ўсе ведаюць, што на забруджанай тэрыторыі знаходзяцца таксама і гістарычныя помнікі. З нагоды 38-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС «Моцныя навіны» пацікавіліся, якая спадчына Беларусі пацярпела ад радыяцыі і ці ёсць магчымасць яе ўбачыць сёння.

26.04.2024 / 16:24

Сядзіба Прозараў у Астраглядах

Вёска Астрагляды была расселеная ў 1986 годзе пасля аварыі на ЧАЭС. Цяпер гэта тэрыторыя Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.

З канца XVIII стагоддзя ўласнікам Астраглядаў быў апошні абозны ВКЛ (калі на сучасныя рэаліі — гэта як намеснік міністра абароны краіны) Караль Прозар, які называў сябе «Графам на Хойніках і Астраглядавічах». Яго сын пабудаваў тут палац у стылі ампір.

Палац, мяркуючы па захаваных апісаннях, выглядаў шыкоўна як звонку, так і знутры. У інтэр’еры, напрыклад, былі кафлевыя печы, вінтавая лесвіца, столь з выявай зорнага неба з месяцам, ляпніна, разныя мармуровыя коміны, шмат карцін і багатая мэбля. Была бібліятэка і раскошная гардэробная з сукенкамі і капелюшамі жонкі пана Соф’і Прозаравай.

За 101 год да аварыі, у 1885 годзе, унук Караля Канстанцін, змарнаваўшы ўсю сваю спадчыну, прадаў Астрагляды. Новым гаспадаром стаў нейкі Рыбнікаў, які прыдумаў зладзіць у будынку лазню. Авантура скончылася пажарам.

У 1912 годзе палац у руінах выкупіў Альгерд Гардзялкоўскі. У яго былі планы адбудаваць палац, але Першая сусветная вайна гэтаму перашкодзіла. Пасля ён з’ехаў у Польшчу. Па словах мясцовых, «пасля рэвалюцыі пан спірт (у Астраглядах быў спіртзавод) выпусціў у канаву і хадзіли, гавораць, людзі лыжкамі збіралі, паверху плаваў. Цыстэрны ўсе зліў у канаву».

Мясцовыя разабралі палац на будматэрыялы. Да нашых часоў захаваўся адзін з флігеляў з калонамі, дамы рабочых ды сажалка. Да аварыі мясцовыя жыхары працягвалі карыстацца гаспадарчымі пабудовамі і збіралі яблыкі ў садзе.

Будынак «папоўскай» школы ў Бабчыне

Вёска Бабчын таксама была расселеная ў 1980-х гадах пасля аварыі на ЧАЭС і цяпер месціцца на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.

Тут у адносна добрым стане захваўся будынак царкоўна-прыходскай школы, пабудаваны прыкладна ў 1905 годзе. Гісторыкі мяркуюць, што фінансавалі будаўніцтва ўласнікі суседняга Рудакова Ваньковічы. Бо іх палац будавалі з той жа цэглы — з кляймом у выглядзе літары W.

У школы слаўная гісторыя. Да таго, як тут з’явіўся цагляны будынак, установа была драўляная. Тут вучылі дзяцей, каб тыя здавалі экзмен і атрымлівалі льготы пры адбыванні вайсковай павіннасці. У Расійскай імперыі наяўнасць пачатковай адукацыі давала магчымасць скараціць службу на 2 гады (4 замест 6-ці).

Захавалася інфармацыя, як праходзіў такі экзамен. Так, цікава, што на вусны іспыт прыехаў Ваньковіч з Рудакова, сам задаваў некаторыя пытанні і так быў задаволены выдатнымі адказамі, што самым выбітным вучням даў грашовыя ўзнагароды ад 2 да 3 рублёў, а аднаму нават свой гаманец.

Поспехі вучняў тлумачылі выдатнымі педагагічнымі здольнасцямі прыходскага святара Міхаіла Драздоўскага. Яго добрым словам успаміналі мясцовыя старажылы.

Руіны Траецкай царквы ў Саматэвічах

Вёска Саматэвічы знаходзіцца ў Магілёўскай вобласці ў зоне далейшага адсялення. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС жыхары паселішча ў 1991 годзе былі пераселеныя ў пасёлак Новыя Саматэвічы за 20 кіламетраў ад вёскі. 30 чэрвеня 2015 года паселішча было ліквідавана, зруйнаваныя больш за 1,5 тысячы пабудоў, акрамя царквы. Так яна выглядала за 6 гадоў да аварыі.

Версіі пра будаўніцтва розняцца, вось адна з іх. У пачатку 1840-х княгіня Настасся Галынская, адчуваючы набліжэнне смерці, аддала распараджэнне аб будаўніцтве новага каменнага храма ў Саматэвічах. Па легендзе, архітэктарам стаў сябар Канстанціна Тона — архітэктара, па праекце якога быў узведзены Храм Хрыста Збавіцеля ў Маскве. Яшчэ адна з легендаў абвяшчае, што архітэктару заплацілі столькі, колькі залатых манет змесціцца ў ягоным капелюшы.

У Настассі была дастаткова незвычайная перадсмяротная воля, тэкст прыкладны: «Я пражыла жыццё, поўнае граху. Пахавайце мяне ўнутры храма так, каб людзі па костках маіх хадзілі, а нада мною стаяў алтар». Увесну 1842 года яе не стала. Княгіню пахавалі ў склепе, які знаходзіўся практычна ў цэнтры храма.

У 1930-я гады савецкія ўлады зачынілі царкву, якую перарабілі пад зернесховішча, а пазней — пад лядоўню, дзе хавалі тушы забітых калгасных жывёл.

Сёння нават у такім занядбаным стане царква працягвае ўражваць. Яе вышыня ад падлогі да купала — 30 метраў (як дзесяціпавярховы дом).

Саматэвічы таксама вядомыя як радзіма паэта Аркадзя Куляшова. Нягледзячы на ​​тое, што вёску пасля трагедыі на ЧАЭС зраўнялі з зямлёй, там і цяпер можна знайсці зарослы мемарыяльны камень, на месцы якога некалі стаяў яго дом.

Сядзіба Герардаў у Дзям’янках

Дзям’янкі месцяцца ў Добрушскім раёне ў зоне далейшага адсялення. Масава жыхары адсюль з’ехалі ў 1993 годзе, акрамя адной сямейнай пары. 3 2013 года тут застаўся толькі адзін чалавек. А таксама — прыгожая сядзіба Мікалая Герарда, які валодаў гэтымі землямі да рэвалюцыі. Ён быў вядомым расійскім дзяржаўным дзеячам, які ў 1905-1908 гадах стаў генерал-губернатарам Фінляндыі. Сядзібны дом разам з паркам і цагляным мостам унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Сядзібу пабудавалі ў другой палове XIX стагоддзя ў стылі мадэрн з элементамі псеўдарускага стылю.

Пасля рэвалюцыі ў будынку размясцілі псіханеўралагічны інтэрнат. Унутры захавалася каваная лесвіца, якой больш за 100 гадоў. А сапраўдным упрыгожваннем сядзібнага комплексу з’яўляецца чатырохарачны мост.

Да ўсіх гэтых аб’ектаў можна дабрацца і ўбачыць на ўласныя вочы.

Тыя, што месцяцца на тэрыторыі Палескага запаведніка, уваходзяць у экскурсію. Аднак знаходзяцца Астрагляды і Бабчын у розных баках і адпаведна — у праграме двух розных маршрутаў. То-бок за адзін заезд можна будзе ўбачыць толькі адзін з гэтых аб’ектаў.

Кошт такой паслугі залежыць ад колькасці чалавек у групе і самога маршруту. Плюс варта ўлічваць, што трэба аформіць дазвол на наведванне забруджанай тэрыторыі, а на гэта можа пайсці некалькі дзён.

Ёсць і іншая магчымасць наведаць любое месца ў зоне адчужэння або адсялення — падчас Радаўніцы. Сёлета гэта чатыры дні з 11 мая па 14 мая. У гэты перыяд дазвол не патрабуецца.

Калі ж у гэтыя дні не атрымліваецца, то можна звярнуцца да гідаў, якія ладзяць туры па забруджаных тэрыторыях — і ўжо з іх дапамогай выправіцца ў падарожжа.

Свята-Міхайлаўская царква з Вылева

Вёска Вылева месцілася ў Добрушскім раёне. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС жыхары былі пераселеныя ў 1990-1992 гадах, а сама вёска ліквідаваная ў 2005-м. Тут знаходзілася царква з самай унікальнай гісторыяй сярод усіх помнікаў, што пацярпелі ад Чарнобыльскай аварыі.

Драўляную царкву святога Архангела Міхаіла пабудавалі ў 1909 годзе на месцы старой струхлелай. Пасля аварыі з вёскі выселілі ўсіх жыхароў, застаўся толькі протаіерэй Васіль Канцавы, каб прыглядваць за храмам. Ён жыў адзін у сваім доме, аднак пасля таго, як там здарыўся пажар, вымушаны быў з’ехаць. Але храм пакідаць проста так не хацелі і вырашылі перанесці.

Цяпер царква месціцца на тэрыторыі парку «Фестывальны» ў Гомелі. Яна дзейнічае як храм-помнік ахвярам Чарнобыльскай катастрофы і гэта адзіная ў Беларусі царква, перавезеная з Чарнобыльскай зоны адчужэння.

«Чарнобыльская калекцыя»

У Беларусі і Украіне ў 1990-х былі арганізаваныя дзяржаўныя экспедыцыі па выратаванні і вывучэнні кінутай культурнай спадчыны ў зоне адчужэння. Тады вывезлі каля 2 тысяч прадметаў матэрыяльнай культуры. Цяпер гэтыя рэчы захоўваюцца ў аддзеле старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і складаюць асобную «Чарнобыльскую калекцыю».

Навукоўцы, што ўдзельнічалі ў «чарнобыльскіх» экспедыцыях, мылі сабраны скарб у рэках і калодзежах шчоткамі і пяском. Намагаліся збіраць рэчы менавіта пад стрэхамі пакінутых хат — радыяцыйны пыл туды, як правіла, менш трапляў. Пасля гэтага рэчы яшчэ апрацоўвалі ў Мінску. Па словах супрацоўнікаў, цяпер яны не «фаняць».

Сабраныя там рэчы сапраўды ўнікальныя: жорны не з каменю, а чыгунных кліноў, калаўрот з дадатковымі элементамі-трубкамі, ткацкі станок з паднебнікамі, што чапляюцца да столі, нажная ступа і шмат-шмат іншых цікавых прадметаў.

Цэнтр можна наведаць бясплатна, але толькі ў складзе групы і толькі па папярэднім запісе. Месціцца ён у Мінску па вул. Сурганава, д. 1/2.

Што яшчэ?

Акрамя сядзіб і храмаў, а таксама пахаваных пад зямлёю хатак, у зоне адчужэння знаходзіцца безліч помнікаў археалогіі: старажытныя стаянкі, курганы, магілы, селішчы. Напрыклад, толькі ў Магілёўскай вобласці такіх 924. Пакуль няма магчымасці іх бяспечна даследаваць, хаця ахвочых «чорнакапальнікаў», ласых да старажытных скарбаў, шмат.

А яшчэ тэрыторыя багатая брацкімі магіламі часоў Другой сусветнай вайны і ваеннымі помнікамі.

Вось адзін нетыповы — у вёсцы Спярыжжа. Гэта радзіма вядомага ліквідатара аварыі на ЧАЭС Васіля Ігнаценкі.

Адзіную славутасць Клімавічаў фактычна знеслі ФОТА

Згублены замак на Палессі, касцёлы ды савецкі тэатр. Што дзяржава возьме пад ахову сёлета

На старых могілках у Гродне паваліўся 222-гадовы помнік. І не факт, што будуць падымаць

Nashaniva.com