Макрон: Еўропе пагражае гібель, ёй трэба будзе прыняць важныя рашэнні

Прэзідэнт Францыі выступіў з суровымі папярэджаннямі.

26.04.2024 / 07:09

Эмануэль Макрон. Фота: Christophe Ena / AP

Еўропа павінна пазбавіцца ад сваёй добраахвотнай наіўнасці, у адваротным выпадку ёй можа пагражаць гібель. Гэта суровае папярэджанне лягло ў аснову прамовы Эмануэля Макрона, з якой ён выступіў у чацвер у Парыжы, піша Бі-бі-сі.

Прэзідэнт Францыі, які выступіў з двухгадзіннай прамовай ва ўніверсітэце Сарбона, адзначыў, што калі Еўропа хоча выжыць у зменлівым свеце, яна павінна рэагаваць хутка.

«Мы павінны ўсвядоміць, што наша Еўропа смяротная. Яна можа памерці. Усё залежыць ад выбару, які мы робім, і гэты выбар неабходна зрабіць цяпер», — сказаў ён.

Прамова Макрона была працягам яго знамянальнай прамовы ў Сарбоне ў 2017 годзе, калі, неўзабаве пасля ўступлення на пасаду, ён упершыню заклікаў Еўрапейскі Саюз рухацца да большай самадастатковасці ў абароне і эканоміцы.

Прамова, якую ён сказаў усяго за некалькі тыдняў да еўрапейскіх выбараў, таксама разглядалася як спроба актывізаваць млявую кампанію яго партыі адраджэння.

На дадзены момант яна моцна адстае ад ультраправай партыі Марын Лё Пен.

Песімістычна ацэньваючы негатоўнасць Еўропы да «змены парадыгмы», з якой цяпер сутыкаецца свет, Макрон заявіў, што варожасць з боку Расіі, адсутнасць цікавасці з боку ЗША і канкурэнцыя з боку Кітая могуць ператварыць ЕС у «маргіналізаваную» супольнасць з нізкім рэйтынгам.

«Эра, калі ЕС купляў энергію і ўгнаенні ў Расіі, перадаваў сваю вытворчасць Кітаю і залежаў ад ЗША ў плане сваёй бяспекі, гэтая эра скончылася», — сказаў ён.

Ён заклікаў еўрапейскіх лідараў у адказ быць гатовымі да «маштабных стратэгічных рашэнняў» у галіне абароны і эканомікі, падкрэсліўшы, што для еўрапейскіх інтарэсаў зараз неабходная вялікая доза пратэкцыянізму.

Паводле яго слоў, Еўропе неабходна стварыць надзейную незалежную сістэму абароны, каб у выпадку неабходнасці яна магла пачаць вайну без дапамогі ЗША.

Прэзідэнт Макрон дадаў, што еўрапейскім войскам не трэба аб'ядноўвацца, але яны павінны мець агульныя мэты, такія як стварэнне ў канчатковым выніку агульнакантынентальнага супрацьракетнага шчыта, і заклікаў да стварэння Еўрапейскай вайсковай акадэміі.

Паколькі і Кітай, і ЗША — найбуйнейшыя эканомікі свету — «больш не паважаюць правілы» адкрытага міжнароднага гандлю, жыццёва важна, каб ЕС змагаўся сам за сябе. «Мы не можам быць адзінымі, хто выконвае правілы, — сказаў ён, — мы занадта наіўныя»»

Прэзідэнт Макрон сказаў, што ён цалкам свядома адмовіўся выключыць адпраўку сухапутных войскаў ва Украіну, пра што ён упершыню заявіў у лютым. Ён заявіў, што «стратэгічная двухсэнсоўнасць» з'яўляецца важнай часткай новага геапалітычнага парадку. «Чаму мы павінны гаварыць рускім, дзе наш ліміт?»— спытаў ён.

Макрон таксама сказаў, што Еўропе неабходна паказаць, што «мы не проста васалы Злучаных Штатаў… што мы балансуючая сіла, якая адхіляе біпалярны [свет]. Мы не проста маленькая частка Захаду»»

Прэзідэнт таксама заявіў, што адной з самых вялікіх рызык для выжывання Еўропы з'яўляецца яе ўласная дэмаралізацыя. «Еўропа можа памерці сама па сабе,» сказаў ён. — Рызыка ў тым, што мы ўсе прывыклі недаацэньваць саміх сябе»»

Таму ён заклікаў еўрапейцаў зноў прыняць каштоўнасці, якія зрабілі кантынент асаблівым.

«Мы не такія, як астатнія. Мы ніколі не павінны забываць пра гэта, — заявіў Макрон. — Гэта не проста кавалак зямлі, гэта канцэпцыя чалавецтва»»

Папярэджваючы пра небяспекі, звязаныя з анлайн-дэзынфармацыяй, гвалтам і парнаграфіяй, ён заявіў, што адказам Еўропы павінна стаць увядзенне 15-гадовага ўзроставага парога для доступу да сацыяльных сетак: «мы павінны вярнуць сабе кантроль над жыццём нашых дзяцей».

Тон прэзідэнта быў прыкметна больш алармісцкім, чым сем гадоў таму, але, па яго словах, з тых часоў шмат чаго адбылося.

Ён радаваўся, што еўрапейцы, здаецца, нарэшце прачнуліся ад сваёй «наіўнасці«, але папярэдзіў, што яны да гэтага часу не ў поўнай меры ўсведамляюць, што «мы не ўзброеныя супраць рызык, з якімі сутыкаемся».

Гэта абнадзейлівая прамова для яго перадвыбарчага лагера на чале з малавядомай Валеры Хеер, бьо гэтая прамова перамяшчае Францыю ў цэнтры еўрапейскіх дэбатаў і падкрэслівае перавагу Mакрона над іншымі лідарамі ЕС.

Небяспека заключаецца ў тым, што яна таксама выстаўляе гэта адраджэнне як тэатр аднаго акцёра, і ставіць яго поспех у поўную залежнасць ад дзеянняў французскага прэзідэнта.

Макрон: Не можа быць працяглага міру, калі не будзе вяртання да міжнародна прызнаных межаў Украіны з Крымам уключна

Макрон хоча абвясціць перамір'е ва Украіне на час Алімпіяды

Чым Пуцін давёў Макрона?

Nashaniva.com