СБУ заявіла пра знішчэнне расійскай радыёлакацыйнай станцыі
РЛС коштам 100 млн даляраў знішчылі сем дронаў-камікадзэ, ператварыўшы яе ў друшляк.
16.04.2024 / 12:49
Ілюстрацыйнае фота
Служба бяспекі Украіны (СБУ) паведаміла аб знішчэнні РЛС далёкага дзеяння ў Бранскай вобласці, якая кантралявала неба на 700 км углыб Украіны.
Па даных СБУ, знішчаны мадэрнізаваны комплекс «Неба-У», з дапамогай якога расійскія вайскоўцы адсочвалі ўкраінскія сродкі паразы і наводзілі на цэлі свае бамбардзіроўшчыкі.
РЛС коштам 100 млн даляраў знішчылі сем дронаў-камікадзэ самалётнага тыпу.
Крыніцы ў СБУ паведамілі выданню РБК-Украіна, што комплекс «Неба-У» больш не працуе і, «верагодна, ператварыўся ў друшляк».
Знішчэнне радара (калі яно пацвердзіцца) знізіць магчымасці Расіі па выяўленні паветраных цэляў уздоўж паўночнай мяжы Украіны, што павінна дапамагчы УСУ весці разведку, запускаць беспілотнікі і больш якасна выкарыстоўваць вайсковую авіяцыю на гэтым участку.
Крыніцы ў СБУ паведамілі украінскім выданням, што гэта ўжо другі комплекс «Неба-У», выведзены са строю ўкраінскай контразведкай. Першы быў знішчаны ў Белгародскай вобласці.
Расійскія вайскоўцы паведамленні аб знішчэнні Украінай РЛС у Бранскай вобласці, як і паведамленні аб вывядзенні са строю радара ў Белгарадскай вобласці, не каментавалі.